Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на неаднаразовыя абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі наладзіць пастаўкі нафты, альтэрнатыўнай расейскай, і знайсьці альтэрнатыўных будаўнікоў атамнай станцыі, 25 студзеня стала вядома, што і нафта на беларускія заводы пойдзе з Расеі, і будаваць АЭС будуць расейцы. Ці азначае гэта фактычную капітуляцыю афіцыйнага Менску перад Масквой?

Большасьць камэнтатараў схіляецца да думкі, што цяпер Расея яшчэ мацней прывязала да сябе Беларусь, а афіцыйны Менск яшчэ больш будзе залежаць ад маскоўскіх кіраўнікоў. Але такая прывязка найперш выгадная беларускім уладам, лічыць намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД у Маскве Ўладзімер Жарыхін. І тут ня ўсё вымяраецца толькі грашыма, канстатуе ён:

Уладзімер Жарыхін
"Прывязала ж не суровымі вяроўкамі, а шаўковай хусьцінкай. Што, Расея накладае нейкія абмежаваньні на ўнутрыпалітычныя парадкі ў Беларусі, калі яна прывязвае? Не. Беларускае кіраўніцтва дастаткова вольнае ў сваіх рашэньнях. І не заўжды такія паводзіны падабаюцца расейскаму кіраўніцтву, як мы ведаем. Нейкіх палітычных умоваў, наколькі я ведаю, пры дасягненьні гэтых пагадненьняў не вылучалася".

Маскоўскі навуковец дадае, што Беларусі цяпер даводзіцца выбіраць паміж Масквой і Брусэлем. І гэты выбар на карысьць Масквы Ўладзімер Жарыхін тлумачыць так:

"Беларусь ня можа і не гатовая зьмяніць сваю геапалітычную арыентацыю. Таму што, у адрозьненьне ад Расеі, якая ня ставіць жорсткіх умоваў па зьмяненьні парадкаў у Беларусі, Эўразьвяз такія жорсткія ўмовы ставіць".

Што тычыцца грошай, то Беларусь, безумоўна, іх страчвае, калі пагадзілася купляць нафту па цэнах расейскіх кампаній, адзначае эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак. Аднак назваць рэальную лічбу стратаў пакуль немагчыма, бо канчатковыя ўмовы яшчэ ўдакладняюцца, кажа экспэрт:

Тацяна Манёнак
"Многае будзе залежаць ад таго, ці будзе давальніцкая перапрацоўка, ці прыйдзецца купляць усю нафту? Гэта — вельмі розныя ўмовы. Да таго ж Расея дзесьці з красавіка хоча перагледзець мыта на нафту і нафтапрадукты. Гэта таксама зьменіць умовы. І яшчэ — ці будзе Беларусь сёлета купляць вэнэсуэльскую нафту? Такіх пытаньняў шмат".

А вось укласьціся ў заяўленыя 6—7 мільярдаў даляраў на будаўніцтва беларускай АЭС немагчыма, — упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка:

Леанід Заіка
"Расейцы зрабілі ўсе папярэднія разьлікі, калькуляцыю па будаўніцтве сваёй АЭС у Калінінградзкай вобласьці. Таму Пуцін і казаў пра шэсьць мільярдаў. Умовы там і ў нас прыкладна аднолькавыя. Але ж будаўніцтва АЭС заўжды расьце ў цане. Па-першае, будаўнікі "накруцяць" яшчэ мільярда паўтара. Плюс іншыя затраты. І таму, калі ўкладуцца ў 9 мільярдаў, то гэта будзе добра".

А эканаміст Мечыслаў Бурак наагул ставіць пад сумнеў крэдытаваньне Расеяй беларускай атамнай станцыі:

"Усё гэта — палітыканства, я лічу. Пабудаваць атамную станцыю цяпер у Беларусі для Расеі немагчыма. У Расеі няма рэсурсаў, каб пабудаваць АЭС у сябе, а ня тое, каб яшчэ камусьці. Бо рэсурсы — гэта ня толькі фінансы. Гэта ўсё — чарговая гаварыльня".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG