Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пракуратура: Бябенін скончыў жыцьцё самагубствам


Алег Бябенін

Алег Бябенін

Пракуратура Менскай вобласьці скончыла праверку акалічнасьцяў сьмерці журналіста Алега Бябеніна. Паводле пракуратуры прычынай сьмерці стала самагубства. Ці магчыма, што да гэтай гісторыі сьледзтва яшчэ вернецца?

У пракуратуры Менскай вобласьці адмовіліся заводзіць крымінальную справу па факце сьмерці заснавальніка сайту «Хартыя-97» журналіста Алега Бябеніна, спаслаўшыся на дадзеныя праверкі. Тая прыйшла да высновы пра самагубства журналіста. Таксама, маўляў, адсутнічаюць скаргі з боку яго сваякоў. У рэспубліканскай пракуратуры згодныя з тым, што журналіст Алег Бябенін пайшоў з жыцьця ў выніку самагубства.

«Праверка закончылася пастановай аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы. Канчатковая выснова — гэта самагубства», — казаў прэсавы сакратар пракуратуры краіны Пётар Кісялёў.
Канчатковая выснова — гэта самагубства.

Заснавальнік сайту «Хартыя-97» Алег Бябенін быў знойдзены ў пятлі ўвечары 3 верасьня на сваім лецішчы пад Менскам.

Два незалежныя судова-мэдычныя экспэрты АБСЭ, якія дасьледавалі справу сьмерці Бябеніна, сьцьвердзілі, што прычынай ягонай сьмерці было самагубства праз павешаньне.

Мандат, які атрымалі экспэрты на працу ў Беларусі, не дазваляў ім правесьці асобнае расьсьледаваньне, а толькі праверыць і ацаніць матэрыялы расьсьледаваньня, праведзенага беларускім бокам.

У пракуратуры Менскай вобласьці паведамілі, што невядомымі засталіся прычыны ўчынку Алега Бябеніна. Аднак сваякі журналіста пагадзіліся з высновамі праверкі, таму справу вырашана закрыць.

У адрозьненьне ад сваякоў сябры Алега Бябеніна з «Хартыі-97» ад пачатку не пагаджаліся з тым, што вэрсія пра самагубства журналіста — асноўная. Зь іх боку шмат казалася пра тое, што Алег Бябенін мусіў узначаліць выбарчы штаб Андрэя Саньнікава, а таксама пра шэраг дэталяў, якія маглі паказваць на гвалтоўную сьмерць Бябеніна.

Прыкладам, у ранейшых інтэрвію Зьміцер Бандарэнка згадваў пра вывернутую нагу памерлага, што на ягоную думку, супярэчыла абставінам самагубства:

«Галенастоп правай нагі быў ці то зламаны, ці моцна вывіхнуты. І калі задалі пытаньне пра гэта намесьніку раённага пракурора, той выказаў меркаваньне, што Алег скокнуў з зэдліка і пашкодзіў сабе нагу. І тады намесьнік пракурора выказаў меркаваньне, што «хутчэй за ўсё, будуць пашкоджаныя шыйныя пазванкі».

Гэта Зьміцер Бандарэнка распавядаў «Свабодзе» 7 верасьня. Пазьней высьветлілася, што пашкоджаньняў шыйных пазванкоў у Бябеніна не было і ўвогуле экспэрты вырашылі, што памёр журналіст не 3-га, а 2 верасьня, а вывернутая нага — гэта проста вынік пасьлясьмяротнага здранцьвеньня цела.

Аказалася, што няма каму задаваць цяжкія для пракуратуры пытаньні.
Зьміцер Бандарэнка, як і іншыя сябры Бябеніна з «Эўрапейскай Беларусі», з гэтым былі ня згодныя і да апошняга настойвалі на праверцы вэрсіі пра забойства журналіста. Сёньня Зьміцер Бандарэнка як лідэр «Эўрапейскай Беларусі», Андрэй Саньнікаў і рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна знаходзяцца за кратамі паводле справы аб падзеях 19 сьнежня і таму ня могуць аспрэчыць вынікі пракурорскай праверкі і адстойваць у пракуратуры сваю вэрсію.

Паводле праваабаронца Алега Воўчака праверку справы Алега Бябеніна аказалася зручна згарнуць ва ўмовах, калі няма каму аспрэчыць афіцыйныя вынікі:

«Палова пытаньняў засталіся нявысьветленымі. Ня дзіва, бо палова ягоных сяброў зараз за картамі ў ізалятары КДБ. Аказалася, што няма каму задаваць цяжкія для пракуратуры пытаньні, вось у чым праблема».

Сваякі Алега Бябеніна па-ранейшаму ад камэнтароў адносна справы адмаўляюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG