Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў і прыняў да разгляду паведамленьне вядомых беларускіх праваабаронцаў Алега Воўчака і Раісы Міхайлоўскай пра парушэньне свабоды асацыяцый у Беларусі.

У верасні 2003 году менскі гарадзкі суд прыняў рашэньне пра ліквідацыю аб’яднаньня «Прававая дапамога насельніцтву». Лідэры аб’яднаньня Алег Волчак і Раіса Міхайлоўская абскарджвалі ліквідацыю арганізацыі ў Вярхоўным судзе, але безвынікова. Скарыстаўшы ўсе сродкі аднаўленьня свабоды аб’яднаньняў, у 2008 годзе праваабаронцы зьвярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека, заявіўшы пра парушэньне Рэспублікай Беларусь свабоды асацыяцый. Зараз камітэт ААН распачаў падрабязнае вывучэньне акалічнасьцяў справы праз камунікацыю з МЗС Беларусі і аўтарамі паведамленьня.

Праваабарончая арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву» з 1998 году прапанавала юрыдычную дапамогу 4 тысячам маламаёмасных грамадзян: інвалідам, ветэранам, адзінокім маці, непаўнагадовым, беспрацоўным, сваякам масава загіблых на станцыі мэтро «Няміга».

Як заявіў Алег Воўчак, паведамленьне з Камітэту ААН па правах чалавека цяпер вельмі дарэчы: пасьля падзей 19 сьнежня 2010 году ў кватэрах праваабаронцаў і ў Цэнтры па правах чалавека, які ўзначальвае Раіса Міхайлоўская, адбыліся ператрусы. Алег Воўчак працягвае праваабарончую дзейнасьць праз зарэгістраваную ва Ўкраіне ўстанову «Прававая дапамога насельніцтву».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», за апошні месяц у Беларусі адбылося каля 150 ператрусаў у памяшканьнях грамадзкіх актывістаў, паведамляе «Народная Воля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG