Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве згадалі ахвяраў Галакосту


Сёньня ў Магілёве да мэмарыяльнага знаку «Ў памяць пра габрэяў — ахвяр нацызму» прыйшлі тры дзясяткі прадстаўнікоў мясцовай габрэйскай грамады. Запаліўшы шэсьць сьвечак ля каменя з высечанымі далонямі, яны згадалі шэсьць мільёнаў суродзічаў, забітых падчас Галакосту. Прагучала памінальная малітва.

«Габрэі ніколі не забываюцца пра Галакост. Гэты дзень важны перадусім для моладзі. Яны павінны ведаць, што адбывалася й што трэба рабіць, каб больш гэта не паўтаралася. Гэты дзень таксама — знак усяму чалавецтву, бо трагедыі народаў працягваюцца. Чалавецтва павінна памятаць, што каштоўнасьці чалавечага жыцьця абсалютныя. Мы павінны шанаваць права чалавека на жыцьцё й на тое, што ён такі, якім яго стварыў Бог. Усясьветны дзень Галакосту — гэта напамін, што чалавек павінен заставацца чалавекам у любых сытуацыях на зямлі», зазначыў стараста магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн.

Мэмарыяльны знак «У памяць пра габрэяў — ахвяр нацызму» ўсталяваны на месцы, дзе фашысты плянавалі паставіць вароты ў гета. Сродкі на яго габрэі зьбіралі талакой. Ад рук фашыстаў у Магілёве загінулі больш за дзесяць тысяч габрэяў.
Шэсьць сьвечак у памяць пра шэсьць мільёнаў забітых.
Удзельнікі памінальнай акцыі.
Памінальная малітва
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG