Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: У Беларусі ёсьць дзьве праўды


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Беларуская апазыцыя наіўная і аддаленая ад народу – кажа беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію ў сёньняшнім выданьні Neue Zuercher Zeitung. Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў гэтага інтэрвію.

NZZ: Ці трэба было чакаць, што Лукашэнка будзе бараніць сваю ўладу ўсімі сродкамі?

Алексіевіч: Так. Але ніхто ня мог уявіць, што гэта адбудзецца так крывава. Лукашэнка вядома ж не чакаў, што столькі народу выйдзе на вуліцу. Але ён быў да гэтага падрыхтаваны. Я жыву ў цэнтры. Увесь дзень я назірала, як навакольныя двары запаўняліся войскам, міліцыяй і спэцтэхнікай. Лукашэнка прыняў меры засьцярогі. Апазыцыя была наіўнай.

NZZ: Якая праграма была ў апазыцыі?

Алексіевіч: Не было ніякай. Апазыцыя будавала сваю праграму на крытыцы Лукашэнкі. Праграма Лукашэнкі была лепшая. Яна была больш выразная, больш сьпелая. Дзеля гэтага ў яго былі і час, і людзі. У апазыцыі не было моцных асобаў. Уявіце сабе: раптам вы бачыце дзевяць прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта. І вы пра іх нічога ня ведаеце. Як асобы, яны не пакінулі пасьля сябе ніякага ўражаньня. І яны выступалі супроць такога моцнага і здаровага мужыка як Лукашэнка, які падабаецца жанчынам і намэнклятуры! У нас іншыя арыентыры. Што ў цывілізаванай грамадзкасьці бачылася б як катастрофа, у нас успрымаецца людзьмі як норма.

NZZ: Апазыцыя занадта аддаленая ад народу?

Алексіевіч: Вядома. Я была прысутнай на выбарчым выступленьні Андрэя Саньнікава ў горадзе з паўмільённым жыхарствам. На сустрэчу прыйшлі чалавек 200. Зразумела, што паўсюды можна знайсьці 200 інтэлігентных людзей. Але гэта не народ.

NZZ: Але апазыцыя лічыць, што гэта яна выйграла выбары і мае доказы гэтага.

Алексіевіч: Я ня ведаю, адкуль бярэцца гэтае перакананьне. Я шмат паезьдзіла перад выбарамі і зразумела, што Лукашэнка пераможа. Яго падтрымлівае большасьць насельніцтва, ня толькі на правінцыі, але і ў вялікіх гарадах. 80 адсоткаў галасоў ён не атрымаў, але 50-60 адсоткаў напэўна.

NZZ: У вачах Захаду Лукашэнка робіць уражаньне няўстойлівага.

Алексіевіч: Для мяне ён псыхапат, і ўсе ягоныя дзеяньні – паталягічныя. Але існуюць дзьве праўды. Праўда інтэлігенцыі – у нас ёсьць пэрспэктыўныя ідэі, і мы хочам незалежнай і цывілізаванай Беларусі. І ёсьць другая праўда, больш простая – праўда большасьці. Для людзей на вёсцы свабода азначае каўбасу. Лукашэнка іх разумее. Ён – палітычная жывёліна. Ён робіць тое, чаго яны хочуць.

NZZ: Ці маюць значэньне заходнія санкцыі ў выглядзе абмежаваньня паездак для намэнклятуры?

Алексіевіч: Вядома. Але Эўропа цынічная, у яе свае інтарэсы. Акрамя таго, я ня ведаю, як можна такім спосабам націснуць на Лукашэнку. Ён і так нікуды ня езьдзіць. Захад жа яго так баіцца. Эканамічныя санкцыі былі б лепшыя. Але калі Захад замарозіць крэдыты, перш за ўсё будуць пакутаваць простыя людзі. Найбольш разумна было б падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, якую Лукашэнка цяпер пазбавіў галоваў.

NZZ: Ці хтосьці наогул мае ўплыў на Лукашэнку?

Алексіевіч: Толькі Крэмль. Лукашэнка знаходзіцца ў эканамічнай залежнасьці ад Расеі. Гэта адзіная форма ціску, якая дае вынік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG