Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі: Студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях, адлічаць з ВНУ ня будуць


Сяргей Маскевіч
Сяргей Маскевіч
Студэнты, якія бралі ўдзел у масавай акцыі 19 сьнежня, выключацца з ВНУ ня будуць. Пра гэта заявіў новы міністар адукацыі Сяргей Маскевіч, прэзэнтуючы на прэсавай канфэрэнцыі «Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі».

Новы Кодэкс аб адукацыі ўступае ў дзеяньне з 1 верасьня. Замест 50 нарматыўных актаў, якія рэгулююць прававыя дачыненьні ў сыстэме адукацыі і выхаваньня, зьявіўся адзін цэласны дакумэнт. У Беларусі зьявілася адукацыйнае права як самастойная галіна, распавёў новы міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.

Існуе мадэльны кодэкс СНД, якім прадугледжваецца пэўная ідэалёгія ў адукацыі, сьцьвярджае экс-прарэктар ЭГУ, прафэсар Уладзімер Дунаеў. І ў Кодэксе аб адукацыі абавязкова павінен быць прапісаны прынцып нацыянальна-культурнай асновы адукацыйнай палітыкі:

«Для нас гэта вельмі актуальнае пытаньне, таму што гэта пытаньне пра беларускую мову ў адукацыі, напрыклад. Пытаньне пра тое, наколькі адукацыя адлюстроўвае нацыянальна-культурныя асаблівасьці. Дык вось з Адукацыйнага кодэксу быў выключаны гэты прынцып».

Прычым у першым варыянце праекта Кодэксу аб адукацыі гэты прынцып яшчэ быў, і першы варыянт яшчэ быў апублікаваны для абмеркаваньня. А праект, які абмяркоўваўся дэпутатамі ў другім чытаньні, так і не апублікавалі. Дарэчы, на прэсавай канфэрэнцыі спадар Маскевіч гаварыў па-расейску, хаця валодае беларускай мовай. Будучы рэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, ён размаўляў, даваў камэнтары СМІ па-беларуску.

Хвалюе студэнтаў і іх бацькоў няспыннае павелічэньне платы за адукацыю. Міністар Маскевіч кажа, што гэты рост будзе працягваецца:

«Вядома ж, платная адукацыя будзе станавіцца больш дарагой, як і ва ўсім сьвеце. Сёньня ў нас ў сярэднім платнікі кампэнсуюць толькі 70% выдаткаў на іх адукацыю. То бок у нас датацыйная зь бюджэту адукацыя».

Ніякіх адлічэньняў за ўдзел у гэтых акцыях ня будзе, можаце ў гэтым не сумнявацца.
Натуральна, журналістаў цікавіла пытаньне, што будзе са студэнтамі, якія бралі ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня. Новы міністар адукацыі Сяргей Маскевіч запэўніў:

«Стаўленьне да іх, канечне ж, будзе адпаведнае. Ніякіх адлічэньняў за ўдзел у гэтых акцыях ня будзе, можаце ў гэтым не сумнявацца. Паколькі ацэнку іх дзеяньням даюць адпаведныя праваахоўныя органы, там прадугледжаны тыя захады, якія да іх ужо прымененыя».

На думку Сяргея Маскевіча, многія маладыя людзі проста правакуюць, каб іх адлічылі, ім гэта выгадна. Але ён перакананы, што рэктары ВНУ ня будуць гэтага рабіць.

Начальнік упраўленьня прававой і аналітычнай працы Мінадукацыі Анатоль Кучынскі дадаў:

«У адпаведнасьці з новым Кодэксам аб адукацыі прадугледжана толькі дысцыплінарная адказнасьць. Захады, якія можа зрабіць адміністрацыя, — гэта адлічыць, калі будуць пропускі заняткаў без паважных прычын».

Дарэчы, больш за дзясятак студэнтаў, якіх рэктары пасьпяшаліся адлічыць на пачатку студзеня з пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Танка, з радыётэхнічнага каледжу, выключылі менавіта за няздачу залікаў альбо за пропускі заняткаў. Такім чынам, калі студэнт адбываў 10-15 сутак, у яго, натуральна, можа набрацца 10 пропускаў заняткаў, за якія, згодна з новым Кодэксам аб адукацыі, яго могуць адлічыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG