Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Страты Беларусі ад магчымых эўрапейскіх санкцыяў – 500-600 мільёнаў у год


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Наколькі балючымі для беларускай эканомікі могуць быць эканамічныя санкцыі Эўразьвязу, у тым выпадку, калі яны будуць уведзеныя? Якія наступствы зьведае беларуская нафтаперапрацоўка, калі краіны Эўразьвязу перастануць купляць беларускія нафтапрадукты? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў


Цыганкоў: Чым можа пагражаць беларускай эканоміцы магчымае рашэньне Эўразьвязу ўвесьці санкцыі супраць "Белнафтахіму". Напрыклад, краіны Эўропы вырашаюць не купляць беларускія нафтапрадукты. Ці можа Беларусь знайсьці іншых пакупнікоў для пакупкі нафтапрадуктаў?


Злотнікаў: Не, іншых пакупнікоў знайсьці вельмі цяжка. Гэтыя нафтапрадукты не патрэбныя ані Расеі, ані беларускім саюзьнікам у арабскім сьвеце.

Але праблема ў іншым. Паводле пагадненьня з Расеяй, калі Беларусь прадае нафтапрадукты за межы Мытнага саюзу, то ўсе экспартныя мыты павінны быць пералічаныя ў бюджэт Расеі. І ў гэтым выпадку прыбытак для Беларусі застаецца даволі невялікім. Калі сёлета будзе прададзена на Захад калі 8 мільёнаў тонаў нафтапрадуктаў, то Беларусь атрымае прыбытку каля 600-700 мільёнаў даляраў. Таму менавіта такая сума складзе страты Беларусі ў выпадку адмовы Эўразьвязу закупляць прадукты беларускай нафтаперапрацоўкі.

Гэтая сума не зьяўляецца вырашальнай для эканамічнай сытуацыі Беларусі.

Цыганкоў: Днямі Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны выступіла за ўвядзеньне мытаў на імпартаваныя ў краіну нафтапрадукты. Больш за іншых можа пацярпець Беларусь, якая з’яўляецца найбуйнейшым замежным пастаўшчыком нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Калі, напрыклад, гэтым шляхам пойдзе Эўразьвяз і ўвядзе нейкія мыты на беларускія нафтапрадукты, які эфэкт гэта можа мець?

Злотнікаў:
Мыты нічога новага не дададуць да патэнцыйнай шкоды. Калі будзе стратна весьці нафтапрадукты ў Галяндыю, дык беларускія заводы іх проста ня будуць вырабляць і туды не павязуць.

Цыганкоў: Але ў такім варыянце ня будуць запоўненыя працай беларускія НПЗ, а гэта вялікія сацыяльныя страты.

Злотнікаў:
Яны будуць працаваць, але не на поўную магутнасьць. Бо попыт на спажываньне нафтапрадуктаў у самой Беларусі, таксама ў суседзяў, найперш Украіны, забясьпечыць нашы нафтаперапрацоўчыя заводы працай прыблізна на 50-60 працэнтаў іхняй магутнасьці.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG