Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары 26 студзеня з ізалятара на Акрэсьціна вызваляецца актывіст Уладзімер Яроменак, адбыўшы ўжо другое за месяц адміністрацыйнае пакараньне.

Падчас выбарчай кампаніі Ўладзімер Яроменак зьбіраў подпісы за Віталя Рымашэўскага на Камароўскім рынку, удзельнічаў у іншых агітацыйных акцыях ад партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". Назаўтра пасьля мітынгу 19 сьнежня, які быў брутальна разагнаны ўладамі, Уладзь Яроменак браў удзел у акцыі салідарнасьці на плошчы Незалежнасьці, быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту.

Хлопец выйшаў на волю ўжо пасьля Новага году, хадзіў на допыты ў КДБ і раптам зноў быў затрыманы, адзначае праваабаронца Наста Лойка:

Наста Лойка
"Мала ім пакараць чалавека адзін раз. Паколькі ён ня быў затрыманы 19 сьнежня на плошчы, дык пасьля 15-суткавага арышту за акцыю салідарнасьці яго некалькі разоў выклікалі на допыты, у тым ліку ў КДБ. Гэта быў вельмі працяглы допыт, бо вызваляецца Ўладзь а 8 гадзіне вечара, а адвезьлі яго на допыт пад прымусам з дому апоўдні. Такім чынам, допыт цягнуўся каля 8 гадзін. Відаць, Уладзя прызнаўся, што быў на мітынгу на плошчы, і на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні. І цікавы таксама памер пакараньня, што пасьля 15 сутак далі 7 сутак. Такога тэрміну амаль нікому не давалі за 19 сьнежня".

Зьвестак пра тое, у якіх дакладна ўмовах Уладзь Яроменак адбываў пакараньне, няма. Праваабаронцы кажуць, што не забываюць вязьняў Акрэсьціна і кожнаму перадавалі перадачы.

На Акрэсьціна зараз паводле падзей, зьвязаных з 19-м сьнежня, знаходзяцца таксама журналіст Барыс Гарэцкі і дэмакратычны актывіст Валер Сядоў. У праваабарончым цэнтры "Вясна" кажуць пра яшчэ аднаго арыштаванага, імя і прозьвішча якога ўдакладняюць.

Як кажа праваабаронца Алена Валынец, штодзённую вахту па сустрэчы адміністрацыйных вязьняў яны даўно зьнялі — зараз асобных арыштантаў, якія вызваляюцца, сустракаюць сваякі і сябры. Але ў штаб-кватэры БНФ вызваленых чакаюць і па-ранейшаму дапамагаюць ім усім, чым трэба.

"Канечне, мы заўсёды кажам, што рады ўсіх бачыць. І што тычыцца кампэнсацыі за суткі, і адносна дапамогі псыхалягічнай. А таксама што да студэнтаў, у якіх могуць узьнікнуць праблемы на вучобе. Ці людзей, у якіх могуць узьнікнуць праблемы на працы — мы іх скіроўваем да кампэтэнтных юрыстаў".

Паводле Алены Валынец, з 19 сьнежня праваабаронцы сустрэлі ля Акрэсьціна ды іншых ізалятараў больш за 400 чалавек, якія выйшлі на волю. А ўсяго дапамога аказаная больш як 700 людзям, якія аказаліся датычнымі да падзей 19 сьнежня і наступных дзён.
XS
SM
MD
LG