Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская будзённасьць: звальненьні, допыты ў КДБ, пагрозы ўладаў


Апазыцыйных актывістаў у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты ў КДБ. Тым часам і мясцовыя ўлады ўзмацняюць ціск на людзей, якія ў час прэзыдэнцкіх выбараў дапамагалі кандыдатам ад апазыцыі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Актывіст падае ў суд на пракуратуру

У чацьвер у другой палове дня ў Гомельскую ўправу КДБ быў выкліканы Юры Клімовіч — давераная асоба былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, рэгіянальны каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»:

Юры Клімовіч
«Сьледчы выклікае мяне на размову, і гэта бяз позвы. Мне гэта ўдвайне цікава: а што ім перашкаджала выпісаць, напрыклад, мне позву? Тут усё незразумела. Тым больш што зараз ідзе сьледзтва. А раз ідзе сьледзтва, то хіба пытаньне вялікае — позву напісаць?»

Новыя ператрусы ў рэгіёне актывіст зьвязвае з пэўнымі цяжкасьцямі, зь якімі, хутчэй за ўсё, сутыкнуліся спэцслужбы ў часе дасьледаваньня справы аб падзеях 19 сьнежня. Зь юрыдычнага гледзішча выхад людзей на плошчу ў Менску і пабітыя вокны ў Доме ўраду складана нават кваліфікаваць як масавыя беспарадкі.

Клімовіч: «Я лічу, што проста не хапае матэрыялаў у цэнтры, і яны націскаюць у рэгіёнах — працуе бюракратычная машына. Таму што калі прыходзілі першы раз зь ператрусамі, яны дакладна ня ведалі, што шукалі: інфармацыю, датычную плошчы. Гэта ж абстрактна абсалютна».

Зараз актывіст разам зь іншымі пацярпелымі ад масавых рэпрэсій наважваецца распачаць судовую справу:

«Я зьбіраўся зараз распачаць судовую справу супраць пракуратуры — ня супраць КДБ, а супраць пракуратуры: на якой падставе пракуроры падпісвалі пастановы на ператрус, выняцьце кампутараў ды іншага ў людзей, якія ніякім бокам дачыненьня да гэтай плошчы ня мелі, не былі там?

У мяне забралі сыстэмны блёк, і я без кампутара. Гэта, мякка кажучы, нязручна. Кажу: вас цікавіць не жалезьзе — вас цікавіць зьмесьціва. У вас дастаткова было часу, каб цалкам спампаваць зьмесьціва кампутара і не дурыць мне галавы — вярнуць мне гэтае жалеза».

Юры Клімовіч — сын вядомага ў краіне вязьня сталінскага ГУЛАГу Рыгора Клімовіча, аўтара кнігі «Конец Горлага».

10 студзеня ператрус у кватэры актывіста зрабілі чацьвёра гомельскіх чэкістаў, якіх ачольваў капітан Андрэй Мельнікаў. У спадара Клімовіча забралі кампутар, розныя інфармацыйныя матэрыялы перадвыбарчай кампаніі Віталя Рымашэўскага.

Юры Клімовіч нават тэарэтычна ня мог знаходзіцца 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. 18 сьнежня, напярэдадні асноўнага дня галасаваньня, яго прэвэнтыўна затрымалі міліцыянты ў Гомелі нібыта за лаянку й пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А 20 сьнежня судзьдзя Цэнтральнага суду Гомелю Марына Дамненка пакарала актывіста арыштам на 15 сутак. На волю Юры Клімовіч выйшаў толькі 2 студзеня.

ВІЦЕБШЧЫНА


Віцебскую актывістку супрацоўнікі КДБ пільнуюць у двары

Жыхарка Віцебску Вікторыя Чыж на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах падтрымлівала Рыгора Кастусёва. Цяпер супрацоўнікаў КДБ цікавіць, ці была яна ў Менску 19 сьнежня і што яна ведае пра віцебскага кіраўніка «Моладзі БНФ» Аляксандра Кузьняцова:

«Выходжу на трэніроўку, а каля пад’езду чакаюць двое. Прадставіліся, што з КДБ. Прапанавалі сесьці да іх у машыну, паразмаўляць быццам бы. Я, вядома, адмовілася. Дык яны тут жа пачалі распытваць — я іду, а яны сьледам. Пра Кузьняцова шмат пыталіся: ці знаёмыя мы, чым ён займаецца, і дзе я была 19 сьнежня».
Прапанавалі сесьці да іх у машыну, паразмаўляць быццам бы. Я, вядома, адмовілася. Дык яны тут жа пачалі распытваць — я іду, а яны сьледам.


Паводле Вікторыі Чыж, запрашэньні на размову ў КДБ спачатку былі праз тэлефон:

«Да гэтага мне яшчэ тэлефанавалі пару разоў. Нумар быў засакрэчаны, так што я яго ня ведаю. Нехта казаў, што трэба сустрэцца, пагаварыць пра падзеі 19-га, хто быў у Менску зь Віцебску… Потым я сказала, што размаўляць так ня буду — дасылайце позву. Але калі ўжо каля дома падпільнавалі — гэта было занадта!»

Незадоўга да дня прэзыдэнцкіх выбараў актывістка «Моладзі БНФ» Вікторыя Чыж страціла працу. Як ёй стала вядома, таксама ня без уплыву супрацоўнікаў КДБ. І здарылася гэта якраз падчас агітацыйнай кампаніі:

«Я працавала на Смаленскім кірмашы. І яшчэ туды з КДБ прыходзілі — але не да мяне, а да майго працадаўцы. Ён мне казаў: маўляў, я ведаю, у якой ты арганізацыі, сыходзіць адтуль трэба… А потым, калі я была ў ініцыятыўнай групе Рыгора Кастусёва, гаспадар да мяне падышоў і звольніў».

У Віцебску рыхтуюцца да мітынгу салідарнасьці з палітвязьнямі?

Віцебскія актывісты розных апазыцыйных партый і рухаў вырашылі выказаць салідарнасьць са зьняволенымі СІЗА КДБ і ўсімі, хто падпадае пад рэпрэсіі пасьля падзей 19 сьнежня. Яны падалі заяўку ў Чыгуначны райвыканкам, каб 13 лютага зладзіць мітынг у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.

Аляксей Гаўруцікаў
Адзін з арганізатараў, Аляксей Гаўруцікаў, адмыслова наведаў гэтае месца, каб ацаніць патэнцыйныя магчымасьці мітынгоўцаў:

«Сьнегу з усіх бакоў — па пояс. Бязьлюдна зусім, я тым быў каля 15-й гадзіны і бачыў літаральна трох пэнсіянэраў, стадыён „Лякаматыў“ занесены сьнегам і ніхто там не займаецца. Атрымліваецца, што да сцэнічнай пляцоўкі, якая вызначана ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, проста няма падыходу. Дзякаваць богу, расчышчаны дарожкі — значыцца, на дарожках і будзем праводзіць мерапрыемства!»

Ці дазволяць віцебскія ўлады акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі, стане вядома не пазьней як 8 лютага.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У райсавеце дэпутату ад БНФ зладзілі абструкцыю

У Магілёве 27 студзеня міліцыянты затрымалі сябра Партыі БНФ Сяргея Нягаціна, удзельніка акцыі салідарнасьці, якая адбылася 16 студзеня ў Магілёве. Яго зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні 16 студзеня. Міліцыянты патлумачылі, што Нягаціна нібыта расшуквае старшыня Ленінскага суду.

Тым часам у Асіповічах дэпутат райсавету Аляксей Цюлькоў вымушаны быў апраўдвацца — чаму ён падчас перадвыбарчай кампаніі працаваў у камандзе апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага.

«Кіраўнік нашага раённага савету сказаў, што нехта там скардзіцца, што я зьяўляўся ў час выбараў даверанай асобай Віталя Рымашэўскага, хаця 77% выбарцаў майго ўчастка галасавалі за Лукашэнку, і на якой падставе я зьбіраўся ехаць на Плошчу. Ён прапанаваў склікаць пазачарговую сэсію».

Далей была сэсія дэпутатаў з адным пытаньнем парадку дня: «Праца дэпутатаў у сваіх акругах». На ёй Цюлькоў выказаў сваё бачаньне палітычнай сытуацыі ў краіне і сваёй працы з выбарцамі:

«Мая пазыцыя кардынальна адрозьніваецца ад пазыцыі іншых дэпутатаў, і гэта была такая абструкцыя. Я ж сярод гэтых людзей як белая варона, зусім чужародны такі элемэнт. Яны на працягу, можа, паўтары гадзіны задавалі мне розныя каверзныя пытаньні»,— кажа Аляксей Цюлькоў.

Старшыня Асіповіцкага райсавету Аляксандар Пузік прызнае, што пазачарговая сэсія была. На ёй крытыкавалі ня толькі дэпутата Аляксея Цюлькова, але і іншых народных абраньнікаў, заяўляе спадар Пузік:

«Ён не прадставіў у апарат раённага савету справаздачу аб сустрэчы з выбарцамі сваёй выбарчай акругі. Таму я сказаў: «Можа, ты саромеесься цяпер ісьці да сваіх выбарцаў, бо 77% прагаласавалі па горадзе за дзейнага кіраўніка дзяржавы, але ты зьбіраў подпісы за апазыцыйнага».

У віну Аляксею Цюлькову старшыня райсавету ставіць таксама й яго няўдзел у назіраньні ад раённага дэпутацкага корпусу. Хаця спадар Пузік і прызнае, што гэта быў не загад, а толькі зварот да дэпутатаў. Ад каго паступіла скарга на Цюлькова, высьветліць не ўдалося. Актывіст стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» да Плошчы не даехаў. Яго затрымалі, але неўзабаве выпусьцілі. Тое, што ён прыхільнік гэтай партыі, пазначана ў яго афіцыйнай дэпутацкай даведцы.

Тым часам стала вядома, што бабруйскі журналіст Яўген Васьковіч застанецца за кратамі яшчэ на два месяцы. Дзесяць сутак ён ужо адседзеў у магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

«Ён пад арыштам ужо ў турме сядзіць. На два месяцы працягнулі за злоснае хуліганства. Яно было 16 сьнежня ў Бабруйску. Займаецца гэтай справай бабруйскі сьледчы».

Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня. Ён быў удзельнікам Плошчы. Выклікаўся з-за гэтага ў КДБ. Там настаяў, каб у пратаколе камітэтчыкі запісалі, што ён і надалей будзе ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Калі быў на Плошчы, то і грузчыкам на працу не бяруць…»

Апазыцыйную актывістку з Астраўца трывожыць тое, што ёю пачалі цікавіцца дзяржаўныя СМІ. А гарадзенскі актывіст ня можа знайсьці працу нават грузчыкам.

Натальля Клімовіч з Астраўца адна выхоўвае чатырох дзяцей, працу страціла летась і дзяцей гадуе цяпер толькі за тыя грошы, што выплочвае на іх дзяржава. Наша радыё распавядала, як яе прымусіў звольніцца з працы прыватны прадпрымальнік, які трымае птушкафабрыку. Нам ён тады адмовіўся тлумачыць, зь якой прычыны пазбавіў Натальлю Клімовіч працы.

Учора ёй патэлефанавалі са школы і папярэдзілі, што да яе павінны завітаць журналісты з Горадні — маўляў, паглядзець, як яна жыве.

Клімовіч: «Мяне ўчора папярэдзілі, што нехта павінен прыехаць, маўляў, тэлефанавалі з Горадні і даведваліся пра сям’ю Клімовіч, казалі, што будзе карэспандэнт, будзе фатаграфаваць і г.д. Праўда, учора ніхто так і не прыехаў. А папярэджвалі мяне са школы. Яны мне патлумачылі, што гэта з прычыны таго, што ты маеш добрыя кантакты з Іванам Круком, гэтым яны і цікавяцца».

Іван Крук вядомы ў Астравецкім раёне як актывіст партыі АГП, праваабаронца і найбольш актыўны апазыцыянэр. Таму і яго ўсхвалявала тое, што дзяржаўныя СМІ зацікавіліся сям’ёй спадарыні Клімовіч.

Зь яго слоў, яму запала ў памяць, як нядаўна ў Мастах невядомыя суседзі напісалі скаргу таксама на актывістку апазыцыі, што яна дрэнна выхоўвае сваіх дзяцей. Таму ён не выключае, што супраць Натальлі Клімовіч можа рыхтавацца падобная ж правакацыя.

Ён таксама распавядае, што ўчора тлумачыў спадарыні Клімовіч праз тэлефон, як сябе паводзіць, калі да яе зьявяцца нязваныя госьці. І, можа, толькі з гэтае прычыны, на думку Крука, да яе ніхто і не прыехаў.
На яе, магчыма, хочуць паўзьдзейнічаць, як на іншых людзей з дэмакратычнымі поглядамі.


Крук: «Таму што яна са мной пастаянна была на ўсіх сходах, зьбірала подпісы за Саньнікава, яна вельмі актыўны чалавек, не баіцца. І ў выбарчай кампаніі брала ўдзел да канца. Таму на яе, магчыма, хочуць паўзьдзейнічаць, як на іншых людзей з дэмакратычнымі поглядамі».

Гарадзенскі актывіст Даніла Куклін удзельнічаў у Плошчы і адбыў 10 сутак арышту, яго тройчы выклікалі на допыты ў КДБ. Ён страціў працу і зараз нідзе ня можа ўладкавацца нават грузчыкам. Сёньня яму адмовілі ў дзьвюх гарадзенскіх крамах, хаця, зь яго слоў, вакансіі там ёсьць.

Куклін: «Да прыкладу, у краме „Ніка“ патрабуюць санітарную кніжку — у мяне яна ёсьць. У „Бусьліку“ нават і кніжка не патрэбная, паколькі там патрабуецца грузчык для збору дзіцячай мэблі. Прыходзіць нейкі п’яніца, дык яму даюць працу, а мне, каторы ня п’е і ня курыць, кажуць, што не падыходжу».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


На актывістаў спрабуюць узьдзейнічаць псыхалягічна

На мабільныя тэлефоны дзяцей тых, у каго прайшлі ператрусы, паступаюць пагрозьлівыя СМС. У рэгіёнах праяўляецца салідарнасьць з роднымі затрыманых.

Тацьцяна Малашчанка з Баранавічаў кажа, што пасьля ператрусу кожны раз, з кожным званком у дзьверы або на тэлефон чакае горшага. Яе дачцэ, якая навучаецца па праграме Каліноўскага ў Варшаве, пасьля размовы пра ператрус пачалі прыходзіць з польскага нумару СМС з пагрозамі:

«Дачка падзяліся са мной сваімі меркаваньнямі пра ператрус. Мы размаўлялі зь ёй па мабільным тэлефоне. А потым пачалі паступаць СМС. Яна хацела прыехаць зараз дадому, тым больш пачаліся вакацыі. Але цяпер яна баіцца, што могуць быць затрыманьні на мяжы. Яна ня кажа практычна нічога праз тэлефон».

Пасьля ператрусу, кажа Тацьцяна Малашчанка, другая яе дачка даволі моцна захварэла. Дзяўчынка наведвае беларускамоўны кляс у Баранавіцкай школе:

«Менавіта пасьля ператрусу яна захварэла. Дзіця проста псыхалягічна спачатку захварэла. Бо для яе гэта быў моцны стрэс. Учора тэмпэратура паднялася да 38».

У Кобрыні сябры партыі БНФ і іншыя грамадзяне падтрымліваюць бацькоў Натальлі Радзінай. Алесь Мех кажа, што часта наведваецца да бацькоў Натальлі. Валянцін Дзьмітрыевіч Радзін, бацька Натальлі, кажа, што часта тэлефануюць і выказваюць словы падтрымкі самыя розныя людзі:

«Нават суседзі і тыя выказваюць словы падтрымкі. Гледзячы хто і як. Але ў асноўным падтрымліваюць. Часта паступаюць званкі на тэлефон ад знаёмых і незнаёмых людзей».

Валянцін Дзьмітрыевіч адзначыў, што атрымаў ад Натальлі два лісты, праўда, Натальля вельмі мала што можа напісаць:

«Адразу ж прыйшло два лісты з турмы. Яна мала што піша, але аптымістычна адзначае, каб мы трымаліся».

У Пінску, кажа былы дэпутат мясцовага гарсавету, ператрусаў няма, але зьявіўся рух, які выступае за выбары без Лукашэнкі:

«Ствараюцца суполкі за выбары без Лукашэнкі. Гэта суполкі, пра якія ніхто нічога не распавядае. Гэта не вэртыкальныя структуры, а гарызантальныя, якія складаюцца зь пяці-сямі чалавек. У мяне асабіста зьявілася перакананьне, што наступныя выбары будуць не празь пяць гадоў, а нашмат хутчэй».
XS
SM
MD
LG