Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былыя вязьні КДБ і сваякі цяперашніх вязьняў пра візавыя санкцыі Эўразьвязу


Рада Эўрапейскага зьвязу ўхваліла візавыя санкцыі супраць 158 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі старэйшымі сынамі. Апрача таго іхныя актывы ў краінах Эўразьвязу будуць замарожаныя.

Перш за ўсё былыя вязьні КДБ і сваякі тых, хто застаецца ў засьценках «амэрыканкі», зь якімі ўдалося пагутарыць, выказваюць падзяку за тое, што Эўразьвяз патрабуе вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў і ўводзіць санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі ды шырокага кола прадстаўнікоў ягонага рэжыму. Яны лічаць увагу міжнароднай супольнасьці да сытуацыі ў Беларусі вельмі важнай. Але ў далейшых ацэнках разыходзяцца нават тыя, хто толькі што выйшаў зь СІЗА КДБ.

Сяргей Вазьняк
Тое, што санкцыі супраць беларускіх уладаў аказаліся больш мяккімі, чым заклікаў Эўрапарлямэнт, што няма эканамічных абмежаваньняў, а толькі ёсьць толькі візавыя, былы вязень СІЗА КДБ Сяргей Вазьняк лічыць правільным рашэньнем:

«Лічу, што гэта адэкватны адказ, паколькі наша ўлада, відаць, пачала адмаўляцца ад жорсткага варыянту і пачала зьмякчаць сваю пазыцыю ў адносінах да людзей, якія былі арыштаваныя, а частцы з нас зьмененая мера стрыманьня. І нармальна тады, што і Эўразьвяз таксама адмовіўся ад жорсткага варыянту».

Натальля Радзіна
А вось Натальля Радзіна, якая таксама як і Сяргей Вазьняк была днямі вызваленая зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе, заявіла Свабодзе, што аднаўленьня візавых санкцыяў супраць Лукашэнкі мала, патрэбныя яшчэ і эканамічныя:

«Я пабойваюся, што беларускія чыноўнікі могуць гэта разглядаць у нейкай ступені як ухваленьне таго бяспраўя, якое адбываецца ў Беларусі. Калі гаварыць мовай фактаў, то давайце згадаем, што раней сьвет дамогся вызваленьня палітвязьняў у Беларусі толькі калі ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі. Тады сапраўды ў нас усе палітзьняволеныя хутка павыходзілі на волю і зь іх былі зьнятыя ўсе абвінавачваньні. З нас жа абвінавачваньняў ніхто не здымаў, з нас па-ранейшаму спрабуюць зрабіць злачынцаў».

Жонка палітвязьня Анатоля Лябедзькі Сьвятлана ня так катэгарычная, як спадарыня Радзіна, але яна таксама сумняецца ў выніковасьці візавых санкцыяў адносна беларускіх уладаў:

«Візавыя санкцыі ўжо былі насамрэч. На кагосьці яны, можа, і робяць нейкі ўплыў. Асабіста мая думка, што істотна яны наўрад ці зрушаць сытуацыю тут. Сам Лукашэнка ня раз казаў, што ён да гэтых візавых санкцыяў абыякавы».

Тацяна Севярынец
Маці іншага палітвязьня, Паўла Севярынца, Тацяна спадзяецца, што гэтыя санкцыі Эўразьвязу і іншы міжнародны ціск на афіцыйны Менск прывядуць да вызваленьня і яе сына, і іншых палітвязьняў ды да нейкіх пазытыўных зьменаў у Беларусі:

«Любыя санкцыі вельмі патрэбныя, каб спыніць цяперашні „разгул дэмакратыі“, таму што пакутуюць людзі, сядзяць нявінныя, краіна загразнула ў хлусьні. Я б хацела, каб гэтыя санкцыі былі яшчэ больш жорсткія. І ўвогуле Эўразьвяз павінен патрабаваць і прызначэньня другіх прэзыдэнцкіх выбараў, і судзіць гэтага вечнага нашага пераможцу».

Мілана Міхалевіч
Жонка Аляксея Міхалевіча Мілана спадзяецца, што ціск Эўразьвязу і ЗША ўсё ж паўплывае на рэжым у Менску і на лёс яе мужа:

«Трэба выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі перамоваў для таго, каб невінаватыя людзі былі на свабодзе, прычым на свабодзе, а не пад хатнім арыштам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG