Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў са штогадовым зваротам да кангрэсу і нацыі, у якім заявіў, што амэрыканцы перажываюць пераломны момант у сваёй гісторыі, падобны да таго, які наступіў у 1957 годзе, калі Савецкі Саюз апярэдзіў Амэрыку з запускам першага штучнага спадарожніка зямлі.


Прэзыдэнт ЗША, гаворачы пра ўнутраныя задачы краіны, шмат увагі ўдзяліў патрэбе адукацыйнага і інавацыйнага прагрэсу:

“Паўстагодзьдзя таму, калі саветы пабілі нас у космасе, запусьціўшы спадарожнік, мы ня мелі ўяўленьня, што мы іх паб'ём на Месяцы. Не было адпаведнай навуковай базы, не існавала нават агенцтва НАСА. Але пасьля інвэстыцыяў у глыбейшыя дасьледаваньні і лепшую адукацыю, мы ня толькі абагналі саветы. Мы далі штуршок хвалі інавацыяў, якая стварыла новыя індустрыі і мільёны новых працоўных месцаў. Сёньня момант спадарожніка для нашага пакаленьня".

Абама патлумачыў, што цяпер Амэрыка павінна зьдзейсьніць такі ж інавацыйны рывок, як і ў 1957 годзе:

“Нашая інфраструктура была найлепшай, але наша лідэрства страчанае. Паўднёвыя карэйцы маюць лепшы доступ да інтэрнэту, краіны ў Эўропе і Расея інвэстуюць больш у свае дарогі і чыгункі, чым мы. Кітай будуе хутчэйшыя цягнікі і навейшыя лётнішчы. Тым часам нашыя інжынэры ацанілі інфраструктуру нашай краіны на «двойку». Мы мусім дамагчыся лепшых вынікаў”.

У пытаньні ўнутранай палітыкі Абама заклікаў да супрацоўніцтва рэспубліканцаў, якія ў выніку лістападаўскіх прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША атрымалі бальшыню ў Палаце прадстаўнікоў і ўзмацнілі свае пазыцыі ў Сэнаце.

Што да замежнапалітычнай тэматыкі, то лідэр ЗША нагадаў, што сьвет болей не зьяўляецца падзеленым на Ўсход і Захад і падкрэсьліў важнасьць пашырэньня і паглыбленьня міжнародных сувязяў і саюзаў. У якасьці посьпехаў сваёй адміністрацыі Абама згадаў “перазагрузку” дачыненьняў з Расеяй, пашырэньне старых саюзаў у Азіі і стварэньне новых, як, напрыклад, з Індыяй.

Прэзыдэнт ЗША вітаў незалежнасьць Паўднёвага Судану і рэвалюцыю ў Тунісе. Ён паабяцаў, што вайна ў Іраку набліжаецца да завяршэньня, і пацьвердзіў, што вывад амэрыканскіх войскаў з Аўганістану пачнецца сёлета ў ліпені.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG