Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават калі чыноўнікі вяртаюцца з Масквы пабітымі, яны робяць гераічную міну»


Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін

Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін

Празь месяц пасьля пачатку перамоваў наконт умоваў пастаўкі расейскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы адрапартавана, што Беларусь і Расея нарэшце дасягнулі кансэнсусу ў спрэчным пытаньні.

У 2011 годзе плянавалася набыць у Расеі больш за 21 мільён тон нафты без аплаты мыта, аднак з-за адсутнасьці пагадненьняў ад пачатку году пастаўкі былі спыненыя. Летась расейскія ўлады выдзелілі для Беларусі бязмытную квоту крыху больш за 6 мільёнаў тон, астатняя колькасьць абкладалася 100-працэнтным мытам.

Пастаўкі нафты ў Беларусь, спыненыя 1 студзеня 2011 году, да сёньняшняга дня заставаліся пад пытаньнем. Аднак прадстаўнік расейскай кампаніі «Транснефть» Ігар Дзёмін запэўніў: працэс падпісаньня кантрактаў завершаны, і 25 студзеня нафта зноў пайшла на беларускія НПЗ. Пры гэтым афіцыйна ўмовы паставак і кошты, па якіх нафта пайшла на перапрацоўчыя прадпрыемствы, не камэнтуюцца. Але, калі верыць блізкім да перамоўнага працэсу крыніцам, беларускаму боку давялося пайсьці на саступкі. У прыватнасьці, расейскія пастаўшчыкі адстаялі для сябе так званыя «прэміяльныя» 45 даляраў на кожную тону нафты. Пры такім раскладзе бюджэт Беларусі страціць да 2 мільярдаў даляраў, якія разглядаліся як патэнцыйны прыбытак у дзяржаўны скарб.

Увесь мінулы год Расея адмаўлялася пастаўляць бязмытную нафту на той падставе, што не падпісаныя міждзяржаўныя пагадненьні аб стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы. У канцы 2010-га абедзьве палаты Нацыянальнага сходу ратыфікавалі неабходныя дакумэнты, у Маскве адбыліся перамовы кіраўнікоў двух краінаў.

Былі спадзяваньні, што праблема вырашыцца яшчэ падчас візыту ў Маскву на мінулым тыдні прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча. Па выніках перамоваў з Уладзімерам Пуціным Мясьніковіч назваў паездку «плённай» і паабяцаў, што неўзабаве «чорнае золата» паплыве на беларускія НПЗ. Было нават агучана, што ад новай формулы паставак беларуская эканоміка атрымае субсыдыі ў памеры 4 мільярды даляраў. Аднак цяпер выглядае, што давядзецца задавольвацца толькі паловай ад дэкляраванай сумы. Экспэрты сыходзяцца на думцы, што прычыны непаразуменьняў маюць найперш палітычны характар.

Леў Марголін
Эканаміст Леў Марголін: «Гэта і ня дзіўна: калі б на самой справе тое, што было ў сьнежні падпісана прэзыдэнтамі Расеі і Беларусі, пачало рэалізоўвацца, цягам году мы якраз на гэтых адрозьненьнях паміж мытам на нафту і нафтапрадукты зарабілі б згаданыя 4 мільярды даляраў. Пакуль асабліва не запрацавала нічога. А тое, што з боку Мясьніковіча гэта былі, скажам так, занадта аптымістычныя выказваньні, дык нам да гэтага ўжо не прывыкаць. Нашы кіраўнікі, нават калі вяртаюцца з Масквы пабітыя, усё роўна робяць аптымістычную міну, кажуць, што ўсё добра і калі нешта нават ня вырашылася, то будзе вырашана ў самыя бліжэйшыя дні. Тут вельмі шмат закуліснага, і нейкія рабіць высновы досыць цяжка, таму што надзвычай мала інфармацыі».

Да сёньняшняга дня перапрацоўчыя заводы ў Наваполацку і Мазыры былі трывогу: маўляў, запасаў нафты хопіць толькі да канца месяца, пасьля чаго вытворчы працэс давялося б спыняць. Прадпрыемствы працавалі фактычна на мінімальнай загрузцы, аб’ём перапрацоўкі зьнізіўся да 10–12 тысяч тон замест 30 тысяч у звычайным рэжыме. У любым выпадку, на думку эканаміста Віктара Цярэшчанкі, трэба было загадзя рыхтавацца да таго, што Беларусь будзе набываць нафту на нявыгадных для сябе ўмовах:

Віктар Цярэшчанка
«Відавочна, што ўмовы будуць не на карысьць Беларусі. І, як мне падаецца, сытуацыя ў адносінах з Расеяй у бліжэйшай будучыні будзе толькі пагаршацца. Дакладней, зьнешне, у прапагандысцкай падачы на абывацеля, стасункі нібыта нават і „палепшацца“, але сытуацыя ў эканоміцы будзе пагаршацца. І ў любым выпадку мы будзем вымушаныя набываць нафту па вышэйшых для сябе коштах, чым плянавалі дагэтуль. І ўмовы выкананьня кантрактных абавязаньняў таксама будуць нашмат больш жорсткія».

Канфліктную сытуацыю вакол расейскай нафты беларускі ўрад намагаўся разьвязаць праз Эканамічны суд СНД. Аднак судзьдзі заклікалі Беларусь і Расею шукаць выйсьце шляхам перамоваў. Дамаўляцца, як сьведчыць практыка, удаецца зь цяжкасьцю. Між тым на хадайніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі ў красавіку суд зноў вернецца да нафтавай тэмы — беларускі бок хоча кампэнсаваць мінулагоднія страты.

Яшчэ летась, ва ўмовах рэзкага падвышэньня кошту расейскай сыравіны, Аляксандар Лукашэнка загадаў дывэрсыфікаваць нафтавыя пастаўкі. Неўзабаве ў парты Ўкраіны і краінаў Балтыі пачалі прыбываць танкеры з Вэнэсуэлы. Лукашэнка распарадзіўся выйсьці на паказьнік вэнэсуэльскай нафты ў аб’ёме 10 мільёнаў тон штогод. Сёлета, праўда, ніводзін танкер з Вэнэсуэлы ў напрамку Беларусі пакуль ня выправіўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG