Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы дэманстрантаў выйшлі сёньня на вуліцы Каіру. Адбыліся сутыкненьні з паліцыяй. Прыхільнікі ісламскай апазыцыі актывізуюць ціск на кіраўніцтва Эгіпту.

Сёньня, пасьля пятнічнага малебну, ісламскія лідэры заклікалі сваіх прыхільнікаў далучыцца да антыўрадавых маніфэстацый у Каіры.

Паліцыя распачала страляніну гумавымі кулямі і скарыстала вадамёты для разгону натоўпу. Паведамленьняў пра чалавечыя ахвяры не было.

Галоўны рэдактар незалежнай газэты “Аль-Масры аль-Юм” быў сьведкам аднаго з сутыкненьняў дэманстрантаў з паліцыяй:

“Сілы бясьпекі паводзілі сябе з пратэстоўцамі вельмі брутальна. Выкарыстоўвалі ўсё, каб разагнаць маніфэстантаў. Пяць хвілінаў таму была вялізная дэманстрацыя каля нашага будынку, і паліцыя закідала людзей газавымі і сьлезацечнымі шашкамі, і мы тут, у рэдакцыі, на чацьвертым і пятым паверхах, у масках, таму што вельмі цяжка дыхаць пасьля выкарыстаньня сьлезацечнага газу”.

Паведамляецца, што ўрад Эгіпту закрыла мабільную тэлефонную сетку краіны і заблякаваў Інтэрнэт – у мэтах спыніць пашырэньне масавых пратэстаў.

Адзін з найбольш буйных апазыцыйных рухаў “Мусульманскае братэрства” заявіў сёньня, што пяцёра яе лідэраў і пяцёра былых членаў парлямэнту арыштаваныя.

Да сёньняшняга дня ў масавых акцыях ня бралі актыўнага ўдзелу арганізаваныя ісламскія арганізацыі. Пратэстоўцы, натхнёныя падзеямі ў Тунісе, дамагаюцца адстаўку прэзыдэнта Эгіпту Мубарака, які ўжо трыццаць гадоў трымае манаполію на ўладу.

Пратэстоўцаў падтрымаў ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, былы дырэктар МАГАТЭ Аль-Барадэй, які ў чацьвер прыбыў у Эгіпет.

Урад Мубарака, тым часам, не выяўляе ніякіх прыкмет гатоўнасьці пачаць дыялёг з пратэстоўцамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG