Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар: “Беларускі транзыт газу стане Эўропе непатрэбны”


Расейская газэта “Взгляд” цытуе новага камісара Эўразьвязу ў пытаньнях энэргетыкі Гюнтэра Отынгера, які заявіў, што ўвядзеньне ў дзеяньне газаправодаў “Паўночны паток” і “Паўднёвы паток” зробіць непатрэбным транзыт вуглевадародаў праз тэрыторыю Ўкраіны і Беларусі.

Прапануем вам скарочаны пераклад публікацыі.

Увядзеньне ў дзеяньне газаправодаў “Паўночны паток” і “Паўднёвы паток” зробіць непатрэбным транзыт вуглевадародаў праз тэрыторыю Ўкраіны і Беларусі. Такую заяву зрабіў эўракамісар у пытаньнях энэргетыкі Гюнтэр Отынгер.

Адмаўляючыся ад транзыту, чыноўнік разьлічвае атрымліваць газ і па трубаправодзе Nabucco, які канкуруе з “Паўднёвым патокам”.

“Расея можа пастаўляць паліва без дапамогі Ўкраіны або Беларусі – цяпер яна экспартуе на эўрапейскі рынак 120 мільярдаў кубамэтраў газу”, – растлумачыў эўракамісар.

Між тым беларускі ўрад ужо цяпер прагназуе, што да 2012 году аб'ёмы транзыту расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі зьнізяцца на 25% у параўнаньні з 2009 годам. Такія лічбы прынятыя за аснову ў апублікаванай “Стратэгіі разьвіцьця транзытнага патэнцыялу Беларусі на 2011 – 2015 гады”. Прычым галоўнай прычынай такога зьніжэньня наўпрост называецца будаўніцтва “Паўночнага” і “Паўднёвага” патокаў.

Варта адзначыць, што, нягледзячы на гатовасьць адмовіцца ад транзыту газу па тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі і гатовасьць атрымліваць газ з абводных трубаправодаў, Гюнтэр Отынгер выказаў падтрымку праекту Nabucco.

Паводле эўракамісара, краіны Касьпійскага рэгіёну падтрымалі праект газаправоду Nabucco і прадставілі канкрэтныя пляны паставак газу. Адпаведныя дамоўленасьці былі дасягнутыя падчас паездкі прадстаўнікоў Эўракамісіі ў Туркмэністан і Азэрбайджан.
Увядзеньне ў дзеяньне “Паўднёвага” і “Паўночнага” патокаў сапраўды можа адбіцца на транзыце газу праз тэрыторыю Ўкраіны і Беларусі...


“Увядзеньне ў дзеяньне “Паўднёвага” і “Паўночнага” патокаў сапраўды можа адбіцца на транзыце газу праз тэрыторыю Ўкраіны і Беларусі, – лічыць намесьнік начальніка аналітычнага аддзелу кампаніі “Грандзіс Капітал” Цімур Хайрулін. – Здабыча “Газпрому” расьце вельмі павольна, і нават разам зь незалежнымі вытворцамі газу Расеі будзе цяжка ў найбліжэйшыя некалькі гадоў нарасьціць здабычу больш чым на 100 млрд. кубамэтраў (сукупная магутнасьць “Паўднёвага” і “Паўночнага” патокаў)”.

Акрамя таго, экспэрт адзначае, што спажываньне газу ў Эўропе расьце невысокімі тэмпамі і шмат у чым будзе задавальняцца за кошт звадкаванага прыроднага газу, таму частка газу, які цяпер ідзе па тэрыторыі дзяржаваў-транзітэраў, хутчэй за ўсё, будзе перапампоўвацца па новых трубаправодах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG