Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Салаўёва дапыталі ў КДБ


Зьміцер Салаўёў

Зьміцер Салаўёў

Старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва дапыталі ў КДБ. Паводле актывіста, сьледчы спэцслужбы Андрэй Махуноў распытваўся ў яго пра падзеі, якія адбываліся 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. На пытаньні сьледчага актывіст адказваў пісьмова ўласнаруч. Усяго пытаньняў было каля пятнаццаці.

Салаўёў: «Сярод пытаньняў былі: як я трапіў на плошчу, каго там я бачыў, хто заклікаў куды, ці ведаю я каго з тых, хто біў шкло ў Доме ўраду? Зразумела, што ў КДБ на зьняволеных былых кандыдатаў у прэзыдэнты і грамадзкіх актывістаў няма фактаў іх віны, таму яны выведваюць і чапляюцца за кожную драбязу. А тут Лукашэнка заявіў, што ў лютым будуць іх судзіць. А справа развальваецца. У забраным у мяне кампутары падчас ператрусу яны знайшлі верш Янкі Купалы „На сход“. Камітэтчык запытаўся, каму ён належыць. Я прызнаўся, што яго напісаў Янка Купала».

Падчас ператрусу, які адбыўся ў кватэры актывіста 15 студзеня, супрацоўнікі КДБ, акрамя сыстэмнага блёку кампутара, забралі відэакамэры з запісам падзеяў на Плошчы, электронныя носьбіты інфармацыі ды два бел-чырвона-белыя сьцягі.

У КДБ Зьмітра Салаўёва выклікалі другі раз. 12 студзеня яго выклікалі, каб паведаміць, што ён пастаўлены ў спэцслужбе на прафіляктычны ўлік — за тое, што ў 2010 годзе ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах і арганізоўваў іх.
XS
SM
MD
LG