Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгая дарога з эгіпецкага рабства


У супраціўнікаў Лукашэнкі, схільных да містычнага мысьленьня, існуе тэорыя, згодна зь якой хранічнаму беларускаму прэзыдэнту дапамагаюць заставацца ва ўладзе «цёмныя сілы», адцягваючы ў ключавыя моманты ўвагу сусьветнай супольнасьці (а гэта, як вядома, адзіная супольнасьць, здольная вырашыць галоўную праблему беларускага дэмакратычнага грамадзтва) ад Беларусі гучнымі падзеямі ў іншых кутках сьвету. Гэтак, выбары 2001 году засталіся ў ценю тэрарыстычнага нападу на Сусьветны гандлёвы цэнтар, да рэфэрэндуму 2004 нікому не было справы з-за жахлівага тэракту ў Беслане, у лютым 2006 яшчэ палымнеў «карыкатурны скандал», бунтавалі францускія студэнты, навісла пагроза магчымай вайны з Іранам, таму Лукашэнку ізноў удалося пазьбегнуць у іншым выпадку нібыта незваротнага пакараньня за палітычнае махлярства.

Цяпер жа «цёмныя сілы» як быццам пакінулі яго без падтрымкі. Вайна паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі разгаралася, разгаралася, ды не разгарэлася. Самым цікавым, што адбывалася ў сьвеце ў канцы 2010 – на пачатку 2011, аказаліся беларускія «дурыбары» зь іх нясьмешнымі наступствамі. Дванаццатага студзеня мы ўбачылі Эўрапарлямэнт у бел-чырвона-белых шаліках. Здавалася, усё, гамовэр, не адкруціцца яму. І тут бабахнула - закалоты ў Тунісе, закалоты ў Эгіпце. Акурат тады, калі павінна прымацца рашэньне пра санкцыі, на жорсткасьць якіх ускладала спадзевы беларуская дэмакратычная грамадзкасьць. Усё кату пад хвост. На фоне таго, што адбываецца гэтымі днямі ў Эгіпце, дзе лік загінулых пераваліў за сотню, беларускія падзеі непазьбежна блякнуць.

Пагатоў, рэжым прадбачліва выпусьціў дахаты не каго-небудзь, а Ірыну Халіп і Ўладзімера Някляева: найбольш кранальныя гісторыі, здольныя расьцепліць сэрцы самых чэрствых эўрабюракратаў - хлопчыка Даніка, які застаўся бяз маці, і прыгожай, мужнай дзяўчыны Евы, дачкі, якая змагаецца за свайго бацьку, атрымалі хэпі-энд. Гэта мы з вамі ведаем, што ніякага хэпі-энду насамрэч не адбылося, а чэрствым эўрабюракратам тое няўцям.

Апроч гэтага, калі яны вельмі стрымана рэагуюць на кровапусканьне, якое робіць свайму народу Хосьні Мубарак, не жадаючы расставацца з уладай, жорсткасьць у адносінах да параўнальна гуманнага дыктатара будзе выглядаць дзіўнаватай, а хтосьці скажа - крывадушнай.

Хаця гэта насамрэч не крывадушнасьць, усяго толькі стэрэатыпнасьць мысьленьня.

Сын майго сябра, малодшы школьнік, пачуўшы, як у нейкай казцы героі ядуць лебедзя, абурыўся пачутым настолькі, быццам гаворка ішла пра выпадак канібалізму. Дарослыя кажуць яму: «Ну, ты ж сам ясі, напрыклад, курыцу...». Малы з парога абвяргае такі аргумэнт: «Курыцу! Курыцу - гэта ж неяк натуральна». З гэтай самай прычыны заходнія палітыкі іначай рэагуюць на гвалт, які чыняць уладары ўсходніх краінаў у адносінах да падуладных народаў - «гэта ж неяк натуральна». У заходняй культуры існуе ўстойлівае словазлучэньне - «усходняя дэспатыя». Устойлівае настолькі, што паняцьці «усход» і «дэспатыя» успрымаюцца як сынанімічныя, амаль неад'емныя. Маўляў, гэтак склалася гістарычна, уелася ў цела і кроў, і з гэтым нічога не паробіш - усходнія грамадзтвы асуджаныя на дэспатыю. І патрэбная яна ня толькі «вярхам», але і «нізамі» таксама запатрабаваная. Калі ж гэтыя «нізы» пачынаюць супраць дэспатыі бунтаваць, яны праяўляюць не імкненьне да свабоды і дэмакратыі, што па змаўчаньні падразумяваецца ў выпадку эўрапейцаў, а задумалі, не іначай, нешта зусім ужо кепскае.

Адсюль стрыманасьць рэакцыі на кровапусканьне ў Эгіпце, што, безумоўна, вельмі крыўдзіць адукаваных эгіпцянаў, удзельнікаў антыўрадавых пратэстаў. Як з горыччу піша адзін зь іх:

«Мы для іх малпы, якія не заслугоўваюць канстытуцыі, свабоды, дэмакратыі...»

У тунісцаў і эгіпцянаў ёсьць шанец пахіснуць застарэлы стэрэатып пра ўсходнія грамадзтвы як пра непапраўна, безнадзейна дэспатычныя па сваёй прыродзе. Але сёньня эўрапейскія палітыкі, выказваючыся пра падзеі ў Эгіпце, ня так часта гавораць пра ідэалы свабоды і дэмакратыі, часьцей налягаюць на неабходнасьць захоўваць тое, што зрабілася лаянкавым словам у беларускіх дэмакратычных колах - праславутую «стабільнасьць».

Беларускімі ўладамі такая розьніца ў падыходах успрымаецца як праява «падвойных стандартаў». Хто там будзе разьбірацца, чым яны абумоўленыя. Абумоўленыя ж яны тым, што беларусам авансам прысвоенае званьне эўрапейцаў, у якіх прага да свабоды і дэмакратыі закладзеная ад прыроды. Цяжка сказаць, наколькі той аванс апраўданы...

Паколькі мы пачалі зь містыкі, згадаю колішняе паведамленьне баявога мага senseisekai наконт дня, абранага хранічным прэзыдэнтам для інаўгурацыі. Паводле экзатычнага блогера, 21 студзеня - дзень Гуя-Дэмана, злога Мёртвага Духа, спрыяльны забойству, бітвам, вайне. «Ну, Гуй яму ў помач», - яхідна пасьмейваючыся, падсумаваў баявы маг, які палічыў гэткі выбар неабачлівым. Выглядае, аднак, на тое, што ён памыліўся. Той, хто інаўгураваўся 21 студзеня, на кароткай назе з гэтым самым Гуем. Як бачым, менавіта крывавыя закалоты неспадзявана згулялі яму на карысьць.

Апроч адцягненьня ўвагі эўрапейскіх палітыкаў і верагоднага перагляду імі свайго стаўленьня да пасьлявыбарчых падзеяў у Беларусі, беларускія дзяржпрапагандысты атрымалі ў дадатак страшылку для абываталя - вось, маўляў, чым усё магло б скончыцца, калі б не паклалі рашуча канец бізабразіям, а далі волю гэтым нягодным бунтарам.

Прынамсі інтэрнэт-прапагандысты, якіх пасьля «дурыбараў» заўважна паболела, ужо цягаюць эгіпэцкую тэму ў зубах, дэманструючы пры гэтым поўную няздольнасьць мысьліць іначай, чым у рэчышчы «тэорыі змовы» - яны і ў туніскіх з эгіпэцкімі пратэстах убачылі ўмяшаньне падступнага і ўсёмагутнага «Вашынгтонскага абкаму»! Не патурбаваўшыся хоць трохі азнаёміцца з гісторыяй пытаньня: абодва аўтарытарызмы, адзін зь якіх ужо абрынуўся, а другі ліпіць на павуцінцы, заўжды разглядаліся Захадам у якасьці гарантаў стабільнасьці ў выбухованебясьпечным рэгіёне, «меншага зла», у параўнаньні з магчымымі задзірлівымі ісьлямісцкімі рэжымамі. І ня проста «разглядаліся», але і атрымлівалі значную фінансавую дапамогу за сваю ляяльнасьць. Крах, па сутнасьці, хаўрусьніцкіх рэжымаў выклікаў на Захадзе зьдзіўленьне і насьцярожанасьць - бо ніхто ня ў стане сёньня сказаць, якія сілы ўсплывуць наверх на хвалі народнага абурэньня.

Нічога гэтага сеціўныя дзяржпрапагандысты ці то ня ведаюць, ці не жадаюць ведаць. Прачытаўшы навіну пад шапкай «ЗША падтрымлівалі прыхільнікаў зьмены рэжыму ў Эгіпце», зьмест якой быў куды меней сэнсацыйны, чым загаловак, і палягаў у тым, што нехта з актывістаў эгіпэцкай апазыцыі калісьці быў запрошаны на сэмінар, яны адразу «усё зразумелі»:

- Аказваецца, вось каму патрэбная зьмена "рэжыму" ў Эгіпце! З галавой сябе выдалі.

- Пасьля няўдачы ў Беларусі патрэбны хоць дзе-небудзь рэванш.

- Праплацілі кучцы безгаловых адмарозкаў... вось і бегаюць і малоцяць усё і ўсіх падрад.

і г.д., і да т.п.

Адным словам, лёгіка ў прапагандыстаў кульгае на абедзьве нагі. Ну, лёгіка ніколі не была іхным моцным месцам. Але тым самым яны паведамілі нам адну важную рэч пра сябе саміх - аб'ектам іхнага клопату і актыўнага спачуваньня зьяўляюцца аўтарытарныя рэжымы як такія, безадносна сваіх характарыстык, наколькі б «антынароднымі» яны ні былі (а рэжым Хосьні Мубарака - гэта выродлівы алігархічны капіталізм). Бо лічаць дэспатыю натуральнай формай існаваньня грамадзтва, а дэмакратыю - адхіленьнем ад нормы, вычварэньнем. Яны ня могуць нават уявіць сабе, што народ пратэстуе па сваёй уласнай волі, бо для іх безагляднае падпарадкаваньне гаспадару - натуральны стан чалавека. Па такіх выпадках бачна, прапагандыстамі і прыхільнікамі чаго яны зьяўляюцца галоўным чынам і ў першую чаргу.

Гэта - рабства. Усё астатняе ёсьць больш менш неістотнымі дробязямі.

Працяг будзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG