Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты і сваякі грамадзян, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня, абвяргаюць інфармацыю Генпракуратуры Беларусі.

Многія адвакаты сьцьвярджаюць, што ня бачылі сваіх падабаронных з канца сьнежня. У іх ліку — Тамара Сідарэнка, адвакат экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Сёньня яна зноў знаходзіцца ў СІЗА КДБ, чарговы раз спрабуючы сустрэцца зь Някляевым.

"З раніцы я была трэцяй у чарзе, пасьля абеду — першай. Аднак перада мной праходзяць іншыя адвакаты, не зьвязаныя з крымінальнай справай аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня мінулага году. Наколькі я ведаю, аналягічная сытуацыя і ў іншых адвакатаў", — распавяла Сідарэнка БелаПАН.

Адвакат падкрэсьліла, што ня раз зьвярталася да начальніка сьледчага ізалятара і органаў папярэдняга расьсьледаваньня з просьбай аб сустрэчы са сваім падабаронным, але беспасьпяхова. "Я ня бачыла Някляева з 29 сьнежня мінулага году", — сказала Сідарэнка.
Я паўдня правяла ў КДБ, але ў выніку да Статкевіча так і ня трапіла ...

Тацяна Станкевіч, адвакат былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, чарговы раз спрабавала сустрэцца са сваім падабаронным 24 студзеня. "Я паўдня правяла ў КДБ, але ў выніку да Статкевіча так і ня трапіла", — паведаміла яна. — "Калі пракуратура заяўляе, што доступ адвакатаў да падабаронных вольны, то гэта, напэўна, не ў маім выпадку", — сказала Станкевіч, якая апошні раз бачыла зьняволенага палітыка таксама 29 сьнежня.

Абвяргаюць заявы Генпракуратуры і сваякі абвінавачаных.

Уладзімер Халіп
Паводле слоў Уладзімера Халіпа, бацькі журналісткі і жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыны Халіп, апошні раз адвакат бачыў яе дачку ў мінулым годзе. "Няма ніякіх зьвестак ні з нашага боку, ні ад Ірыны, ні ад адвакатаў. Мы ўвесь час знаходзімся ў кантакце з адвакатам, ён апошні раз Ірыну бачыў 29 сьнежня", — сьцьвярджае Ўладзімер Халіп.

Вольга Бандарэнка, жонка даверанай асобы Саньнікава Зьмітра Бандарэнкі, адзначыла: ні пра якую сустрэчу з мужам "гаворка не ідзе".

"Я не магу нават забраць у яго брудную бялізну на мыцьцё. Я кожны раз, калі прыношу перадачы, запісваюся на тое, каб забраць у мыцьцё яго рэчы. Але нават брудных рэчаў мне не аддаюць, ня кажучы ўжо пра якія-небудзь сустрэчы", — заяўляе Вольга. Паводле яе слоў, апошні раз адвакат наведваў яе мужа таксама 29 сьнежня.

Сёньня ў Генпракуратуры заявілі, што да асобаў, якія знаходзяцца пад вартай, забясьпечаны ва ўстаноўленым парадку доступ адвакатаў і сваякоў, арганізавана атрыманьне пасылак, грашовых пераводаў і лістоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG