Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня трое супрацоўнікаў Мазырскага аддзелу Гомельскай управы КДБ правялі ператрус у кватэры й прыватным доме мясцовага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леаніда Арлова.

Арлоў: «Гэта ўжо другі ператрус за апошнія дзевяць месяцаў. Сёньня чэкісты нават забралі мяне з працы й павезлі ў мой прыватны дом на вуліцы Нагорнай. А пасьля, калі мабільны тэлефон па патрабаваньні быў выключаны, накіраваліся й на кватэру».

Падчас ператрусу ў актывіста забралі каля паўсотні партрэтаў былога кандыдата на прэзыдэнты Яраслава Раманчука, некалькі ўлетак Уладзімера Някляева ды іншых кандыдатаў.

Арлоў: «У мяне ўжо й браць не было чаго, таму што кампутар, ксэракс, факс чэкісты забралі яшчэ ў траўні мінулага году, калі трэсьлі актывістаў кампаніі „Гавары праўду!“. Я прасіў пакінуць для гісторыі хаця б па адным асобніку ўлётак кандадатаў. У адказ апэратыўнікі абяцалі вярнуць усю друкаваную прадукцыю. Але калі гэта будзе, не ўдакладнілі. Хутчэй за ўсё, будзе так, як і з тэхнікай».

Леанід Арлоў лічыць, што ператрусамі ў людзей, якія нават не былі на плошчы, спэцслужбы імкнуцца пасеяць страх у грамадзтве — каб ніхто нідзе не займаўся ні палітычнай, ні грамадзкай дзейнасьцю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG