Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар Дурбін: У XXI стагодзьдзі няма месца беларускаму тырану


Рычард Дурбін

Рычард Дурбін

Амэрыканскі сэнатар Рычард Дурбін, вярнуўшыся з паездкі ў Літву і Беларусь, выступіў з прамовай у Кангрэсе. На тэму Беларусі сэнатар гаварыў асабіста зь дзяржсакратаркай Гілары Клінтан.

Рычарда Дурбіна запрасілі ў Літву адзначыць 20-ю гадавіну процістаяньня грамадзянаў савецкім танкам. Дурбін мае літоўскія карані – сто гадоў таму яго бабуля зь дзецьмі эмігравала ў Амэрыку. Свой візыт на матчыну радзіму ён працягнуў наведваньнем суседняй Беларусі. Трохгадзіннае падарожжа зь Вільні ў Менск нагадала сэнатару вяртаньне ў савецкае мінулае, у музэй КДБ, туды, дзе Літва была 20 гадоў таму. Падсумаваньне сваіх уражаньняў сэнатар назваў “Тыран Беларусі” (The Bully of Belarus) глядзець тут.

Сэнатар падаў некаторыя дэталі сваёй размовы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Дыплямат прасіў крэдыту даверу і выкладаў свае аргумэнты: у вас, у ЗША, дэмакратыя ўжо 200 гадоў, а ў нас толькі 20. У якасьці рысаў дэмакратыі міністар прывёў, напрыклад, тое, што пасьлявыбарную дэманстрацыю разганялі “безь сьлезацечнага газу, без гумовых куляў, без сабак”.

Але за гэтым сэнатар ня ўбачыў ніякай дэмакратыі. Найбольш паказальным для яго як амэрыканца стала крыміналізацыя супернікаў Лукашэнкі, якім пагражае да 15 гадоў турмы. “Якое злачынства яны ўчынілі? – пытаецца сэнатар. – Пайшлі на выбары супраць яго і прайгралі...”

Дурбін дэталёва апісаў свае сустрэчы са Сьвятланай Лябедзькай і Міланай Міхалевіч, з маці Паўла Севярынца Тацянай, старэйшым сынам Андрэя Саньнікава Канстанцінам і маці кандыдата Алай, з маці зьняволенай журналісткі Ірыны Халіп Люцынай. Асабліва падрабязна сэнатар спыніўся на гісторыі вакол сына Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп Даніка. Яго кранула і гісторыя Міланы Міхалевіч, якая, застаўшыся сама зь дзьвюма дочкамі, не паддалася на пагрозы КДБ і змагаецца за мужа.

Сэнатар Дурбін з трыбуны Кангрэсу яшчэ раз заклікаў беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць палітычных вязьняў. Той факт, што яны працягваюць марнець у турме бяз доступу адвакатаў, сем’яў, без мэдычнай дапамогі, ён назваў зьнявагай і сорамам Эўропы і сьвету. Сэнатар таксама выказаў сваю пазыцыю, што ЗША і Эўразьвяз павінны разам чыніць ціск на дыктатара, каб даць яму зразумець, што ў XXI стагодзьдзі няма месца для тыраніі. Яе месца – на сьметніку гісторыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG