Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Бабруйскі гарвыканкам заснаваў прэмію за дасягненьні ў папулярызацыі беларускай мовы. Ёй будуць адзначаць мясцовых дзеячаў культуры, мастацтва, адукацыі, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Паводле чыноўнікаў, прэмія паспрыяе вяртаньню ў публічнае жыцьцё беларускай мовы.

Адмысловай прэміі бабруйскага гарвыканкаму надалі імя народнага пісьменьніка Беларусі Міхася Лынькова. У 20-х гадах мінулага стагодзьдзя Лынькоў працаваў у газэце "Камуніст", якая ў тыя часы выдавалася ў Бабруйску на беларускай, расейскай, габрэйскай і украінаскай мовах.

Хто будзе варты гэтай прэміі Лынькова, будзе вызначаць камісія, якая яшчэ ствараецца.

Тлумачыць супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Бабруйску:

"Прэмія будзе прысуджацца дзеячам культуры, мастацтва, адукацыі, прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі, якія дасягнуць пэўных посьпехаў у папулярызацыі беларускай мовы. Гэта менавіта жыхары Бабруйску"

Ці паболее беларускай мовы ў Бабруйску? Ці прадугледжана, напрыклад, замена расейскамоўных шыльдаў з назвамі вуліцаў на беларускамоўныя?

"Ня ўсё адразу, канечне. Паволі. Мы вось цяпер расьцяжкі пішам як на расейскай мове, так і на беларускай мове. Паступова будзем пераходзіць, канечне ж. Аднак усё ўпіраецца ў фінансавыя сродкі. Будуць грошы — будзем хутчэй рабіць, будзе меней — будзем павальней. Але ж і сьпяшацца ня трэба, бо Бабруйск жа шматнацыянальны горад".

Незалежны бабруйскі журналіст Андрэй Шопін прыхільна ставіцца да высілкаў гарвыканкаму ў справе вяртаньня беларускай мовы ў публічнае гарадзкое жыцьцё.

Шопін, аднак, сумняваецца, што яго маглі б уганараваць прэміяй імя Міхаля Лынькова:

"У мяне ёсьць публікацыі на беларускай мове, і яны маглі б удзельнічаць, напэўна, у гэтым конкурсе. Але хто будзе праводзіць гэты адбор, ці дапусьцяць мяне, хто будзе ў камісіі, ці хто будзе займацца гэтым конкурсам — я проста ня ведаю. Але сама ідэя, сама ініцыятыва — яна добрая".

Грамадзкі актывіст Алесь Чыгір стрымана ацэньвае чыноўніцкі клопат пра мову ў Бабруйску.

Алесь Чыгір
"Іх высілкі пакуль збольшага фармальныя. Ёсьць нейкая дзяржаўная праграма — чыноўнікі вымушаныя ісьці ў рэчышчы гэтай праграмы. Дзе-нідзе зьяўляюцца шыльдачкі на беларускай мове, зьяўляюцца нейкія афішы. Напэўна, самым значным дасягненьнем стала тое, што на адкрытай "Бабруйск-арэне" ўсе шыльдачкі на беларускай мове й сама назва на беларускай мове".

Паводле Алеся Чыгіра, калі й зьяўляюцца прыкметы беларушчыны ў Бабруйску, то пакуль толькі дбаньнем прыватных асобаў.

У Бабруйску пражывае прыкладна 250 тысячаў чалавек. 83% зь іх – беларусы, 13% - расейцы, 2% - украінцы, па 0,27% палякаў і габрэяў.

31 сьнежня 2009 году старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік праграму папулярызацыі беларускай мовы на Магілёўшчыне. Дзяржаўныя службоўцы, грамадзкія арганізацыі павінны садзейнічаць ужываньню беларускай мовы і заахвочваць яго. Сярод пунктаў значыцца й павышэньне ўзроўню веданьня мовы чыноўнікамі. Кожны райвыканкам абавязаны быў распрацаваць свае падыходы ў гэтым пытаньні. Пра тое, як папулярызуецца мова ў рэгіёне, вестак вобмаль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG