Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эгіпце прызначаны віцэ-прэзыдэнт


У Эгіпце упершыню за ўсе 30 гадоў кіраваньня прэзыдэнта Хосьні Мубарака прызначаны віцэ-прэзыдэнт.

Ім стаў кіраўнік службы выведкі Эгіпту Амар Сулейман.
Раней сёньня ўрад Эгіпту афіцыйна падаў у адстаўку пасьля ўчорашняга закліку Мубарака зрабіць гэта.

У Каіры сёньня працягваюцца дэманстрацыі пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Хосьні Мубарака, нягледзячы на ўведзеную камэнданцкую гадзіну. Адбываюцца сутычкі з паліцыяй.

Паведамляецца, што сёньня як найменей тры чалавекі загінулі пры спробе штурму будынку міністэрства ўнутраных спраў.

У Эгіпце цягам 5-ці дзён, ад пачатку хваляваньняў, загінулі ў часе масавых закалотаў дзесяткі чалавек. Паводле тэлеканала “Аль-Джазіра”, колькасьць забітых перавысіла 100 чалавек.

Масавыя акцыі пратэсту адбываюцца таксама ў іншых буйных гарадах і правінцыях Эгіпту.

ЗША заклікалі ўлады Эгіпту ўстрымацца ад ужываньня сілы ў дачыненьні да дэманстрантаў.

Былы генэральны сакратар ААН Кофі Анан сёньня сказаў на Ўсясьветным Эканамічным Форуме ў Давосе:

" Я думаю, што мы маем усе прычыну для глыбокай заклапочанасьці. І да сытуацыі трэба ставіцца з асьцярожнасьцю. Відавочна, што людзі патрабуюць рэформаў і зьменаў, і гэта памкненьне да зьменаў немагчыма спыніць. Але кіраваньне зьменамі павінна рабіцца ў інтарэсах краіны і людзей"
XS
SM
MD
LG