Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кватэры гарадзенскага актывіста ператрус правялі невядомыя


 Даніла Кляўко

Даніла Кляўко

Тры мужчыны і жанчына ў міліцэйскай форме прыйшлі на кватэру да актывіста АГП Данілы Кляўко і, нахабным чынам адмовіўшыся прадставіць ордэр, правялі ў кватэры ператрус. У міліцыі гаспадару кажуць, што ня ведаюць такіх супрацоўнікаў.

Даніла Кляўко распавядае, што дакумэнты яму вельмі хутка паказала толькі жанчына, і адзінае, што ён пасьпеў убачыць — "Кастрычніцкі суд Горадні"... У далейшым на яго патрабаваньні прадставіць ордэр на ператрус людзі ў форме не рэагавалі.

Сярод іх, са слоў Кляўко, адзін быў з камэрай і ўвесь час здымаў. Прысутнічалі таксама і двое панятых, якіх ён раней ніколі ня бачыў.

"Ператрэсьлі ўсю хату, — кажа Даніла Кляўко, — знайшлі толькі камізэльку "За Някляева!" і ў канцы запатрабавалі расьпісацца на нейкай паперы, чаго я не зрабіў".

Пасьля гэтага ператрусу Даніла Кляўко зьвярнуўся з заявай у міліцыю. І вось сёньня, зь яго слоў, тэлефанаваў начальнік райаддзела і патлумачыў яму: былі зробленыя запыты ва ўсе адпаведныя інстанцыі, і высьветлілася, што ніхто не пасылаў супрацоўнікаў міліцыі да яго зь ператрусам.

Начальнік райаддзела, са слоў Кляўко, сказаў, што яны будуць узбуджаць крымінальную справу і запрасіў яго для прагляду відэакартатэкі, каб выявіць асобы людзей, якія прыходзілі да яго праводзіць ператрус.
XS
SM
MD
LG