Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз аднавіў прыпыненыя ў 2008 годзе візавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх функцыянэраў. Яны будуць датычыць 158 прадстаўнікоў рэжыму ўлучна з прэзыдэнтам Лукашэнкам і двума ягонымі сынамі. Замарожаныя таксама банкаўскія актывы гэтых асобаў.

Такое рашэньне прынялі ў панядзелак 27 міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ у Брусэлі ў адказ на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі і арышты ў Беларусі.

«Гэтыя абмежаваньні і сьпіс ахопленых імі асобаў будуць адкрытыя і ўвесь час будуць пераглядацца. Рада ЭЗ падкрэсьлівае, што ў гэтым сэнсе ключавое значэньне будзе мець тое, ці будуць звольненыя і ўсе затрыманыя з палітычных прычынаў і ці будуць зь іх зьнятыя ўсе абвінавачаньні», - гаворыцца ў прынятай дэклярацыі.

Міністры вырашылі, што санкцыямі ня будуць ахопленыя міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў і першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка. Такім чынам, паводле Эўразьвязу, будзе заставацца магчымасьць для дыялёгу з рэжымам у Менску.

Міністры замежных справаў Эўразьвязу абмяркоўвалі эканамічныя санкцыі супраць Менску, але не прыйшлі да згоды па гэтым пытаньні. Таму яны пастанавілі, што Эўракамісія будзе манітараваць сытуацыю ў Беларусі, каб у будучыні вырашыць, ці прыняць дадатковыя санкцыі ў дадатак да замарожваньня актываў 158 беларускіх чыноўнікаў, у адносінах да якіх былі сёньня прынятыя і візавыя санкцыі.

Міністры пастанавілі даць фінансавую падтрымку Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту ў Вільні. Грошы, якія абяцала Эўракамісія, дазволяць гэтаму ўнівэрсытэту дзейнічаць тры наступныя гады.Іншыя краіны таксама абяцалі падтрымаць ЗГУ фінансава.

Рада Эўразьвязу таксама пастанавіла запачаткаваць працэс перагляду візавай палітыкі ў адносінах да Беларусі з мэтай панізіць або і ўвогуле скасаваць аплаты за візы для беларусаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG