Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для апазыцыі — турмы, для чэкістаў — прэміі


У Менску і ў рэгіёнах КДБ і міліцыя працягваюць перасьлед апазыцыйных актывістаў. Сёньня паўторна быў затрыманы Алег Корбан — кіраўнік моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Таксама адбыліся ператрусы ў актывіста кампаніі «Гавары праўду» Фёдара Масьленікава і ў аднаго з актывістаў моладзевай ініцыятывы «Студэнцкая Рада» Міхася Матусевіча.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Актывістаў працягваюць судзіць за выбары


Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля судзілі грамадзкага актывіста, каардынатара стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастуся Жукоўскага паводле артыкула 9.10 КоАП — парушэньне заканадаўства аб выбарах. Кастусь Жукоўскі аштрафаваны на 5 базавых велічыняў, што адпавядае 175 тысячам рублёў.

Жукоўскі: «Выбары даўно скончыліся, і пераможца ўжо прызначаны. А нас тут, у Гомелі, судзяць нібыта за тое, што расклейвалі агітацыйныя матэрыялы за Ўладзімера Някляева ў не прызначаных для гэтага месцах. Хаця на той час, калі мы расклейвалі, як яны кажуць, матэрыял, у нас насамрэч не было агітацыйных матэрыялаў. У нас былі абвесткі пра тэлевыступ Някляева. Магчыма, мы прыляпілі дзесьці ня ў тым месцы. Але гэта ня быў агітацыйны матэрыял, і гэта ня той артыкул. Гэты суд я зьвязваю зь ціскам на нас, з помстай за актыўную выбарчую кампанію».

Пратакол аб правапарушэньні, якое нібыта адбылося яшчэ 1 сьнежня, склала супраць спадара Жукоўскага адміністрацыя Савецкага раёну. Міліцыя знаёміла актывіста з гэтым пратаколам падчас студзеньскага арышту, калі Жукоўскі адбываў пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

У судзе Кастусь Жукоўскі запатрабаваў перакладчыка з расейскай мовы на беларускую, а таксама дапамогі адваката.

Судзьдзя Марына Дамненка задаволіла хадайніцтва пра адваката, а вось пра перакладчыка — адхіліла. Пыталася: «Вы не разумееце рускай мовы?»

Кастусь Жукоўскі заявіў, што сваім пытаньнем судзьдзя абражае ягоную нацыянальную годнасьць, бо карыстаньне роднай мовай у судах гарантуе Канстытуцыя.

Разгляд адміністрацыйнай справы супраць Жукоўскага судзьдзя Дамненка перанесла на канец працоўнага дня, бо менавіта сёньня сканчаецца тэрмін, калі яшчэ можна пакараць актывіста.

Спадара Жукоўскага асабліва зьдзівіла тое, што адміністрацыйны пратакол грунтуецца на нейкіх таемных відэаматэрыялах:

«На падставе нейкіх апэратыўна-пошукавых мерапрыемстваў, якія вялі супрацоўнікі КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў. Гэтым яны пацьвярджаюць той факт, што за ўсімі актывістамі вядзецца ў любы момант палітычны вышук і перасьлед за грамадзянскую пазыцыю».

Кастусь Жукоўскі пасьля суду.

Тым часам у Тураве грамадзкі актывіст Міхась Козел спыніў галадоўку, распачатую 14 студзеня з прычыны немагчымасьці ўладкавацца на працу й зарабіць на хлеб.

Козел: «Мне стала горш. Гэта было чакана, бо лекарка папярэдзіла мяне, што будуць балець ныркі. Я адчуў, што яны баляць — і вымушаны быў спыніць галадоўку. Да таго ж было ўжо цяжка рухацца».

Мясцовыя ўлады ніяк не адрэагавалі на двухтыднёвую галадоўку Міхаіла Козела. Сам ён хадзіў да старшыні Тураўскага гарвыканкаму Ігара Міцюрыча з заявай наконт вызваленьня ад падатку на нерухомасьць. Падатак гэты ён ня можа сплаціць, бо ня мае працы, і з-за яго Міхася выклікаюць у лютым у Жыткавіцкі раённы суд.

ВІЦЕБШЧЫНА


Хворую на пнэўманію Алену Фаміну дапытвалі больш за дзьве гадзіны

Алена Фаміна
На допыце ў КДБ пабывала віцебская актывістка Алена Фаміна. Падчас мінулай выбарчай кампаніі яна была даверанай асобай Дзьмітрыя Вуса, а ў дзень выбараў — назіральніцай на адным зь віцебскіх выбарчых участкаў. Але ў абласной управе КДБ яе дапытвалі пра падзеі 19 сьнежня ў Менску. Спадарыню Фаміну выклікалі на допыт, нягледзячы на тое, што яна хворая на пнэўманію:

«Пнэўманія, так! А што зробіш? Гадзіны дзьве я там была, я ж не вінаватая, што яны марудна на кампутары працуюць! Гэта ж так: спачатку яны запісваюць пытаньне, чытаюць, я адказваю, яны гэта фармулююць і зноў друкуюць. Усё гэта ня дужа хутка! Пыталіся па менскіх падзеях. Усе нешта капаюць, нешта шукаюць».

Спадарыню Фаміну цікавіла, калі ёй аддадуць аргтэхніку, забраную супрацоўнікамі КДБ падчас ператрусу 13-га студзеня. Калі актывістку выклікалі на допыт, то абяцалі, што і гэтае пытаньне, мажліва, вырашыцца. Аднак цяпер яна пачула, што яе ноўтбук і сыстэмны блёк іншага кампутара ўсё яшчэ вывучаюць, а вернуць не раней як тыдні праз два.

«Ніякіх заслугаў кіраўніка ўправы КДБ я ня бачу!»

Ужо некалькі дзясяткаў актывістаў Віцебшчыны былі дапытаныя ў абласной управе і ў рэгіянальных аддзелах КДБ Віцебшчыны пра падзеі 19 сьнежня.

Мікалай Петрушэнка
Жыхар пасёлка Коханава Талачынскага раёну Мікалай Петрушэнка лічыць, што масавыя ператрусы і допыты нельга лічыць паказьнікамі добрай працы КДБ. Таму ён абураны тым, што сёлета кіраўнік абласной управы КДБ Генадзь Герасіменка ўганараваны званьнем «Чалавек году Віцебшчыны-2010» і грашовай прэміяй:

«Яму ўручылі прэмію, амаль 10 мільёнаў рублёў. І я накіраваў запыт у рэспубліканскую ўправу КДБ, за якія такія заслугі і хто хадайнічаў пра гэта. А таксама прапанаваў кіраўніцтву, каб яно пераканала віцебскага начальніка здаць атрыманыя грошы ў фонд якога-небудзь дзіцячага дома, для бедных сірот! Бо заслугаў я ня бачу і падставаў таксама. Гэтае сваё патрабаваньне я даводжу і да журналістаў!»

На актывіста з Глыбоччыны ў міліцыю «прыйшла папера»

Пасьля падзеяў 19 сьнежня актывістамі Віцебшчыны цікавяцца ня толькі ў КДБ, але і ў міліцыі. Пра такі выпадак распавёў жыхар Глыбокага Кастусь Шыталь, якога спрабавалі выклікаць «на гутарку» праз тэлефон:

«Супрацоўнік міліцыі прыходзіў у хату, дзе я прапісаны. Яму адчыніў мой дзед, патлумачыў, што я тут не жыву. Потым прыходзілі на працу да маёй маці, пыталіся пра маё назіраньне на выбарах, пыталіся, хто мяне накіроўваў, ці знайшоў я парушэньні. Потым мне на мабільны тэлефон тэлефанаваў супрацоўнік Глыбоцкага РАУС, запрашаў на гутарку, але бяз позвы я ісьці адмовіўся. Міліцыянт казаў, што трэба са мной пагаварыць пра выбары, бо на мяне «прыйшла папера».

Кастусь Шатыль не выключае, што ягонай асобай у міліцыі зацікавіліся яшчэ й таму, што ён піша на палітычныя тэмы, у тым ліку пра выбары і пра менскую акцыю 19 сьнежня, для мясцовага незалежнага сайту www.westki.info.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Чарговыя выклікі ў міліцыю

На Гарадзеншчыне працягваюць выклікаць удзельнікаў Плошчы, але цяпер ужо не ў КДБ, а ў міліцыю.

Слонімскага актывіста Івана Бедку, калі ён, адбыўшы 15 сутак на Акрэсьціна, вярнуўся зь Менску, ужо дапытвалі ў мясцовым КДБ. Цяпер жа да яго патэлефанавалі з раённага аддзелу міліцыі і таксама запрасілі зьявіцца на размову.

Іван Бедка запытаўся, у якой справе яго выклікаюць — яму адказалі, што ён праходзіць па справе 19 сьнежня і ў яго неабходна ўзяць паказаньні. Спадар Бедка бяз позвы ісьці адмовіўся.

Днямі ён атрымаў адказ зь менскай пракуратуры на патрабаваньне яго і ягоных сябраў аб тым, каб усіх затрыманых на Плошчы людзей вызвалілі з-за кратаў. Іван Бедка цытуе адказ:

«Улічваючы тое, што вы не зьяўляецеся ўдзельнікам крымінальнага працэсу, працэсуальныя дзеяньні не закранаюць вашы інтарэсы, заява не падлягае разгляду. Намесьнік пракурора горада Менску У.М. Мацэль».

Іван Бедка дзівіцца, як гэта ў пракуратуры ён па справе не праходзіць, а ў міліцыі па той самай справе яго хочуць дапытаць. Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў наагул лічыць сытуацыю абсурднай:

«Што тут скажаш? На сёньня ў Беларусі праваахоўныя службы не зьвяртаюць увагі ні на якае заканадаўства. Дзіўна, што яны яшчэ пішуць нейкія адпіскі. У нас ужо створана такая сыстэма, якая не патрабуе ад людзей, якія павінны ў першую чаргу выконваць заканадаўства, насамрэч выконваць яго».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


За актыўнасьць на выбарах караюць на працы

Былую назіральніцу на прэзыдэнцкіх выбарах ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Тамару Бандарчук пазбавілі падпрацоўкі ў клюбе вёскі Брожа Бабруйскага раёну. Актывістка лічыць, што гэта адбылося з-за яе ўдзелу ў незалежным назіраньні.

У Броскім клюбе-бібліятэцы Тамара Бандарчук падпрацоўвала больш за два гады прыбіральшчыцай. Як яна сьцьвярджае, нараканьняў не было, адны падзякі. Пра тое, што яе пазбавілі прыработку, даведалася спачатку ад супрацоўнікаў клюбу:

«Яны сказалі, што зьявіўся чалавек на гэтую працу, для якой яна будзе сталай. Я зьвязваю гэта толькі з тым, што была назіральніцай на выбарах. Чалавек, які прайшоў на працу, якую я выконвала, сказаў без усялякіх намёкаў, што гэта за выбары: навошта я туды ішла, я ж ведала, чым гэта скончыцца».

Тамары Бандарчук да пэнсіі засталося менш за паўгода. Асноўнае месца яе працы — у тым жа клюбе. У ім яна мае дзевяць гадзін гуртковай працы зь дзецьмі. У Бабруйскім райвыканкаме адмаўляюць, што актывістку пазбавілі прыработку з палітычных матываў:

«Я чула, што яна была назіральніцай ад Хэльсынскага камітэту. Сядзела, назірала. Адпрацавала сваё. Атрымала грошы й сышла. А чаго яе з гуртку ня звольнілі? Вось каб яе і з гуртку звольнілі, тады б я нешта й падумала. А тут прыйшоў чалавек. Хоча працаваць. У Брожы ў нас дужа цяжка з працоўнымі месцамі», — заяўляе намесьніца старшыні райвыканкаму Сьвятлана Носава.
Я зрабіла заўвагу старшыні камісіі, што ўсе назіральнікі павінны знаходзіцца ў роўных умовах. Пасьля гэта ён пачаў высьвятляць — чаму я тут апынулася ды як я працую.

У 2007 годзе Тамара Бандарчук ужо мела праблемы на працы. Як яна кажа, з-за таго, што наважылася вылучыцца ў сельскі савет, дзе працавала прыбіральшчыцай. Тады зь ёй не працягнулі працоўнага кантракту. Нагодай для пазбаўленьня цяперашняга прыработку сталася яе заўвага наконт паводзін старшыні сельсавета, які таксама быў назіральнікам на ўчастку:

«Ён адразу ж усеўся за стол, дзе сядзелі чальцы камісіі. Нам жа выдзелілі месца ў зусім іншым канцы памяшканьня. Я зрабіла заўвагу старшыні камісіі, што ўсе назіральнікі павінны знаходзіцца ў роўных умовах. Пасьля гэта ён пачаў высьвятляць — чаму я тут апынулася ды як я працую».

Непадаўжэньне кантракту ў 2007 годзе Тамара Бандарчук абскардзіла ўва ўсіх судовых інстанцыях Беларусі. Дайшла да міжнароднага суду па правах чалавека ў Жэнэве. Сёлета чакае адказу адтуль. Ці застанецца за ёй цяперашняя дзевяцігадзінная стаўка ў клюбе, актывістка пэўнасьці ня мае.

«Мне ўжо кажуць, што шукаюць на маё месца новага чалавека. Ці праўда гэта, я ня ведаю. Людзей тут добрых шмат. Яны мне не дадуць прапасьці».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Удзельніца Плошчы здае іспыты пад наглядам

На Берасьцейшчыне працягваецца ціск на ўдзельнікаў Плошчы ў Менску 19 сьнежня. Міліцыянты тэлефануюць іх родным з папярэджаньнямі. Студэнты сутыкаюцца з праблемамі ў навучаньні.

Аляксандра Суслава, удзельніца мітынгу ў Менску 19 сьнежня, паведаміла, што яе роднай цёці ў Івацэвічах патэлефанавалі на працоўны нумар зь міліцыі і сказалі, што Аляксандру выключылі з ВНУ:

«Маёй роднай цёці патэлефанавалі на працу. Было паведамлена, што мяне выключылі з Баранавіцкага ўнівэрсытэту. Міліцыянты паведамілі, што вядуць пошукі мяне, але чамусьці такім чынам, праз родных».

Аляксандра адзначае, што пакуль яна лічыцца студэнткай Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Зараз здае іспыты. Яна кажа, што пытаньне аб яе адлічэньні вісіць у паветры. Пакуль у дэканаце кажуць, што яна можа спрабаваць здаць сэсію. Пры гэтым, паводле Аляксандры, відавочны дадатковы кантроль за ёю:

«Звычайна раней было як мінімум дзьве спробы на тое, каб здаць тэст. Раней заўсёды я карысталася першай спробай для таго, каб пазнаёміцца з заданьнем, а з другой спробы здавала тэст. Але сёлета гэта не атрымалася. Зьявіўся нейкі чалавек, які падчас кантрольнага тэсту стаяў у мяне за сьпінай і забараняў рабіць запісы і занатоўкі пра патрабаваньні на гэтым іспыце».

Георгі Дзьмітрук
Сустаршыня партыі БХД з Кобрыня Георгій Дзьмітрук адзначае, што пасьля ператрусаў і допыту яго арганізацыя засталася без кампутара. Пакуль пра лёс канфіскаванай аргтэхнікі нічога не вядома:

«Мы ўжо нават разьвіталіся з кампутарам. Калі нам аддадуць тэхніку — гэта будзе цудам, калі ж ня вернуць — то будзе як і заўсёды. Але справа нават не ў кампутары, а ў сумленьні. Магчыма, што ў нейкай дзяржаўнай структуры не хапае кампутараў, таму яны праводзяць такія паборы».

Мая Абромчык з Ганцавічаў, якой міліцыянты на Плошчы зламалі нагу, сёньня наведвае пракуратуру, дзе дае паказаньні і па факце зьбіцьця міліцыянтамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG