Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Кіркевіча ня можа даведацца, дзе яе сын


Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч

28 студзеня ў маладафронтаўца Алеся Кіркевіча з Горадні на кватэры быў праведзены ператрус. Яго забралі ў КДБ, а пазьней ён паведаміў праз тэлефон маці, што яго вязуць у сьледчы ізалятар КДБ у Менску. Яшчэ пазьней да маці патэлефанавала адвакатка зь Менску і паведаміла, што яму пагражае турэмны вырак ад 3 да 8 гадоў.

Увесь час маці Алеся Кіркевіча, спадарыня Ларыса, спрабуе даведацца, дзе дакладна знаходзіцца ейны сын і за што яму пагражае такі вялікі вырак. Яе асабліва ўстрывожыла тэлефанаваньне менскай адвакаткі, якая нават не прадставілася.

«Алесь мне патэлефанаваў недзе каля 19 гадзін і сказаў, што яго вязуць у ізалятар КДБ у Менску — у „амэрыканку“. А потым патэлефанавала адвакат і сказала, што яе папрасіў патэлефанаваць Алесь. Я адказала, што ён толькі што тэлефанаваў мне сам. А яна тады сказала, што яму пагражае ад 3 да 8 гадоў зьняволяньня».

Спадарыня Ларыса кажа, што сына з дому забралі бязь цёплага адзеньня і нават зубной шчоткі. Званкі ў Менск, а таксама спробы менскіх сяброў Алеся Кіркевіча высьветліць, дзе ён знаходзіцца, былі марныя. У сьледчым ізалятары КДБ інфармацыі не далі. На Акрэсьціна сказалі, што такога няма.

Алесь Кіркевіч ужо адбыў у Менску 10-сутачны арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці 24 сьнежня ля турмы на завулку Акрэсьціна. Але, на думку сяброў, Алеся могуць асудзіць яшчэ і за ўдзел у падзеях на Плошчы.


Нягледзячы на тое, што пасьля падзеяў на Плошчы мінула ўжо болей за месяц, на гэтым тыдні кожны дзень на Гарадзеншчыне працягваліся допыты, суды і ператрусы.

На 600 тысяч асудзілі каардынатара штабу Някляева на Гарадзеншчыне Алега Калінкова. У Наваградку актывістам БХД Уладзімеру Качагуру, Сяргею Воўчаку і Дар’і Бахар прысудзілі штрафы па 200 тысяч рублёў.

У Мастах камісія ў справах непаўналетніх па ананімным даносе папярэдзіла актывістку БХД Алену Давідовіч «аб адказнасьці за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў…».

Кіраўнік гарадзенскай АГП Юры Істомін лічыць, што ўлады скарыстоўваюць сытуацыю, каб правесьці поўную зачыстку палітычнага поля і наагул не пакінуць месца для дзейнасьці апазыцыйных актывістаў:

«Лукашэнка ведае, што ён прайграў гэтыя выбары і электарат яго не падтрымлівае. Таму ён абраў самы просты шлях — зачысьціць усякую альтэрнатыву. І пасьля гэтага на наступных выбарах іншыя лідэры і кандыдаты сто разоў падумаюць, перш чым будуць выстаўляць сваю кандыдатуру».
XS
SM
MD
LG