Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Права на канфідэнцыйныя сустрэчы па-ранейшаму парушаецца»


Экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева пасьля месячнага перапынку наведалі адвакаты. З астатнімі вязьнямі турмы КДБ «амэрыканка» кантакты па-ранейшаму мінімальныя.

28 студзеня каля 11-й гадзіны дня адвакат Уладзімера Някляева Тамара Сідарэнка разам з другім абаронцам прыйшлі ў КДБ для ўдзелу ў сьледчым дзеяньні разам з падабаронным. Пасьля абеду адвакаты выйшлі з КДБ.

Тамара Сідарэнка: «Было сьледчае дзеяньне — допыт Някляева. Выглядае, дзякуй Богу, нармальна. Асабліва пагаварыць не ўдалося, бо падчас допыту гэта немагчыма. Спадзяюся, на наступным тыдні атрымаць дазвол на канфідэнцыйную сустрэчу. Бо ўжо столькі абяцаньняў наконт гэтага прагучала. Скаргаў ад яго на нешта не пачула. Допыт цягнуўся 3 гадзіны».
Было сьледчае дзеяньне — допыт Някляева. Выглядае, дзякуй Богу, нармальна.

Апошнім разам адвакатка бачылася са сваім падабаронным 29 сьнежня мінулага году.

Напярэдадні, увечары 27 студзеня, з Андрэем Саньнікавым сустрэўся ягоны адвакат Павал Сапелка. Адвакат паведаміў, што гэта была не канфідэнцыйная сустрэча, а ўдзел у сьледчых дзеяньнях. Паводле адваката, яны «пачаліся ўвечары і скончыліся ноччу». Да гэтага Павал Сапелка дадаў:

«Скажыце так, што адвакат Сапелка адмовіўся ад усіх камэнтароў. Што да права на канфідэнцыйныя сустрэчы, лічу, што яно па-ранейшаму парушаецца. Я працягваю настойваць на такіх сустрэчах і скардзіцца на тое, што іх не дазваляюць».

Адваката Мікалая Статкевіча Тацяну Станкевіч на сустрэчу з падабаронным не выклікалі з 29 сьнежня. Зьвестак пра тое, калі адбудзецца наступнае сьледчае дзеяньне з удзелам Статкевіча, адвакат ня мае. Гэтаксама і пра тое, ці спыніў Мікалай Статкевіч галадоўку.

Мілана Міхалевіч, жонка яшчэ аднаго кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, атрымала ад мужа адразу тры лісты. А вось сустрэчы з адвакатам Міхалевічу не дазваляюць. Пра лісты Мілана Міхалевіч кажа:

«Піша, што спадзяецца, што будуць прыходзіць газэты, бо ён аформіў падпіску, што набыў кніжку, але ня піша, якую, і што гуляюць кожны дзень».

Калі палічыць, колькі я яму напісала, то 10 адсоткаў маіх лістоў да яго даходзяць.
У адным зь лістоў Алесь Міхалевіч паведаміў, што атрымаў ад жонкі адзін кароткі ліст. «Калі палічыць, колькі я яму напісала, то 10 адсоткаў маіх лістоў да яго даходзяць», — падсумавала Мілана Міхалевіч.

Паводле зьвестак Вольгі Бандарэнкі, актывісткі камітэту сваякоў вязьняў «Вызваленьне», ліст ад маці атрымала таксама рэдактарка сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна. А вось сама Вольга Бандарэнка не адчула, каб нешта зьмянілася ў лепшы бок у кантактах яе мужа, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі, з воляй. Ад Бандарэнкі прыйшоў толькі адзін кароткі ліст, адваката да яго таксама не дапускаюць. 27 студзеня Вользе Бандарэнцы ўдалося сустрэцца з генэральным пракурорам Рыгорам Васілевічам і распавесьці яму пра гэтыя праблемы. Ці што зьмянілася на наступны дзень?

«Самае сьмешнае, што сёньня мне брудную бялізну так і ня выдалі. Хоць Дзіма напісаў, што падаў адпаведную заяву, але сёньня мне зноў адмовілі. Між тым некаторым і без заявы аддаюць брудную бялізну. Гэта ўжо нагадвае нейкі зьдзек».

Бацька Насты Палажанкі паведаміў, што ўчора адваката спачатку выклікалі ў КДБ на 28 студзеня для ўдзелу ў сьледчым дзеяньні разам з Настай, але раніцай выклік анулявалі. Прычыны Ўладзімеру Палажанку невядомыя.
XS
SM
MD
LG