Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў да разгляду скаргу "Аўтарадыё"


Сёньня Юрыю Базану, генэральнаму дырэктару "Аўтарадыё", вяшчаньне якога было прыпынена з 12 студзеня загадам Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні, паведамілі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, што гэта вышэйшая судовая інстанцыя будзе разглядаць яго апэляцыйную скаргу.

Сам дакумэнт з Вышэйшага гаспадарчага суду Юры Базан яшчэ ня бачыў, -яго выслалі па пошце, але пра сутнасьць яму паведамілі:

"Так, гэта вызначэньне суду па ўзбуджэньні справы ў вытворчасьць. Таму будзе вызначэньне, нейкая дата разгляду ўжо прызначаная. Як мне патлумачылі, адмовы няма, будзе разгляд справы па сутнасьці".

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец перакананы, што рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні ануляваць дазвол на трансьляцыю "Аўтарадыё" у FM эфіры незаконнае па некалькіх пунктах. Спадар Бастунец зьвяртае ўвагу на асноўныя:

Андрэй Бастунец
"Гэта рашэньне сапраўды незаконнае хаця б таму, што ў ім ёсьць спасылка на тое, што "Аўтарадыё" перадавала ў эфір экстрэмісцкія матэрыялы. Але ж згодна з Законам аб процідзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці прызнаць матэрыялы экстрэмісцкімі можа толькі суд, а не орган сувязі. Толькі суд, і толькі пасьля звароту ў яго Камітэта дзяржаўнай бясьпекі. А ў нас такія рашэньні бярэ на сябе Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні".

Больш за тое, у самім рашэньні Рэспубліканскай камісіі не пазначана, якія канкрэтна матэрыялы сталі падставай для закрыцьця "Аўтарадыё". Генэральны дырэктар радыёстанцыі Юры Базан мяркуе, што экстрэмісцкія заклікі ўлады пачулі ў выступе Андрэя Саньнікава, які ў агітацыйным роліку сказаў, што "лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". Гэта ж выказваньне 2 сьнежня надрукавала і "Советская Белоруссия", гучала яно і эфіры Беларускага радыё і па тэлебачаньні, аднак да дзяржаўных СМІ прэтэнзіяў чамусьці няма. Да таго ж, ніякіх прэтэнзій да вяшчаньня раней таксама не было, ужо пасьля спыненьня вяшчаньня 13 студзеня "Aўтарадыё" атрымала папярэджаньне "заднім чыслом", датаванае 10-м студзеня.

Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец выказаў такое меркаваньне:

"Цягам году "Аўтарадыё" не атрымлівала ніякіх заўвагаў ці папярэджаньняў з боку рэгістрацыйных органаў. Гэта таксама сьведчыць аб штучнасьці прэтэнзій вось гэтай камісіі да FM станцыі. Гаворка ж у рашэньні не ідзе аб прыпыненьні альбо спыненьні сродку масавай інфармацыі. СМІ зарэгістраваны, але ж даносіць гэтую самую інфармацыю ён страчвае магчымасьць, бо пазбаўлены права вось гэтага эфірнага вяшчаньня. Тут мы бачым іншы падыход і іншы, дадатковы мэханізм ціску на радыёкампанію".

Генэральны дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан спадзяецца на аб'ектыўны разгляд сваёй апэляцыйнай скаргі Вышэйшым гаспадарчым судом:

"Я ўжо неаднаразовы сустракаўся па розных справах з Вышэйшым гаспадарчым судом. У прынцыпе, па ранейшых справах у іх усё было грунтоўна і кампэтэнтна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG