Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыстэма СІЗА не зацікаўленая ў належнай мэдычнай дапамозе вязьням


Колішні палітвязень, гарадзенскі прадпрымальнік і грамадзкі дзеяч, кіраўнік прававога інтэрнэт-праекту ZoneBY.net Валер Леванеўскі катэгарычна аспрэчвае нядаўнюю заяву беларускай Генпракуратуры. З заявы вынікае, што затрыманыя 19—20 сьнежня прадстаўнікі беларускай апазыцыі, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ, ня маюць аніякіх скаргаў, што рэжым іх утрыманьня адпавядае патрабаваньням нарматыўных дакумэнтаў, а іх здароўе цалкам здавальняючае. У выпадку ж неабходнасьці, маўляў, ім аказваецца кваліфікаваная мэдычная дапамога.

Леванеўскі ўзгадвае ўласны прыклад. Падчас ягонага ўтрыманьня ў СІЗА афіцыйна паведамлялася, што да яго прыходзілі пракуроры з праверкай і засьведчылі адсутнасьць усякіх скаргаў, аднак сам Леванеўскі тых правяральнікаў так і не пабачыў. Што да "кваліфікаванай мэдычнай дапамогі ў СІЗА", то, паводле колішняга палітвязьня, гэта немагчыма, бо супярэчыць галоўнай мэце беларускіх сьледчых ізалятараў — зламаць волю чалавека і зрабіць зь яго інваліда.

Сьледчыя робяць усё, каб канчаткова сапсаваць здароўе палітвязьню


Абвінавачаны ў паклёпе на прэзыдэнта краіны, Валер Леванеўскі правёў у гарадзенскім СІЗА шэсьць месяцаў. Гэта чвэрць тэрміну, які яму ўрэшце прысудзілі, прычым, як ён кажа, самая цяжкая. Паводле Валера Леванеўскага, ва ўмовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы ня дзейнічае як мае быць аніводзін артыкул Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі. Парушэньні тычацца і права зьняволенага на атрыманьне належнай мэдычнай дапамогі.

Леванеўскі: "У СІЗА няма нейкіх належных мэдычных паслуг ці нейкага нармальнага мэдычнага агляду. Там адзін-два лекары, але яны цалкам залежаць ад кіраўніцтва СІЗА і сьледчых. Бо галоўная мэта СІЗА — гэта зламаць волю чалавека. Ёсьць мэта, каб гэты чалавек болей хварэў, а таму на яго чыніцца самы розны ціск. Я сумняюся, што яны будуць аказваць нейкую належную мэдычную дапамогу. У якасьці прыкладу — Міхаіл Марыніч, які быў вызвалены датэрмінова, але стаў інвалідам на ўсё жыцьцё. Яны будуць спрабаваць даводзіць і цяперашніх вязьняў да таго, каб канчаткова сапсаваць ім здароўе. Каб тыя, калі выйдуць на волю, не маглі б займацца нейкай актыўнай дзейнасьцю, а займаліся выключна сваім здароўем. Я зыходжу з уласнага досьведу. Мяне даводзілі шматразова да розных сардэчных прыступаў настолькі рэгулярна, што я да гэтага нават і прызвычаіўся".

Як псыхічна прэсуюць вязьняў СІЗА?


"Свабода": "Даводзілася чуць ад праваабаронцаў пра розныя "прэс-хаты", калі ў камэру да палітычных ці эканамічных вязьняў кідаюць розных падсадных, каб выцягваць паказаньні. Кажуць, што такое прэсаваньне можа разбуральна адбіцца на псыхіцы зьняволенага. На падставе вашага ўласнага досьведу і той інфармацыі, якая зьбягаецца да вас, што б вы маглі сказаць пра гэта?"

Леванеўскі: "Сыстэма ўціску ў СІЗА вельмі моцна разьвітая, і там вельмі моцна прэсуюць. Гэта я ведаю па сабе. У камэры падсаджваюць пэўных людзей, галоўная мэта якіх — узьдзейнічаць на псыхіку. Таксама гэтыя людзі могуць узьдзейнічаць і фізычна. Асабліва калі чалавек мае праблемы са здароўем. Там правакацыяў і нягодніцтва шмат. Гэта заўсёды даводзіцца спыняць".

"Свабода": "Гэта тычыцца і СІЗА КДБ?

Леванеўскі: "Дакладна. Напрыклад, там у камэры сядзяць чатыры чалавекі. Зь іх трое — тыя, якія займаюцца прэсаваньнем, якія могуць правакаваць на бойку, якія могуць падліваць ці падсыпаць усё што заўгодна ў гарбату. Яны могуць ствараць вельмі напружаную атмасфэру. Расказваць вязьню гісторыі, кшталту таго, што ў яго сям’і здарылася штосьці сур’ёзнае, каб давесьці яго да нэрвовага зрыву. Гэта робіцца 24 гадзіны ў суткі. Ці іншы момант. Паводле раскладу ў СІЗА, напрыклад, можна спаць з 22-й гадзіны да 6-й. Днём элемэнтарна могуць ня даць прылегчы. А ўначы пачынаюць займацца спортам. Атрымліваецца, што чалавек ня сьпіць ані днём, ані ноччу. А дзьве-тры ночы не паспаў — чалавек ужо ніякі. Мне самому, напрыклад, тыднямі не давалі спаць. Робяцца многія рэчы, каб зламаць чалавека псыхічна і, як вынік, фізычна. Я думаю, што гэта галоўная прычына, чаму не пускаюць адвакатаў. Ідуць парушэньні, ідзе прэсаваньне дзеля таго, каб людзі пачалі даваць паказаньні супраць сябе".

Што рабіць блізкім палітвязьняў?


"Свабода": "Вернемся да прэсаваньня праз, так бы мовіць, тэму блізкіх. Вядома, што ў вязьняў на волі засталіся сваякі і блізкія, у тым ліку бацькі — ня самыя маладыя і ня самыя здаровыя. Адсутнасьць усялякай інфармацыі пра дзяцей, нядопуск адвакатаў, неатрыманьне вязьнямі лістоў з дому (як адзначаюць, напрыклад, маці Андрэя Саньнікава ці бацькі Ірыны Халіп), неатрыманьне імі неабходных мэдыкамэнтаў (як адзначае маці Паўла Севярынца) прымушае хвалявацца, ня спаць і думаць пра ўсё самае горшае. Тут магчымыя і стрэсы, і бяссонныя ночы, і розныя хваробы. Пра што сьледчы, зыходзячы са сваіх інтарэсаў, абавязкова паведаміць арыштаванаму. Што рабіць у выпадку падобнай ізаляцыі?

Леванеўскі: "У любым выпадку я заклікаю блізкіх да актыўнасьці. Патрабуецца высокая актыўнасьць сваякоў і блізкіх на волі, каб тыя болей пісалі і патрабавалі спатканьняў. Спатканьняў па розных пытаньнях трэба патрабаваць некалькі разоў на тыдзень. Хай адмаўляюць. Аднак будзе, як кажуць на зоне, "движуха". Будуць ведаць, што на волі гэтае пытаньне кімсьці кантралюецца. Таксама абавязкова на імя кіраўніка СІЗА пісаць заявы з патрабаваньнем тлумачэньняў, чаму сын ці муж не атрымлівае перададзеных мэдыкамэнтаў. Бо мэдыкамэнты ў СІЗА або ў турму прыходзяць праз мэдчастку. І лекар вырашае, ці можна дазволіць прыём мэдыкамэнту і колькі разоў на дзень. Падобны гучны рух на волі неабходны, бо прадстаўнікі турэмнай сыстэмы прызвычаіліся, што сваякі зэкаў, як правіла, маўчаць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG