Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загінулая ў Дамадзедаве Ганна Яблонская заклікала вызваліць палітвязьняў у Беларусі



Афіцыйныя лічбы тэракту ў Дамадзедаве на дадзены момант такія: 35 загінулых, 108 шпіталізаваных. Паводле дакумэнтаў апазнаны целы 18 чалавек, 12 застаюцца неапазнанымі. На судмэдэкспэртызу таксама дастаўленыя фрагмэнты чалавечых целаў.


У інтэрвію расейскім СМІ прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў сказаў, што мэнэджмэнт аэрапорту Дамадзедава "павінен адказаць" за тое, што адбыўся выбух, паколькі мелі месца "парушэньні ў забесьпячэньні бясьпекі" з боку адміністрацыі аэравакзала. "Такая колькасьць выбухоўкі пранесьці ці правесьці – гэта трэба пастарацца, і за гэта павінны адказаць ўсе, хто мае дачыненьне да кампаніі, хто прымае рашэньні, мэнэджмэнт аэрапорта", – сказаў Дзьмітры Мядзьведзеў, дадаўшы, што зь яго боку дадзена даручэньне генэральнаму пракурору разабрацца з тым, як законы РФ дзейнічалі на тэрыторыі аэрапорту Дамадзедава.

Між тым удакладняюцца сьпісы загінулых. На сайце МНС зьявіліся прозьвішчы загінулых, сярод якіх восем замежных грамадзян. Стала таксама вядома, што адна з ахвяраў тэракту ў Дамадзедава – 29-гадовая драматург Ганна Яблонская (сапраўднае імя – Ганна Машуціна). Пра гэта паведаміў рэжысэр і сцэнарыст Міхаіл Угараў, растлумачыўшы, што Яблонская прыляцела ў Маскву з Адэсы на цырымонію ўручэньня прэмій часопісу "Искусство кино". Ганна Яблонская вядомая, у прыватнасьці, як аўтар п'ес і вершаў, яна зьяўляецца ляўрэатам шматлікіх конкурсаў і прэмій.

Ганна Яблонская заклікала вызваліць палітвязьняў у Беларусі і Расеі, яна выступала ў падтрымку зьняволенага паэта Ўладзімера Някляева.

Як паведаміла ў Livejournal карыстальнік ninka-bel, 29-гадовая жанчына прыляцела ў Дамадзедава каля 16:00, патэлефанавала з самалёта, "потым зьнікла". У эфіры "Расеі 24" распавялі, што Яблонскую не дачакаліся на цырымоніі ўручэньня прэміі, а празь некалькі гадзін высьветлілася, што яна загінула.

Па дадзеных МНС на 8 раніцы па маскоўскім часе ў выніку тэракту ў Дамадзедаве шпіталізаваны 108 чалавек, пры гэтым прозьвішчы пяці чалавек з сьпісу не пранумараваныя, а прозьвішчы яшчэ 25 пацярпелых ўдакладняюцца.

Сярод пацярпелых ад выбуху ў аэрапорце Дамадзедава — 12 грамадзян краін СНД і Эўропы, паведамляе афіцыйны сайт МНС Расеі.
У прыватнасьці, у ліку пацярпелых — па адным грамадзяніну Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Італіі, Славакіі, Сэрбіі і Францыі. Яны шпіталізаваныя. З краін СНД, вядома, у прыватнасьці, пра тое, што пацярпелі грамадзяне Кіргізстану.

Як паведаміў БелаПАН намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных спраў Марыя Ваньшына, няма інфармацыі пра тое, што сярод пацярпелых ад выбуху ёсьць беларусы. Пры гэтым консульская служба пасольства Беларусі ў Маскве працягвае правяраць зьвесткі аб пацярпелых ад тэракту.



Між тым, каля будынка аэравакзала працягваюць дзяжурыць каманды ратавальнікаў і некалькі брыгад "хуткай дапамогі". У залі аэрапорта пастаянна праходзяць супрацоўнікі службы бясьпекі са службовымі сабакамі, навучанымі на пошук выбуховых рэчываў.



Крыніца ў праваахоўных органах заявіў агенцтву "Інтэрфакс", што адзін з відавочцаў выбуху ў аэрапорце Дамадзедава сьцьвярджае, што тэракт быў зьдзейсьнены сьмяротніцай якая пранесла выбухновыя прылады ў аэрапорт у ручной паклажы. "Адзін са сьведак, які знаходзіўся недалёка ад эпіцэнтра выбуху, сказаў, што бачыў, як выбухнуў багаж жанчыны, якая была апранутая ў чорнае адзеньне, падобнае на паранджу", – сказала крыніца.

Аднак ІТАР-ТАСС абвяргае гэтую вэрсію. Прадстаўнік сьледзтва па выбуху ў Дамадзедава абверг інфармацыю шэрагу СМІ аб тым, што ўчорашні тэракт ў аэрапорце ажыцьцявілі двое тэрарыстаў – мужчына і жанчына. "Асноўная вэрсія сьледзтва не зьмянілася: у Дамадзедаве выбухнуў адзін тэрарыст-сьмяротнік, мужчына ва ўзросьце ад 30 да 40 гадоў, шчыльнага целаскладу, хутчэй за ўсё, эўрапейскай зьнешнасьці", – паведаміў прадстаўнік сьледзтва. "Фрагмэнты цела былі моцна дэфармаваны, аднак ідэнтыфікацыя пры дапамозе адмысловых экспэртыз магчымая", – удакладніў ён.

Руслан Мартагаў
, палітоляг, былы кансультант фонду "Антытэрор", спэцыяльны карэспандэнт газэты "Паўночны Каўказ" ня лічыць, што ёсьць неабходнасьць у сапраўдны момант казаць пра каўкаскі або якім-небудзь іншы сьлед гэтага тэракту:


"Павінна працаваць сьледзтва. Але хацеў бы заўважыць адно: Каўказ для палітычнай улады ў Расіі стаў свайго роду "палачкай-ратавалачкай". Як толькі набліжаюцца выбары, як толькі сытуацыя ў краіне ў эканамічным і сацыяльным пляне пагаршаецца, пачынаюцца выбухі, падрывы, сьляды якіх, як аб'яўляецца кожны раз, вядуць на Каўказ. У выніку ўсё гэта прыводзіць да ўмацаваньня праславутай вэртыкалі ўлады. Абстаноўка на Паўночным Каўказе вельмі напружаная. Усе гэтыя 10 гадоў, што нам вешаюць, груба кажучы, локшыну на вушы, кажучы, што Пуцін стабілізаваў сытуацыю, на самой справе, 10 гадоў былі падораныя тым жа вахабітамі для ўмацаваньня сваёй інфраструктуры. Гэта значыць, калі да 2000 года мы больш ці менш абгрунтавана казалі аб чачэнскім тэрарызме, то зараз можна ўпэўнена сказаць, што за мінулыя 10 гадоў тэрарызм разьліўся па ўсім Паўночным Каўказе, ды і ня толькі па Каўказе. Таму цяпер казаць толькі аб Паўночным Каўказе неактуальна, трэба казаць аб сытуацыі ва ўсіх мусульманскіх і не мусульманскіх – падкрэсьліваю – не мусульманскіх рэгіёнах таксама. Тыя ж прыморскія партызаны наглядна нам паказалі, што трэба казаць аб сытуацыі па краіне ў цэлым. Галоўная і асноўная прычына таго, што адбываецца – кіраўніцтва краіны. Для таго каб выйсьці з гэтай сытуацыі, ёсьць просты спосаб, апрабаваны ва ўсіх дэмакратычных краінах: павінна зьявіцца вольная прэса, свабодныя партыі, свабодная юстыцыя. Вось калі тры гэтыя складнікі будуць, вось тады мы пазбавімся ад усяго гэтага – і не трэба вынаходзіць ровар".

Сусьветныя лідэры выказваюць спачуваньні расейцам. Так, Барак Абама сказаў, што узрушаны жорсткасьцю тэрарыстаў. "Я абураны тэрактамі ў Дамадзедаве, мы з (жонкай) Мішэль выказваем падтрымку пацярпелым і салідарнасьць з народам Расеі ... Мы павінны змагацца з тэрарызмам", - зачытаў прэс-сакратар Белага дома на брыфінгу адмысловую заяву прэзыдэнта ЗША.

Навуковец Сямён Бару з Інстытуту ядзернай фізыкі ў Новасібірску сьцвярджае ў інтэрвію РС, што распрацаваная ў гэтым навуковай установе эфэктыўная ўстаноўка для надгляду ў аэрапортах, у "Дамадзедаве" стаіць, але не працуе:

"Яна адключаная пастаянна, затое закупленыя амэрыканскія сыстэмы. Я паспрабаваў прайсьці праз сваю сыстэму – мне сказалі: "Там нельга ісьці, там шкоднае выпраменьваньне". Гэта добра аплачаны адказ. Між іншым, у нашым новасібірскам аэрапорце "Талмачовы" прыкладна 60-70% пасажыраў ідзе праз мае дзьве ўстаноўкі, якія працуюць дзень і ноч".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG