Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
ЗША і Эўразьвяз рыхтуюцца ўвесьці санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва за несумленныя выбары прэзыдэнта і разгортваньне хвалі палітычных рэпрэсій.

У наступны панядзелак Рада Эўрапейскага Зьвязу будзе разглядаць пытаньне пра санкцыі адносна беларускіх уладаў. Як паведамляюць дыпляматычныя крыніцы, на сёньня ўжо гатовы сьпіс з больш чым 100 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краін Зьвязу. Гэты сьпіс маюць зацьвердзіць міністры замежных спраў 27 краін Эўразьвязу.

Візавыя санкцыі стануць адказам на рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць апазыцыі, якія разгарнуліся пасьля выбараў 19 сьнежня. Раней некалькі краін — у прыватнасьці, Літва, Латвія і Італія — выказвалі сумневы наконт таго, ці патрэбныя такія санкцыі, але цяпер ужо ўсе згодныя зь імі.

Тым часам працягваецца дыскусія наконт эканамічных санкцыяў Эўразьвязу адносна беларускіх уладаў. Частка краін выступае супраць, мяркуючы, што эканамічныя санкцыі ўдараць па простых грамадзянах Беларусі, іншыя выказваюцца за максымальна суровыя захады, аж да абмежаваньня гандлю зь Беларусьсю. Літоўскі дэпутат Эгідыюс Варэйкіс мяркуе, што пакуль Эўразьвяз абмяжуецца візавымі санкцыямі адносна беларускіх уладаў і падтрымкай грамадзянскай супольнасьці краіны:
апрача візавых, санкцыяў ня будзе ...

"Я думаю, што, апрача візавых, санкцыяў ня будзе. Я б хацеў, каб было больш… Але ў нас стратэгічная мэта такая, каб аддзяліць дыктатуру, дыктарскую адміністрацыю ад народу Беларусі".

ЗША таксама вызначыліся са сваёй рэакцыяй на хвалю рэпрэсіяў у Беларусі.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Філіп Гордан учора заявіў, што гэта будуць больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму і больш адчувальная падтрымка грамадзянскай супольнасьці.

Філіп Гордан
У прыватнасьці, Вашынгтон зьбіраецца аднавіць санкцыі супраць "Белнафтахіму", пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША, і ўвесьці дадатковыя фінансавыя санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асоб Беларусі. Гэтыя санкцыі, як заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Томас Мэлія, таксама будуць абвешчаныя бліжэйшымі днямі.

Эўразьвяз і ЗША дэкляруюць каардынацыю сваіх дзеяньняў адносна афіцыйнага Менску. Але выніковыя прапановы наконт санкцыяў у іх выявіліся рознымі. Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў гэтак патлумачыў розьніцу ў падыходах Эўразьвязу і ЗША да санкцыяў супраць беларускіх уладаў:

Андрэй Фёдараў
"Розьніца выкліканая тым, што, па-першае, ЗША — гэта адзіная дзяржава, дзе рашэньні прымаюцца адным цэнтрам. А Эўразьвяз — гэта 27 краінаў, яны мусяць прыняць аднагалосна сваё рашэньне па эканамічных санкцыях. Па-другое, у Беларусі са Злучанымі Штатамі летась таваразварот склаў 300 мільёнаў даляраў. Зразумела, што ЗША практычна нічога ня страцяць ад яго скарачэньня. А пэўныя краіны Эўразьвязу, як Літва, Латвія, могуць вельмі істотна пацярпець".

Андрэй Фёдараў згадвае, што беларускія ўлады балюча рэагавалі на санкцыі супраць "Белнафтахіму", на візавыя санкцыі, але ў цэлым ён скептычна ставіцца да дзейснасьці прапанаваных санкцыяў ЗША і Эўразьвязу ў цяперашніх умовах:

"Няма эфэктыўных сродкаў узьдзеяньня на беларускія ўлады, калі шчыра казаць. Бо за сьпінай у іх заўсёды знаходзіцца Масква, якая заўсёды іх падтрымае".

Спадар Фёдараў больш важнымі, чым санкцыі супраць беларускіх уладаў, лічыць дэкляраваныя ЗША і Эўразьвязам праграмы падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG