Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сюрпрыз ад КДБ для мазырскага актывіста


Уладзімер Целяпун
Уладзімер Целяпун
Грамадзкі актывіст з Мазыра Ўладзімер Целяпун ня мала быў зьдзіўлены, калі 24 студзеня вярнуўся пасьля паездкі дамоў. За тры дні, што ён адсутнічаў, Мазырскі аддзел Гомельскай управы КДБ пасьпеў зрабіць у кватэры ператрус.

“Прыходзіў нехта Прыходзька В. з напарнікам і двумя панятымі. Дома была толькі жонка – яна, канечне, зьведала стрэс. Чэкісты забралі сынаў кампутар, флэшку з ягонай дыплёмнай работай, мае DVD-дыскі, жорсткі дыск. Дапытваліся яшчэ, дзе мой фотаапарат і ноўтбук”, – распавёў спадар Целяпун.

Мазырскі актывіст падчас выбарчай кампаніі ня ўдзельнічаў у штабах альтэрнатыўных кандыдатаў. Аднак ён як праваабаронца й назіральнік пільна сачыў за захаваньнем выбарчага заканадаўства ў рэгіёне з боку выканаўчай улады, тэрытарыяльных і ўчастковых камісіяў.

Як лічыць спадар Целяпун, супрацоўнікі КДБ цікавяцца найперш інфармацыяй, якая ёсьць ў актывістаў, – пра выбары, падзеі ў Менску, пра фінансаваньне грамадзянскіх кампаніяў.

55-гадовы Уладзімер Целяпун – сябра партыі БНФ, ліквідатар катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, бацька траіх дзяцей. Да мінулага лета амаль чвэрць стагодзьдзя працаваў у ААТ «Беларускабель» начальнікам тэхнічнага аддзелу – па накіраваньні прадпрыемства адзін зь нямногіх скончыў профільны інстытут у Ленінградзе. Але дырэкцыя не працягнула зь ім кантракт.

На апошніх мясцовых выбарах Уладзімер Целяпун ня толькі вылучаўся кандыдатам у дэпутаты аблсавету, але й быў кіраўніком ініцыятыўнай групы палітпрызыўніка Франка Вячоркі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG