Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па выніках дэбатаў Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю, у якой не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і лічыць неабходным увядзеньне санкцый. Падрабязнасьці галасаваньня і рэакцыя зь Менску.

За рэзалюцыю прагаласавала пераважная бальшыня дэпутатаў Асамблеі. У абарону афіцыйнага Менску выступілі толькі прадстаўнікі расейскай дэлегацыі разам зь лідэрам Кампартыі Расеі Генадзем Зюганавым. Дэпутат ад Літвы Эмануэліс Зінгерыс пасьля галасаваньня па рэзалюцыі распавёў карэспандэнту "Свабоды":

"Спадар Зюганаў вучыў, як трэба жыць. Ён крычаў, што доўга назірае за мной і за маім галасаваньнем не ў такт зь ім. Гэта было вельмі сьмешна. Ён напэўна забыўся, што я не грамадзянін Расеі і не належу да яго камуністычнай ячэйкі. Гэта вельмі сьмешна. Хоць бы адзін сябра дэлегацыі выказаўся супраць Лукашэнкі. Гэта ж сорам - уся дэлегацыя Расеі падставіла плячо Лукашэнку, яны што вар'яты? Хоць бы аднаго знайшлі".

Паводле спадара Зінгерыса, прынятая раней рэзалюцыя Эўрапарлямэнту "на дзюйм больш моцная", бо там ёсьць патрабаваньне пра неабходнасьць правядзеньня новых выбараў. Гэтая папраўка не прайшла, хаця ПАРЭ не прызнае вынікаў выбараў у Беларусі і заяўляе, што яны не сапраўдныя. Асамблея заклікала палітычныя партыі Эўропы аказаць падтрымку ў тым ліку і фінансавую блізкім па поглядам палітычным партыям ў Беларусі.

"Каб пасьля ўдару нанесенага адміністрацыяй Лукашэнкі паставіць іх на ногі, каб сыстэма палітычных партый зноў запрацавала ў Беларусі. Я думаю, што агулам рэзалюцыя атрымалася нядрэнная. Яна гаворыць, што трэба адкрыць беларусам дзьверы ў Эўропу ў адказ на дзеяньні рэжыму, падтрымліваць беларускае студэнцтва".

Падчас дэбатаў у Страсбуры Эмануэліс Зінгерыс прачытаў прозьвішчы зьняволеных у СІЗА КДБ. Ён заклікаў у чарговы раз вярнуцца да беларускай праблематыкі толькі тады, калі гэтыя вязьні будуць вызваленыя і "будуць тут разам з намі".

"У Беларусі рэжым усё ж змог залезьці на плечы свайго народа і ўзурпаваць уладу. І зноў аднавіць страх і паслухмянасьць, і проста валодаць сваім народам. Гэту страшную справу усе разьбіралі з жахам, апроч спадара Зюганава і, на жаль, амаль усіх сяброў расейскай дэлегацыі. Хаця б мінімальнае рабілі – папрасілі б, каб адчынілі вароты турмаў і выпусьцілі ўсіх палітвязьняў. Я, наогул, такога ня бачыў цягам гадоў, каб усе партыі галасавалі адзінадушна, апроч расейскай дэлегацыі. Адзіны погляд на тое, што нарабіў Лукашэнка ў Менску".

Чаму ж расейская дэлегацыя выступіла ў абарону Лукашэнкі? Паводле палітоляга Алеся Лагвінца, сёньня "самаізаляваны Лукашэнка вельмі выгадны для Расеі, якая хоча мець большы кантроль над Беларусьсю".

"Больш за тое, расейскія дэпутаты, якія прадстаўляюць там Дзярждуму, наўрад ці зьяўляюцца вялікімі дэмакратамі, бо мы ведаем як адбываюцца выбары ў Расеі. І ведаем, з каго складаецца расейская Дзярждума".

Камэнтуючы рэзалюцыю ПАРЭ намесьнік старшыні АГП Леў Марголін адзначыў, што яго радуе пасьлядоўнасьць эўрапейскіх структураў.

Кар.: Але Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што ён нікога не баіцца:ні санкцый, ні эўрапейскіх структураў?

"Я ўжо навучыўся разумець Лукашэнку наадварот. Калі ён кажа, што не баіцца санкцый, гэта азначае, што ён іх баіцца. Той, хто не баіцца ваўка, не ўспамінае пра яго кожную хвіліну. Ён вельмі баіцца санкцый і той таемны візыт Макея ў Літву таксама пра нешта сьведчыць. Таму Эўропа, ЗША і дэмакратычная супольнасьць Беларусі дзейнічаюць у правільным накірунку".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG