Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Цыганкоў: “Паказныя крокі Менску прынцыпова ня зьменяць настрою Эўразьвязу”


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Аглядальнік Свабоды разважае аб тым, як на вызваленьне зь сьледчага ізалятару КДБ некаторых палітвязьняў пад хатні арышт і падпіску аб нявыезьдзе будзе рэагаваць Эўразьвяз.

Карэспандэнт: Віталь, на вашу думку, чаму ўлады выпусьцілі ўвечары ў суботу зь сьледчага ізалятару Ўладзімера Някляева, Ірыну Халіп і Сяргея Вазьняка? І чаму тады ня выпусьцілі астатніх?

Цыганкоў: Відавочна, што такі крок уладаў наўмысна зроблены напярэдадні паседжаньня Рады Эўразьвязу 31 студзеня, дзе будзе абмяркоўвацца пытаньне ўвядзеньня санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Афіцыйны Менск як бы гаворыць палітыкам з Эўразьвязу – глядзеце, вось мы робім крокі насустрач, цяпер вашая чарга. Мяркую, невыпадкова былі выпушчаныя тыя асобы, якія, бадай, выклікаюць найбольшую ўвагу грамадзкасьці, у тым ліку замежнай. Гэта найперш Уладзімер Някляеў, паколькі ўсе цікавіліся, што ў яго з здароўем, паколькі ён паэт і яго зьбіцьцё і зьняволеньне набылі найбольшы рэзананс. Гэта Ірына Халіп і Натальля Радзіна – як жанчыны і журналісткі. Так што я ўпэўнены, што па ўсіх дыпляматычных каналах прадстаўнікі афіцыйнага рэжыму цяпер даводзяць сваім заходнім партнэрам пра тое, які нечуваны гуманізм праявіла беларуская ўлада.
Я не зусім уяўляю такіх абставінаў, пры якіх улада можа пайсьці на тое, каб адначасова выпусьціць усіх палітзьняволеных...


Чаму не адпусьцілі ўсіх? Бо гэта было б вялізнай публічнай стратай усіх пазыцыяў. Усёй ідэалёгіі, якая ўсталявалася за апошняга паўтара месяца. Прызнаюся, я нават не зусім уяўляю такіх абставінаў, пры якіх улада можа пайсьці на тое, каб адначасова выпусьціць усіх палітзьняволеных. Ня трэба на гэты конт мець нейкіх ілюзіяў.

Карэспандэнт: Як, на ваш погляд, палітыкі краінаў Эўразьвязу адрэагуюць на вызваленьне некаторых палітвязьняў зь СІЗА КДБ?

Цыганкоў: Я мяркую, гэтыя паказныя крокі афіцыйнага Менску прынцыпова ня зьменяць стаўленьня палітыкаў Эўразьвязу да беларускай праблемы. Да таго ж трэба ведаць мэханізм прыняцьця рашэньняў, якія рыхтуюцца загадзя. І ніхто ў выходныя дні ня будзе ўносіць у падрыхтаванае рашэньне прынцыповых зьменаў. Пагатоў падставаў для гэтага няма ніякіх. Менск ня выканаў ніводнага з патрабаваньняў, якія былі сфармуляваныя ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту – палітзьняволеныя ня выпушчаныя, справы супраць іх ня спыненыя і гэтак далей.
Менск ня выканаў ніводнага з патрабаваньняў, якія былі сфармуляваныя ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту...


Але я б не сказаў, што крокі Менску зусім ня будуць мець ніякага ўплыву. Яны, безумоўна, дадуць нейкія аргумэнты ў рукі лабістам і прыхільнікам Лукашэнкі, якія ёсьць у аб’яднанай Эўропе. Да гэтага дня, да вызваленьня Някляева ў іх не было ніякіх аргумэнтаў, ніякіх падставаў хоць за нешта зачапіцца, каб выступіць у абарону афіцыйнага Менску. Цяпер у іх маленькія зачэпкі ёсьць. Але недастатковыя, каб неяк паўплываць на ўжо падрыхтаваныя Эўразьвязам рашэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG