Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На заклік пра збор сродкаў для сям’і колішняга лідара рабочага руху, які зараз адбывае тэрмін за паклёп на прэзыдэнта, адгукнуліся ў Віцебску, Воршы, Коханаве.

Прадстаўнікі кампаніі "Гавары праўду" і аршанскія дэмакратычныя актывісты перадалі жонцы зьняволенага Ірыне Разумавай сабраную для сям’і матэрыяльную дапамогу і рэчы для чацьвярых непаўналетніх дзяцей — адзеньне, цацкі, канцтавары.

Паводле жонкі, Мікалай Разумаў цяпер знаходзіцца ў кардыялягічным шпіталі, куды яго забралі з "хіміі" — зь віцебскай "установы адкрытага тыпу" № 11. Ірына Разумава распавяла, што з часу ягонага зьняволеньня яна зь дзецьмі жыве на дапамогу па доглядзе за малодшым дзіцем, якому толькі 4 месяцы. Прычым частку гэтых грошай яна вымушана перасылаць Мікалаю, бо зь яго спаганяюць плату за пражываньне ў інтэрнаце, а на працу ён не ўладкаваны.

На тры гады "хіміі" за паклёп на прэзыдэнта Мікалай Разумаў быў асуджаны яшчэ ў чэрвені 2006 году. Яго пакаралі за тое, што падчас пазамінулай прэзыдэнцкай кампаніі на перадвыбарчай сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам 24 лютага 2006 году ён публічна заявіў, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Віктара Ганчара і астатніх зьніклых палітыкаў.

Аршанская пракуратура завязала з гэтай нагоды крымінальную справу і скіравала затрыманага актывіста на псыхіятрычную экспэртызу. Экспэртыза прызнала стан ягонай псыхікі нармальным, але тады Мікалая Разумава, які мае групу інваліднасьці, па стане здароўя на "хімію" не накіравалі. Напярэдадні ж апошняй прэзыдэнцкай кампаніі пра прысуджанае пакараньне згадалі, і з 9-га лістапада 2010 году ён зьняволены.

Мясцовыя дэмакратычныя актывісты мяркуюць, што колішні рабочы лідэр, які ў 1991-м годзе арганізаваў масавы страйк і вывеў аршанскіх рабочых на рэйкі з патрабаваньнем глябальных эканамічных рэформаў у дзяржаве, быў ізноў залічаны ў шэраг "небясьпечных асобаў". Хаця напрыканцы 1990-х Мікалай Разумаў адышоў ад грамадзкай дзейнасьці і не праяўляў ніякае палітычнае актыўнасьці, апрача таго самага выступу на ўжо даўняй перадвыбарчай сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Мясцовыя актывісты лічаць Мікалая Разумава палітвязьнем і надалей зьбіраюцца матэрыяльна дапамагаць яго сям’і.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG