Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люцына Халіп: «Я ўсім кажу, што ганаруся сваёй дачкой»


Люцына Бяльзацкая-Халіп і Даніла Саньнікаў

Люцына Бяльзацкая-Халіп і Даніла Саньнікаў

Паводле міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня праходзяць 50 чалавек, і справы некаторых зь іх могуць пайсьці ў суд ужо ў лютым. Што новага вядома пра асноўных фігурантаў справы, якія знаходзяцца ў ізалятары КДБ «амэрыканка»?

«Спробай збройнага перавароту» назваў падзеі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў, які 26 студзеня даваў прэсавую канфэрэнцыю ў Нацыянальным прэсавым цэнтры. Паводле Куляшова, у крымінальнай справе аб масавых беспарадках фігуруе ужо 50 чалавек.

Маці журналісткі Ірыны Халіп, абвінавачанай у масавых беспарадках, абвяргае міністра Куляшова. Ніякай зброі ў дэманстрантаў не было, мяркуе Люцына Халіп і кажа, што асабіста яна ганарыцца сваёй дачкой:

«Калі ў мяне пытаюцца, асабліва небеларускія журналісты, што — маўляў, а як… яна вам нарабіла столькі праблем, можа, вы незадаволеныя… Я ім заўсёды адказваю, што я ганаруся сваёй дачкой. І ўсё. А ўсё астатняе я зь ёй высьветлю пазьней, калі ўсё гэта скончыцца».

26 студзеня маці і бацька Ірыны Халіп атрымалі ад яе другі ліст. Паводле Люцыны Халіп, Ірына не паведамляе нечага асаблівага, піша, што здаровая і зь ёй усё нармальна. «Я здарова і аптымістычна», — цытуе дачку Люцына Юр’еўна. Паводле ранейшых лістоў, якія Ірыне дасылалі сваякі, рэакцыі ад Ірыны на іх няма, таму маці думае, што гэтыя лісты да яе не дайшлі. А вось перадачы да Ірыны Халіп даходзяць:

«Дзякуй за перадачы і пасылкі. Дзякуючы ім у мяне тут дастатак».

Таксама, як піша Ірына Халіп, штодня яна мае прагулкі. Пра нейкія сьледчыя дзеяньні зь яе ўдзелам нічога не паведамляецца.

Днём раней, 25 студзеня, прыйшоў сваякам ліст і ад каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі. Гэта быў ягоны першы ліст на волю. Датаваны ён 21-м студзеня. «Ліст вельмі кароткі — усім прывітаньні і просьба перадаць пэўныя лекі. Ражкі ліста адарваныя — магчыма, там быў нумар ліста, бо я перакананая, што гэта быў ня першы ліст, які Дзіма напісаў дамоў. Таксама, як і ўва ўсіх іншых вязьняў, няма ані слова пра тое, ці вядуцца нейкія сьледчыя дзеяньні», — паведаміла Вольга Бандарэнка, жонка вязьня.

А вось жонка лідэра АГП Анатоля Лябедзькі — з той большасьці, якая ўжо звыш тыдня ніякіх зьвестак ад мужа ня мае, у тым ліку і праз адваката, якога да вязьня не пускаюць:

«Адвакат да яго трапіць ня можа. Як яна ні спрабавала, нічога не атрымліваецца. Такім чынам, нічога новага пра яго ня ведаем. Як напісаў у тым лісьце, што жывы-здаровы, дык і ўсё. Іншая рэч, калі той ліст быў напісаны», — кажа Сьвятлана Лябедзька.

Фактычна ўсе адвакаты вязьняў турмы КДБ кажуць пра тое, што іх ужо шмат дзён не пускаюць да падабаронных. Міністар МУС Анатоль Куляшоў пракамэнтаваў сытуацыю ў ізалятары калегаў гэтак:

«Дзеля гэтага некалькі прычын. Першая — правілы распарадку закрытай установы. Другое — унутраныя прычыны, зьвязаныя з кантралюючымі органамі, прыкладам, санэпідэмслужбай. Трэцяе — чалавечы фактар: хваробы, адпачынкі, нарады. І плюс трэба ўлічваць, што сапраўды сёньня не хапае месцаў ня толькі для адвакатаў, але і для сьледчых».
Я не парушыў ніводнага пункту закону, і, адпаведна, мне выбачацца няма перад кім і няма за што.

Таксама Анатоль Куляшоў прызнаўся журналістам, што гэта асабіста ён аддаваў загад «спыніць несанкцыянаваны мітынг» 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці. З тым, што пры разгоне мітынгу была незаконна ўжыта сіла і пацярпелі невінаватыя, міністар Куляшоў ня згодны. «Я дзейнічаў, каб захаваць парадак і стабільнасьць», — заявіў Анатоль Куляшоў:

«А чаму я мушу ісьці на повадзе ў тых, хто сьвядома, у асабістых мэтах парушае закон? Таму адказваю, што я не парушыў ніводнага пункту закону, і, адпаведна, мне выбачацца няма перад кім і няма за што».

Анатоль Куляшоў пасьля прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле праваабаронцаў, падчас разгону мітынгу на плошчы Незалежнасьці пацярпелі ад дзеяньняў міліцыі і зьвярнуліся па мэдычную дапамогу каля 50 чалавек. З больш як 600 затрыманых увечары 19 сьнежня некалькі дзясяткаў былі людзі, якія ўвогуле ня ўдзельнічалі ў мітынгу, а былі схопленыя міліцыянтамі ў розных месцах вакол плошчы, у тым ліку на вуліцы Няміга і каля чыгуначнага вакзалу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG