Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Знамя Юности" супраць Алеся Леўчука


Сёньня суд разгледзіць пазоў газэты "Знамя Юности" да яе былога карэспандэнта па Берасьці Алеся Леўчука. Газэта патрабуе, каб журналіст напісаў абвяржэньне апублікаванай на сайце Радыё Свабода і ўласным блогу інфармацыі пра сваё звальненьне.

Алесь Ляўчук кажа, што рэдакцыя патрабавала, каб ён напісаў артыкул, у якім асудзіў падзеі на Плошчы 19 сьнежня. Тое ж тычылася і матэрыялаў пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён адмовіўся пісаць падобныя тэксты, а пазьней ад рэдакцыі прыйшоў ліст з прапановай звольніцца па асабістаму жаданьню. Пасьля таго, як ён агучыў у недзяржаўных СМІ некаторыя акалічнасьці звальненьня з рэдакцыі, "Знамя Юности" накіравала позву ў суд.

Ірына Слабодзіч, намесьніца галоўнага рэдактара газэты "Знамя Юности" кажа, што на судзе ад газэты будзе толькі юрыст, ад камэнтароў намесьніца рэдактара адмовілася:

"Я не буду камэнтаваць акалічнасьці справы, наша позва знаходзіцца ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця. Усе нашы прэтэнзіі будуць агучаныя падчас судовага паседжаньня і ўсе камэнтары будуць пазьней. Усё будзе ў межах закону. Асабістае меркаваньне тут не варта зараз агучваць. Давайце дачакаемся таго, што вырашыць суд".

Алесь Ляўчук лічыць, што прычына яго звальненьня палітычна матываваная:

"Я адмовіўся пісаць станоўча пра выбары ў Рэспубліцы Беларусь, пра падзеі на Плошчы. Яны жадаюць, каб я нёс адказнасьць і па крымінальнай справе, гэта артыкул 188 - паклёп. У позьве значыцца, што рэдакцыя патрабуе ад мяне разьмясьціць на старонках выданьня і на вэбсайце інфармацыю, што я нібыта ўвёў людзей у зман".

Рэдакцыя выданьня "Знамя Юности" адзначыла ў позьве, што пасьля выступаў Алеся Ляўчука, у рэдакцыю на электронную скрыню пачалі паступаць шматлікія негатыўныя камэнтары, такім чынам журналіст нанёс страту дзелавой рэпутацыі выданьня. Алесь Ляўчук кажа, што не пагаджаецца з такім абвінавачваньнем.

Судовае паседжаньне пачнецца 26 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця а 10 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG