Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці «выцягне» Мясьніковіч беларусаў да ўзроўню жыцьця эўрапейцаў?


Сёньня Палата прадстаўнікоў аднагалосна дала сваю згоду на прызначэньне Міхаіла Мясьніковіча кіраўніком беларускага ўраду. Перад галасаваньнем пра задачы новага ўраду гадзіну прамаўляў Аляксандар Лукашэнка. Ён сказаў, што новы прэм’ер павінен празь пяць год вывесьці беларусаў на сярэднеэўрапейскі ровень жыцьця.

Працэдура згоды дэпутатаў на прызначэньне новага кіраўніка ўраду прапісаная ў Канстытуцыі. Але ў Беларусі яна ўжо даўно стала фармальнай справай з загадзя вядомым вынікам. Таму звычайна кандыдата ў прэм’еры прадстаўляе кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі. Але сёньня гэтыя функцыі ўзяў на сябе кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка патлумачыў гэта складанасьцю задач, якія ён паставіў новаму ўраду. Усяго ён назваў іх шэсьць — ад структурнай перабудовы ўсёй эканомікі да дэбюракратызацыі на ўсіх роўнях улады. Усё гэта скіравана на жаданьне дагнаць эўрапейцаў па дабрабыце. І самы галоўны крок на гэтым пяцігадовым шляху — пераход ад адмоўнага да станоўчага сальда ў зьнешнім гандлі. Гэты вынік трэба атрымаць ужо ў 2014 годзе, а яшчэ праз два гады — дагнаць эўрапейцаў.

Чаму гэтую задачу будзе рашаць менавіта Мясьніковіч, Лукашэнка патлумачыў дэпутатам так:

«Ён ведае, што такое нана-, бія-, лазэрныя, фармакалягічныя, касьмічныя ды іншыя перадавыя тэхналёгіі. Ён зможа вызначыць, якія з гэтых кірункаў нам лепей разьвіваць».

Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа: у эканамічнай тэорыі праблема станоўчага сальда плацёжнага балянсу наагул не фармулюецца:

«Гэта абсалютна неадукаваная пастаноўка пытаньня. Гэта ніколі не зьяўляецца пастаноўкай пытаньня ў макраэканоміцы. Гэта нейкі вясковы, каляніяльны падыход. І каля б я ня ведаў, што размова ідзе пра Беларусь, Лукашэнку, Мясьніковіча, я б сказаў, што гэта, зразумела, краіна малаадукаваная».

Апошнюю траціну свайго выступу Аляксандар Лукашэнка прысьвяціў палітычнай сытуацыі. Ён абвінаваціў Захад у стварэньні пятай калёны. «Гэтая калёна стваралася пад Варшавай, Бэрлінам і Брусэлем», — заявіў кіраўнік Беларусі. Найбольшыя папрокі з боку Лукашэнкі гучалі на адрас Нямеччыны і Польшчы. Так, напрыклад, дзейнасьць палякаў ён тлумачыў тым, што некаторыя польскія палітыкі дагэтуль бачаць мяжу сваёй краіны «па Менску». Лукашэнка таксама заявіў, што ён не баіцца магчымых візавых санкцыяў:

«Вы (Захад. — Свабода) мяне пужаеце санкцыямі (візамі і іншым) — ды Гасподзь з вамі. Я ўжо жыву ў гэтым візавым абмежаваньні, напэўна, дзясятак гадоў. Жывы, здаровы пакуль. Вось зараза нейкая прычапілася, голас хрыпіць. Але пройдзе. Таму пужаць мяне беспэрспэктыўна, думаю, і вас (дэпутаты і прысутныя ў Авальнай залі. — Свабода) таксама. Ня трэба нас пужаць».

Алесь Лагвінец
Палітоляг Алесь Лагвінец так камэнтуе гэтыя выказваньні:

«Афіцыйна ніхто ня чуў заяваў ад польскіх палітыкаў наконт зьмены межаў. Існуюць міжнародныя дамовы. Польшча як чалец Эўразьвязу іх прытрымліваецца. І словы Лукашэнкі — гэта словы чалавека, які проста адарваны ад рэчаіснасьці міжнародных праўных нормаў.

Можа, візавыя санкцыі не турбуюць асабіста Аляксандра Лукашэнку. І гэта зразумела. Бо пасьля таго, што ён нарабіў і працягвае рабіць, наўрад ці якія палітыкі захочуць зь ім сустракацца.

А тое, што тычыцца візавых санкцыяў і магчымага іх узьдзеяньня на прадстаўнікоў рэпрэсіўнага апарату і тых людзей, што былі задзейнічаныя ў фальшаваньні выбараў, то я думаю, што пытаньне тут не такое адназначнае. І пэўны эфэкт ад візавых санкцыяў можа быць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG