Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША – за "арганізаваную" перадачу ўлады ў Эгіпце


Злучаныя Штаты выступаюць за правядзеньне ў Эгіпце свабодных выбараў і "арганізаваную" перадачу ўлады новаму ўраду, які быў бы заснаваны на дэмакратычных прынцыпах. Пра гэта заявіла дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан у інтэрвію тэлеканалу Fox News.

Яна дадала, што прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак не зрабіў "практычна нічога", каб пайсьці насустрач патрабаваньням удзельнікам масавых акцыяў пратэсту, якія ўжо шосты дзень працягваюцца ў краіне.

Дэманстранты ў Эгіпце патрабуюць адстаўкі Мубарака. Нягледзячы на ўвядзеньне камэнданцкай гадзіны, на вуліцах – па-ранейшаму дзясяткі тысяч пратэстоўцаў.

Паводле тэлеканалу "Аль-Джазіра", чыё вяшчаньне было з учорашняга дня забаронена ў краіне – ад пачатку забурэньняў загінулі каля 150 чалавек, больш за 1000 параненыя.

На вуліцах эгіпецкай сталіцы назіраецца ўзмоцненая прысутнасьць вайскоўцаў і бронетэхнікі.

Раней сёньня апазыцыя пагадзілася, каб ад яе імя перамовы з урадам ачоліў былы кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргетыцы і прыхільнік рэформаў у Эгіпце Махамэд эль-Барадэй, які вярнуўся на радзіму некалькі дзён таму.
XS
SM
MD
LG