Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На наступным тыдні Эўропа мусіць вызначыцца са сваім адказам на пасьлявыбарчую сытуацыю ў Беларусі. 31 студзеня міністры замежных спраў краінаў Эўразьвязу павінны разгледзець прапановы рэзалюцыі, прынятай 20 студзеня на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Ці ўхваляюць самі беларусы тактыку санкцый?

Эканаміст Станіслаў Гусак мяркуе, што ў выпадку ўвядзеньня эканамічных санкцый пацерпяць не ўлады, а простыя людзі, таму сам зьяўляецца прыхільнікам абмежаваньняў выключна палітычнага характару:

Станіслаў Гусак

"Я думаю так: рэжым, той што ёсьць, ён згіне. Можа не праз год, праз два, але ж ён прападзе. А беларускі народ будзе існаваць заўжды. Гэты народ і так ўжо зазнаў столькі бяды столькі жабрацтва, і калі яшчэ ўвесьці эканамічныя санкцыі, то будзе яшчэ больш балюча. Але не кіраўнікам нашым. Тое, што будзе балюча, будзе ў першую чаргу балюча для народа. Вось я пра што думаю, бо вельмі шкада тых жа пэнсіянэраў.

Таму калі гэта здарыцца, то горш будзе ўсім. Мы ўжо гэта адчуваем. Пасьля Новага году вунь што робіцца: бульба ўжо 3 тысячы, морква – 3 тысячы, бурак – тыя ж 3 тысячы, усё па даляру. Ну і што далей? Будзе па 4-5 тысяч, а есьці ж усё роўна нешта трэба. Таму любое абмежаваньне будзе не на карысьць простаму чалавеку, а менавіта з простых людзей складваецца народ Беларусі. Таму яшчэ раз кажу: рэжым загнецца рана ці позна. А народ будзе заўжды. І трэба думаць пра народ у першую чаргу. Таму думаю, што эканамічныя санкцыі будуць лішнія. Вось палітычныя – так, захады павінны быць перадусім палітычныя. Можа нават дзесьці і эканамічныя -- з чаго сілкуюцца самі ведаеце хто. Магчыма, гэтыя крыніцы ім прыдушыць. Але не хацелася б, каб пацярпелі іншыя. Таму што нам гэта ўжо добра знаёма".

Былы кандыдат у прэзыдэнты на апошніх выбарах Віктар Цярэшчанка не выключае, што санкцыі супраць Беларусі могуць быць ужытыя самыя шырокія -- ад эканамічных да палітычных. Разам з тым, на думку палітыка, тое, што ўлады давялі да пагрозы блякады цэлую краіну, сапраўдная ганьба:

Віктар Цярэшчанка

"Я вельмі шкадую адносна таго, што адбываецца. Яшчэ 24 верасьня мінулага году я пра гэта тэзісна пісаў у прэсе. Я вельмі засмучаны, што з боку кіраўніцтва, з боку ўраду Беларусі дапушчаныя такія ляпсусы. Гэта і падзеі 19 сьнежня -- пераборы поўныя -- і, натуральна, увесь сьнежань месяц. Таму мне здаецца, што санкцыі будуць, у тым ліку санкцыі эканамічныя. Амэрыканцы дакладна пойдуць на эканамічныя санкцыі, ім, прабачце, напляваць. Мне вельмі шкада, бо сапраўды пацерпяць людзі.

Што тычыцца нібыта нейкай палёгкі для беларусаў у атрыманьні візаў, то нават у выпадку, калі візы і будуць бясплатныя, то ўсё ж неабходныя працэдуры трэба будзе выканаць. Пакажы грошы, куды і навошта едзеш і г.д. То бок, працэдуры і правілы ўсё роўна застануцца, таму палёгкі не такія ўжо і адэкватныя тым шырокім санкцыям, якія могуць быць. Таму сытуацыя будзе пагаршацца пры любым раскладзе. І тая ж Расея цудоўна разумее: у Беларусі няма іншага шляху. Заходні вэктар адрэзаны, і не на месяц, а як мінімум на год-два. Калі ўжо добра пастарацца, то можна будзе, напэўна, вярнуцца ў нейкіх пазыцыях. Але ні Міжнародны валютны фонд, ні эўрапейскія банкі, ніхто не дасьць ніводнага рубля, ні крэдытаў, ні інвэстыцыяў, ні прэфэрэнцыяў. Нічога падобнага больш я будзе".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG