Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыка пасьля выбараў: рыторыка і рэальнасьць


У чацьвер Аляксандар Лукашэнка выступіў з важнымі заявамі ў Палаце прадстаўнікоў. Якая будзе эканамічная палітыка пасьля прэзыдэнцкіх выбараў? Як Аляксандар Лукашэнка трактуе падзеі 19 сьнежня? Што ён прапануе Захаду?

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

Андрэй Дынько
Аляксандар Старыкевіч
Валер Карбалевіч

Якая будзе эканамічная палітыка пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?


Валер Карбалевіч: «Фармальнай падставай для выступу Лукашэнкі стала прадстаўленьне новага прэм’ера. Але кіраўнік дзяржавы зрабіў шэраг заяваў пра ўнутраную і вонкавую палітыку.

Выступы Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях перад выбарамі шмат у чым насілі характар перадвыбарчай прапагандысцкай рыторыкі. Ці надышоў цяпер час рэальнай палітыкі? Ці ёсьць адрозьненьні ад перадвыбарчай рыторыкі? Якія задачы паставіў Лукашэнка перад урадам? Вось шмат увагі аддавалася выкананьню дырэктывы аб лібэралізацыі. Ці будзе лібэралізацыя працягвацца?»

Аляксандр Старыкевіч: «Ня раю на гэта разьлічваць. Бо вось сёньня Камітэт дзяржкантролю заявіў, што адным з галоўных кірункаў ягонай працы гэтым годам будзе адсочваньне сытуацыі зь імпартам і яе рэгуляваньне. Вось, так бы мовіць, лібэралізацыя ў дзеяньні.

Збольшага заявы Лукашэнкі — гэта толькі рыторыка. Вось, напрыклад, на сайце нашай газэты выйшаў артыкул на гэтую тэму. Лукашэнка сказаў у сваім выступе, што „жыць трэба па сродках“. Мы знайшлі, што ўпершыню такая заява прагучала ў 1999 годзе. У 2008 годзе падчас крызісу Лукашэнка зноў казаў, што цяжкія эканамічныя ўмовы прывучылі нас жыць па сродках. Цяпер высьвятляецца, што гэта ня так.

Тое, што немагчыма больш падтрымліваць стратныя прадпрыемствы, Лукашэнка шмат казаў і наконт сельскай гаспадаркі. Гэта добрыя пажаданьні, але сумнеўна, ці яны будуць выкананыя. Таму ня варта абмяркоўваць усур’ёз, што кажа Лукашэнка».
Магчыма вяртаньне ў 1990-я гады, калі быў абмежаваны гандаль валютай, было некалькі валютных курсаў.

Карбалевіч: «Таксама ён рэгулярна заклікае скараціць дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу, а той толькі расьце».

Андрэй Дынько: «У заявах Лукашэнкі і іншых афіцыйных асобаў новыя ноткі. Улады задумваюцца пра згортваньне НЭПу. І дасюль стваралася ўражаньне, што абвешчаны курс на свабоду — гэта ня прынцып, як у дэмакратычных краінах, а тактыка, такі НЭП.

Цяпер асноўная эканамічная праблема для ўладаў — гэта дэфіцыт бягучага рахунку. Таму даводзіцца браць усё новыя крэдыты. Вось на эўрапейскім рынку аблігацый Беларусь пазычае грошы пад вялізныя працэнты (каля 9%). Магчыма вяртаньне ў 1990-я гады, калі быў абмежаваны гандаль валютай, было некалькі валютных курсаў.

Падзеі 19 сьнежня


Карбалевіч: «Шмат увагі аддаў Лукашэнка падзеям 19 сьнежня. Паводле ягонага тлумачэньня, у той дзень адбылася змова дзеля захопу ўлады. Маўляў, сілавыя структуры ўсё рабілі правільна, невінаватыя людзі не пацярпелі. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?»

Старыкевіч: «А што яму застаецца гаварыць? Што пад ягоным кіраўніцтвам былі незаконна зьбітыя дэманстранты? Ён апраўдваецца. Па сутнасьці, Лукашэнка „кінуў“ Захад. І цяпер імкнецца перакінуць віну з хворай галавы на здаровую. Вось ён кажа, што гэта Захад яго падмануў. Гэтыя заявы збольшага разьлічаныя на ўнутраную аўдыторыю. Бо на Захадзе іх усур’ёз не разглядаюць».

Дынько: «Дапякло. Таму бясконца пра віну апазыцыі кажуць у інфармацыйных праграмах тэлеканалаў. Санкцыі Захаду не замаўчыш. Раней шмат эўрапейскіх палітыкаў верылі ці рабілі выгляд, што вераць у заявы Лукашэнкі.

Незразумела, на якіх падставах лукашэнкаўцы абвінавацілі ў падзеях 19 сьнежня Польшчу і Нямеччыну, хоць менавіта гэтыя краіны былі галоўнымі адвакатамі палітыкі дыялёгу з Лукашэнкам. І цяпер ЭЗ перапыняе дыялёг, будзе імкнуцца спыніць бізнэс-кантакты. Вось не дазволілі прыехаць у Бэрлін намесьніцы міністра сельскай гаспадаркі. А для Беларусі было б вельмі важна мець эўрапейскі рынак для сваёй сельгаспрадукцыі».

Дачыненьні Беларусі з Захадам


Карбалевіч: «Найбольш важная цяпер тэма — гэта дачыненьні Беларусі з Захадам. Лукашэнка вельмі жорстка ацаніў пазыцыю ЭЗ, пацьвердзіў вэрсію пра датычнасьць некаторых эўрапейскіх дзяржаў да змовы, абвінаваціў Польшчу. А зь іншага боку — заявіў пра гатоўнасьць да кампрамісу. Што гэта значыць?»

Старыкевіч: «У гэтай прамове Лукашэнка зьвяртаўся да розных аўдыторый. Абвінавачваньне ў бок Захаду адрасавана ўнутранай аўдыторыі, якая дрэнна інфармаваная. Бо трэба ж патлумачыць насельніцтву рэпрэсіі супраць апазыцыі, канфлікт з Захадам.
Заява пра гатоўнасьць шукаць кампраміс — спроба прадаць Захаду паветра напярэдадні рашэньня ЭЗ пра санкцыі 31 студзеня.


Для афіцыйнага Менску было нечаканым адзінства Захаду, найперш — ЭЗ. Менск імкнуўся праз свае былыя кантакты неяк разгайдаць гэтую сытуацыю, але нічога не атрымліваецца. Скарыстоўваюцца прыёмы, якія давалі плён два апошнія гады. Гэта гульня, маніпуляваньне Эўропай праз пазытыўныя сыгналы.

Рэжыму важна наладзіць дыялёг з Захадам. Бо, застаўшыся сам-насам з Расеяй, Менск ужо пачаў атрымліваць „падарункі“ з Масквы ў выглядзе нафтавага пагадненьня. І гэтая заява пра гатоўнасьць шукаць кампраміс — і ёсьць спроба прадаць Захаду паветра напярэдадні рашэньня ЭЗ пра санкцыі 31 студзеня. Каб зблытаць эўрапейцам карты».

Дынько: «Думаю, ідзе гульня для беларускай неінфармаванай аўдыторыі. І больш нічога. Толькі непісьменны чалавек можа паверыць, што Польшча, якая пасьля вайны атрымала заходнія землі, імкнецца перагледзець пасьляваенныя межы.

У выступе Лукашэнкі была цудоўная фраза: „Раз я пра гэта кажу, значыць, ёсьць факты“. Але можа здарыцца так, што гэтым разам Лукашэнка дагаворыцца, і межы цярпеньня Захаду будуць пяройдзены. Ён кажа, што змову арганізавалі нямецкія спэцслужбы. Гэтым спэцслужбам дасюль было пляваць на Лукашэнку. Але пасьля гэтых слоў яны могуць атрымаць заданьне ўсур’ёз заняцца Беларусьсю.

19 сьнежня Лукашэнка хацеў забіць двух зайцоў адным стрэлам: разграміць апазыцыю і дамагчыся прызнаньня выбараў Захадам. Але гэта ж немагчыма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG