Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі: за і супраць


На наступным тыдні Эўропа і Злучаныя Штаты мусяць вызначыцца са сваім адказам на пасьлявыбарчую сытуацыю ў Беларусі. 31 студзеня міністры замежных спраў краінаў Эўразьвязу павінны разгледзець прапановы рэзалюцыі, прынятай 20 студзеня на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Ці ўхваляюць самі беларусы тактыку санкцый?

Ці ёсьць рызыка, што прапанаваныя дэпутатамі Эўрапарлямэнту санкцыі ў адносінах да беларускіх афіцыйных асобаў зазнаюць зьмены падчас сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў? Ці можна ў рэзалюцыі нешта "ўсекчы" ці "ўрэзаць", пасьля чаго размовы пра эфэктыўнасьць санкцыяў будуць ужо ня тыя? Меркаваньне на гэты конт выказвае сакратар Цэнтральнага камітэту партыі "Справядлівы сьвет" Алена Скрыган:

"Там усякаць няма чаго, таму, мне здаецца, усё будзе прынятае так, як яно і плянуецца. Тое, што адбылося ў нашай краіне, выходзіць за межы ўсялякага чалавечага разуменьня. Яшчэ ідуць выбары, а кандыдат у прэзыдэнты ўжо зьбіты. Можа ён быў бы прэзыдэнтам, можа ён выграў бы? А яго ўжо зьбілі і ён ужо без прытомнасьці. Я не разумею, як гэта магло адбыцца і як на гэта маглі людзі аддаваць загады. Думаю, не зразумела гэта і для ўсяго сьвету.
Алена Скрыган

Я лічу, што на сёньняшні дзень, пакуль у турме знаходзяцца мноства людзей, палітычных вязьняў, павінны дзейнічаць такія санкцыі, якія дазволяць арыштаваным выйсьці на волю. Гэта значыць, самыя розныя санкцыі, якія толькі магчыма. А потым ужо можна гаварыць пра палітычныя, эканамічныя, дзяліць на нешта, не дзяліць. Але перш за ўсё трэба думаць сёньня пра тых людзей, якія ў турме, якія зараз пазбаўленыя свабоды. Зразумела: што б ні адбылося ў краіне, яно адаб'ецца на простым народзе. Не адаб'ецца хіба на тых, хто можа сабе дазволіць усё, што толькі пажадае, і нават больш. І калі яны ня змогуць паехаць пакатацца на лыжах туды, дзе ім падабаецца, то пакатаюцца ў Беларусі. Нічога тут ня зьменіцца".

Сацыял-дэмакрат, дэпутат Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Павел Знавец – даўні прыхільнік шырокіх санкцыяў у адносінах да кіраўніцтва Беларусі. але палітык перакананы: у гэтым пытаньні страчана вельмі шмат часу, пры іншым раскладзе Беларусь была б ужо прынцыпова іншай краінай:

"Трэба было ўсе магчымыя санкцыі ўжываць даўно, толькі такім чынам можна было на нешта спадзявацца. Тады былі б жывыя і Ганчар, і Захаранка. Да такой сытуацыі не дайшло б, была б іншая краіна. А так, на жаль, "real politic", як кажуць, дзейнічае; надзвычай агромністы ўзровень цынізму, крывадушнасьці ў дзеяньнях усіх палітыкаў. І гэта рэаліі. Таму эканамічныя санкцыі, спартовыя – усё, што магчыма.
Павел Знавец

Мы жывём у іншым вымярэньні, у іншым стагодзьдзі ўжо. Дэмакратычная супольнасьць абавязаныя адносна сёньняшняга пячорнага рэжыму захоўваць свае прынцыпы, падмурак, на якім трымаюцца эўрапейскія каштоўнасьці, інстытуцыі. Але яны гандляваліся з гэтым калгасным банапарцікам і дагандляваліся: народ церпіць, столькі страцілі лідэраў нацыі. Усё гэта – наступствы "real politic". Я пра гэта казаў і 10 гадоў таму: толькі санкцыі выратуюць у гэтай сытуацыі. Візавыя – для ўсіх чыноўнікаў, ад кіраўніка аддзелу ў міністэрствах да вышэйшых. Можна скласьці сьпіс і не выпускаць за мяжу. Бо яны ж езьдзяць, кормяцца, на камандзіровачных жыруюць, у канвэртах атрымліваюць. Яны за кошт гэтага жывуць і ім на ўсё пляваць. Каб хоць нават на тысячу чыноўнікаў візавы рэжым увялі, уключна з Мартынавым, і ўжо іншы рэжым быў бы. Але ж гэта, на жаль, ня робяць…".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG