Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня магілёўскага МФ пра візыт у КДБ: Сказаў ім, каб не чапалі нашых хлопцаў


Валянцін Лабачоў

Валянцін Лабачоў

Тры гадзіны прабыў у КДБ васямнаццацігадовы сябра партыі БНФ Валянцін Лабачоў. Туды ён пайшоў з уласнай ініцыятывы, каб высьветліць чаму супрацоўнікі гэтай спэцслужбы запалохваюць ягоных паплечнікаў.

Наведваньне КДБ актывіст лічыць карысным досьведам для сябе. Дамагчыся, аднак, мэты візыту яму не ўдалося.

Лабачоў: «Спачатку я з паўгадзіны чакаў, пакуль мяне выклікалі ў адзін з кабінэтаў. Там мяне сустрэлі два супрацоўнікі — адзін у форме капітана, другі ў цывільным. Яны не назваліся. Паказалі фатаздымкі з Плошчы. На іх быў я. Мне загадалі напісаць тлумачальную, чаму я сярод удзельнікаў апазыцыйнай акцыі. Яны ўжо ведалі, чаму я прыйшоў. Прасілі, каб я больш ня ўдзельнічаў у акцыях, бо яны прыводзяць да масавых беспарадкаў, як на Плошчы. Яны папярэдзілі, што самі выклічуць мяне, калі я буду ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, і тады мне будзе значна горш. Я не хаваўся ад іх і назваўся кіраўніком гарадзкой суполкі „Маладога фронту“. Сказаў ім, каб яны не чапалі нашых хлопцаў».

Валянцін Лабачоў наважыўся на візыт у КДБ пасьля таго як даведаўся ад аднаго з удзельнікаў акцыі салідарнасьці, якая адбылася ў Магілёве 16 студзеня, што да яго прыходзілі ва ўнівэрсытэт імя Куляшова двое камітэтчыкаў. Пасьля гутаркі зь імі, кажа Лабачоў, хлопец выглядаў запалоханым. Ягоных бацькоў таксама наведалі супрацоўнікі КДБ. Імя гэтага хлопца Лабачоў называць адмаўляецца.

У КДБ актывісту сказалі, што да студэнта прыходзілі міліцыянты, а не камітэтчыкі.

Сам Валянцін Лабачоў чакае суду за тую ж акцыю салідарнасьці. Міліцыянты інкрымінуюць яму ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. Актывісту пагражае штраф да трыццаці базавых велічыняў. Суду за ўдзел у акцыі салідарнасьці чакае й шматдзетная маці Натальля Шкадун.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG