Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існаваў Паўлюк Багрым і хто напісаў "Пінскую шляхту"?


Мікола Хаўстовіч
Мікола Хаўстовіч
27 студзеня ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца вечарына, прысьвечаная Ігнату Яцкоўскаму — пісьменьніку, адвакату, удзельніку антырасейскага паўстаньня 1831 году. Падчас імпрэзы пройдзе прэзэнтацыя кнігі Яцкоўскага "Аповесьць з майго жыцьця, альбо Літоўскія прыгоды", што выйшла па-беларуску ў перакладзе Міколы Хаўстовіча.

Прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Мікола Хаўстовіч — адзін зь нешматлікіх дасьледчыкаў гісторыі беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя. Стагодзьдзя малавывучанага, поўнага літаратурных загадак і ананімных аўтараў, вызначэньне чыіх імёнаў спарадзіла багата мітаў.

Спадар Хаўстовіч якраз і скіроўвае багата сваёй навуковай энэргіі на дэміталягізацыю літаратурных старонак таго часу. А кніга Ігната Яцкоўскага "Аповесьць з майго жыцьця, альбо Літоўскія прыгоды" вельмі паспрыяла такой працы. Асабліва што да высьвятленьня аўтарства знакамітага верша "Зайграй, зайграй, хлопча малы". Паводле Яцкоўскага, гэты верш напісаў ён, а не Паўлюк Багрым.

Як успрымаць разбурэньне рамантычнай легенды пра крошынскага хлапца, якога акупанты забралі ў расейскія рэкруты? Гаворыць доктар філялёгіі Міхась Тычына:

"Пакуль абсалютных стопрацэнтных доказаў не існуе, датуль, мусіць, няхай існуюць дзьве вэрсіі. І чытач няшмат страціць, а наадварот, нешта набудзе ад таго, што яны існуюць, што жыцьцё дзевятнаццатага стагодзьдзя багатае, таямнічае, загадкавае".

Высьветліць некаторыя з гэтых загадак можа будзе, паслухаўшы спадара Хаўстовіча, які адмыслова прыяжджае на прэзэнтацыю з Варшавы. Можна будзе і падыскутаваць зь ім, да прыкладу, на тэму, ці быў аўтарам "Пінскай шляхты" Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Міхась Тычына працягвае:

"Чым больш вэрсіяў, тым лепш. Тым лепш мы будзем ведаць літаратуру дзевятнаццатага стагодзьдзя, уяўляць яе прастору населенай, вельмі шматлюднай, шматмоўнай, багатай на літаратурна-творчае жыцьцё".

Пачатак вечарыны, прысьвечанай Ігнату Яцкоўскаму, — а 17-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG