Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Радзіна: “Цяпер я трымаюся на адрэналіне”


Паводле мэдыкаў, у момант стрэсу нашы наднырачнікі вырабляюць гармон адрэналін, які мае моцнае ўзьдзеяньне на ўвесь арганізм. Адрэналін станоўча ўплывае на сардэчна-судзінную і страўнікава-кішачную дзейнасьць, дапамагае нашым стомленым цягліцам ізноў вярнуцца да звычайнага працоўнага рытму, актывізуе мэтабалічныя працэсы.

Як сьведчаць многія былыя палітвязьні, падчас утрыманьня ў няволі яны трымаліся выключна на адрэналіне і гэта дапамагло ім не захварэць у турме. Пазьней, праўда, пасьля выхаду на волю, калі чалавек дазваляў сабе расслабіцца, на яго пачыналі звальвацца самыя розныя хваробы, якія ня бралі яго ў няволі.

Журналістка Натальля Радзіна была вызваленая ўвечары ў пятніцу пасьля 40 дзён утрыманьня ў СІЗА КДБ. На форуме “Свабоды” можна ўбачыць шматлікія віншаваньні і радасьць чытачоў у сувязі з гэтым вызваленьнем, а таксама іх хваляваньні адносна здароўя Натальля. На пытаньне аб здароўі журналістка адказвае коратка: “Фізычна адчуваю сябе добра”.

“Свабода”: Вы кажаце, што адчуваеце сябе добра і трымаецеся дастаткова бадзёра – гэта на адрэналіне?

Радзіна
: Так, на адрэналіне. Бо пасьля ўчорашняга вызваленьня я ня спала ўсю ноч. Пісала артыкул. Таксама мяне цікавілі ўсе навіны, усё, што адбывалася. У СІЗА быў такі інфармацыйны вакуўм. Сёньня ноччу ў інтэрнэце я шмат чаго прачытала. Таксама размаўляла зь сябрамі. Такая была першая ноч на волі.

“Свабода”: Пытаньні пра здароўе невыпадковыя. Зыходзячы з таго, што паведамляў сайт “Хартыі”, вы трапілі ў СІЗА з траўмай галавы, працяглы час скардзіліся на галаўныя болі, да таго ж у вас ішла кроў з вушэй. Па-другое, таксама паведамлялася, што вы перанесьлі вельмі моцны і працяглы бранхіт...
Лекары “хуткай” сказалі, што мяне трэба абавязкова адвезьці на рэнтген. Аднак ў СІЗА гэтага не дазволілі. Потым ішла кроў з вушэй...


Радзіна: Так усё гэта было. Перад тым, як мяне затрымалі 20 сьнежня, я была на Плошчы, дзе мяне зьбілі. Я там была, калі пачаліся сутыкненьні паміж спэцназам і дэманстрантамі. Людзей пачалі зьбіваць, і я ўпала на зямлю. Атрымала ўдар па галаве. Потым я пайшла на працу. Я проста не пасьпела зьвярнуцца па дапамогу, хаця ў мяне вельмі моцна кружылася галава. Пэўна, было страсеньне. А чацьвёртай гадзіне мяне прыйшлі затрымліваць. Толькі на наступны вечар пасьля таго, як мяне даставілі ў СІЗА КДБ, мяне прывялі на допыт і я запатрабавала, каб мне выклікалі хуткую дапамогу. Хуткая прыехала ў СІЗА. Лекары сказалі, што мне абавязкова патрэбны здымак, што мяне трэба адвезьці на рэнтген. Аднак у СІЗА гэтага не дазволілі. Потым былі іншыя праблемы – ішла кроў з вушэй. Адчувала сябе вельмі кепска. Некалькі дзён ляжала. Са мной не праводзілі ніякіх допытаў. Потым нарэшце выклікалі лекараў са шпіталю КДБ. Тыя паглядзелі мяне. Сказалі, што неабходна памераць дно вока. Прыяжджаў афтальмоляг. Сказаў, што ў мяне нічога няма.

“Свабода”: Здымка, на якім настойвала “хуткая дапамога”, вам так і не зрабілі?

Радзіна: Не. Здымка мне не рабілі. Мне сказалі, што гэтага агляду дастаткова. Пасьля гэтага мне было кепска. Потым паціху галаўны боль пачаў сыходзіць. Потым ужо пачаўся бранхіт, які цягнуўся некалькі тыдняў. Я прымала шмат лекаў. Мне сказалі, што антыбіётыкі не патрэбныя. Толькі тое, што маці перадала, тое й прымала. Флавамед, амбраксол (першы прэпарат для зьбіцьця тэмпэратуры, другі для адхаркваньня – рэд.). Мне сказаў фэльчар, што неабходны менавіта гэты лекі.

“Свабода”: Здымка лёгкіх вам таксама не рабілі?

Радзіна: Таксама не рабілі. Цяпер трэба будзе як сьлед займацца сваім здароўем...

“Свабода”: Паведамлялася, што там ў СІЗА было надта холадна, а таму на бранхіт хварэлі многія.

Радзіна: Я б не сказала, што там было надта холадна. Але проста трэба час ад часу адчыняць фортку ў камэры. Бо павінна быць нейкае паветра. А каб ня зьмерзнуць, вельмі пажадана мець дастаткова цёплую вопратку. Гэта па-першае. А па-другое, пажадана ня спаць на так званай шконцы. Аднак я не магу гаварыць пра ўласныя ўмовы ўтрыманьня.
Цяпер трэба будзе як сьлед займацца сваім здароўем у Кобрыне...


“Свабода": Вы цяпер паедзеце ў ваш родны Кобрын, месца так званай рэгістрацыі, дзе будзеце заставацца на час сьледзтва. Такім чынам, сваім здароўем вы будзеце займацца непасрэдна там. Наколькі належны там узровень мэдычнай дапамогі?

Радзіна: Так. Буду там зьвяртацца да мясцовых лекараў. А наколькі належны ўзровень? Думаю, больш-менш.

Тым часам шэраг менскіх мэдыкаў-адмыслоўцаў называюць недастатковай тую дапамогу, якую аказалі Натальлі Радзінай ў СІЗА КДБ.. Яны лічаць, што пры ЧМТ(чэрапна-мазгавой траўме) з такімі як у Радзінай сымптомамі, калі і не шпіталізуюць ў хірургію, то абавязкова робяць здымак галавы ці кампутарную тамаграфію.

Лекар: "Ніяк нельга сьцьвярджаць, што стану здароўя ў такім выпадку нічога не пагражае. Калі ўлічыць да таго ж стрэсавую сытуацыю, умовы, у якія трапіў чалавек, то ўсё гэта зробіць хворым і здаровага чалавека".



_________________________________________________________________

З артыкулу Натальлі Радзінай, які яна напісала першай ноччу на волі для сайту “Хартыі”:

“Першае, што я зразумела – нельга сябе шкадаваць. Ніколі і ні пры якіх абставінах. Непрадуктыўна.

Другое – нічога не прымаць на свой рахунак, што б ні адбывалася – гэта ня тычыцца асабіста цябе, гэта ніяк ня зьвязана асабіста з табой. Ёсьць статут і рэжым. Нічога больш.

Трэцяе – жыць адным днём. Нават гадзінай, а, можа, імгненьнем. Хто яго ведае, што будзе праз тры-чатыры хвіліны.

Чацьвёртае і, на мой погляд, галоўнае – прыняцьце рашэньняў. Раней мне гэта давалася лёгка. А там не. Цяжка. Празь сьлёзы. З думкай аб ненароджаных дзецях і хворай маці. Нічога. Прыняла. Дапамаглі малітвы. І паштоўка з выявай ката, які перапужаны вісіць з вылупленымі вачыма на электраправадах, а побач надпіс – "Трымайся! Мы з табою!”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG