Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Куляшоў заявіў, што міліцыянты не зьбівалі Някляева


Анатоль Куляшоў

Анатоль Куляшоў

Міністар унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў абверг інфармацыю пра тое, што міліцыянты 19 сьнежня на вуліцы Няміга ў Менску зьбілі да непрытомнасьці кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева.

Аргумэнтам на карысьць такога сьцьвярджэньня спадар Куляшоў абраў тое, што журналісты не змаглі зафіксаваць на фота і відэа ўдары міліцыянтаў:

"Ці магла міліцыя кандыдату на прэзыдэнта, які знаходзіўся ў гушчы падзей, нанесьці ўдар, і каб вы яго не зафіксавалі? Калі б удар быў нанесены супрацоўнікам міліцыі, то сёньня па ўсім сусьветным СМІ растыражавалі б гэтую карцінку. Але гэтага не адбылося. Тады ў мяне пытаньне: хто яго ўдарыў? Адказваю: не супрацоўнікі міліцыі", – сказаў Куляшоў, зьвяртаючыся да журналістаў.

Журналісты на гэта адрэагавалі, што ўсіх іх калег падчас таго нападу міліцыя паклала тварамі ў сьнег.

Апрача таго, міністар Куляшоў даводзіў, што міліцыя не парушала правоў журналістаў, не зьбівала наўмысна журналістаў і канфіскоўвала іх апаратуру і носьбіты інфармацыі ў рамках закону.

Аб дзеяньнях міліцыі падчас разгону акцыі на плошчы Незалежнасьці Куляшоў заявіў:

"Была мэта адна максымальна карэктна дзейнічаць на плошчы Незалежнасьці. Мы не чынілі актыўных дзеяньняў, каб не справакаваць натоўп на супраціўленьне".

Гаворачы аб падзеях 19 сьнежня, Куляшоў заявіў, што ён не парушыў ніводнага пункту заканадаўства і перапрашаць яму няма за што: "Я захаваў мір і стабільнасьць".

Паводле Куляшова, ужо першымі днямі лютага ў адносінах да пэўных асоб, якія абвіначваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня, крымінальныя справы пойдуць у суд.

Анатоль Куляшоў сёньня выступіў перад журналістамі са справаздачай аб выніках працы міліцыі ў 2010 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG