Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кулікоў патрапіў у турму, дзе "да вязьняў ставяцца як да прусакоў"


Іван Кулякоў

Іван Кулякоў

Прэтэндэнта ў прэзыдэнты Івана Кулікова зьмясьцілі ў Жодзінскі ізалятар, вядомы дрэннымі ўмовамі і жорсткім стаўленьнем да вязьняў з боку адміністрацыі.

Паводле міліцыі навуковец Іван Кулікоў, які спрабаваў вылучацца на прэзыдэнта і зьняў сваю кандыдатуру падчас збору подпісаў, абвінавачваецца ў крадзяжы 7,5 тысяч даляраў. Нібыта, працуючы загадчыкам лябараторыі ядзернага інстытуту "Сосны" Кулікоў цягам амаль 8 гадоў атрымліваў заробак за людзей, аформленых на працу фіктыўна.

"Паводле дадзеных сьледзтва, Кулікоў з красавіка 2000 году па чэрвень 2008 году трымаў у штаце лябараторыі Аб'яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў "Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі двух менчукоў. Папярэдне ўстаноўлена, што на самой справе аформленыя ў інстытуце асобы там не працавалі, а ўвесь гэты час заробак за іх атрымліваў сам Кулікоў", — паведамілі прадстаўнікі сілавых структураў Інтэрфаксу.

Сын Івана Кулікова Уладзімер, які стала жыве ў Маскве, падлічыў: паводле матэрыялаў сьледзтва атрымліваецца, што ягоны бацька нібыта браў сябе штомесяц па 39 даляраў заробку кожнага з двух чалавек. "Хіба ёсьць такі месячны заробак – 39 даляраў?", -- зьдзіўляецца сын вязьня.

Раней Уладзімер паведамляў журналістам, што праверкі на працы ў бацькі пачаліся адразу пасьля падзеяў 19 сьнежня.
за такія парушэньні не саджаюць у СІЗА і тым болей не зьмяшчаюць у Жодзіна ...

"Каманда была праверыць інстытут, знайсьці парушэньні і пасадзіць чалавека. Але ўсё ж за такія парушэньні не саджаюць у СІЗА і тым болей не зьмяшчаюць у Жодзіна. Даволі неадэкватны адказ уладаў, гэтак скажам. Бо маглі б выпусьціць пад падпіску пра нявыезд, маглі б знайсьці больш мяккія формы пакараньня. Але палічылі патрэбным зрабіць тое, што зрабілі".

Уладзімер кантактаваў з адвакатам, які абараняе Івана Кулікова і нядаўна сустракаўся з ім у турме.

"Камэнтара па тэлефоне ён не дае. Ён сустракаўся з татам ў суботу, той пачуваецца больш-меньш. Натуральна, што спадзяецца на хуткае вызваленьне з ізалятару, бо не адчувае за сабой такой віны, каб увесь час знаходзіцца ў ізалятары".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG