Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан пэнітэнцыярнай сыстэмы – тэма асабліва актуальная для Беларусі ў сьвятле цяперашняй хвалі палітычных рэпрэсій. Электроннае выданьне «Ежедневник» прапануе сьпіс і апісаньне 10 лепшых турмаў сьвету, складзеных часопісам Forbes.

Vestre Fængsel (Данія)
Колькасьць зьняволеных: 530
Тып: закрытая, мужчынская


Vestre – адна з самых старых турмаў у Даніі – была пабудавана яшчэ ў 1895 годзе, і ў ёй адбываюць пакараньне асуджаныя ня менш чым на пяць гадоў.

Акрамя трэнажорнай залі, бібліятэкі і мэдычнага цэнтру тут ёсьць крама, дзе прадаецца амаль усё, што і ў звычайных крамах, акрамя алькаголю. Апроч гэтага зьняволеным выплачваецца дапамога ў 50 крон (каля 7 эўра) на дзень; таксама магчымыя дадатковыя заробкі, якія дазваляюць атрымліваць 10-35 крон на гадзіну, аднак замест гэтага большасьць (асабліва імігранты) аддаюць перавагу атрыманьню сярэдняй адукацыі, якую прапануе турма.

Наглядчыкі, зь якіх амаль траціна – жанчыны, праходзяць сур’ёзную трохгадовую падрыхтоўку (у тым ліку і псыхалягічную), пасьля чаго атрымліваюць за сваю працу каля 3000 эўра за месяц. Адна з праблемаў кіраўніцтва турмы: рост спажываньня ласункаў сярод зьняволеных, у выніку чаго Vestre раз у тыдзень наведвае дантыст.

Gelsenkirchen (Нямеччына)
Колькасьць зьняволеных: 558
Тып: закрытая турма, мужчынскія і жаночыя блёкі


Пабудаваная ў 1998 годзе за амаль 92 мільёны эўра, Gelsenkirchen зьяўляецца адной з найбольш сучасных турмаў Эўропы (нездарма яе пабудове папярэднічаў конкурс сярод архітэктараў). Тэрыторыя яе падзелена на мужчынскую і жаночую часткі, баракі якіх выбудаваныя паўколамі вакол вялікага спартовага поля.

У кожнай частцы ёсьць свая царква і бібліятэка, а вось іншыя дэталі адрозьніваюцца. Напрыклад, у мужчын ёсьць школа (у тым ліку, курсы IT і курсы нямецкай як другой мовы), у той час як жанчынам, у адрозьненьне ад мужчын, дазваляюць гуляць пад наглядам за межамі турмы.

Мужчыны працуюць у майстэрнях апрацоўкі мэталю і ў пральнях, а жанчыны займаюцца садоўніцтвам і сыстэмамі офісных камунікацый.

Выпраўленьню зьняволеных спрыяе даволі шырокі штат псыхолягаў, настаўнікаў, мэнэджэраў, капэлянаў і сацыяльных работнікаў. Яны ўдзельнічаюць у адмысловых праграмах для маладых правапарушальнікаў, каб яны ня страцілі навыкі жыцьця на волі. Сваякі могуць наведваць турму тры разы на месяц па 45 хвілін у агульнай залі, а зьняволеным з выдатнымі паводзінамі дазваляюць мець зносіны з роднымі па 3 гадзіны ў асобным пакоі.

Halden Fengsel (Нарвэгія)
Колькасьць зьняволеных: 248
Тып: закрытая, мужчынская


Найбуйнейшая ў Нарвэгіі турма адкрылася ў 2010 годзе. Тут ёсьць уласная гукавая студыя, кулінарныя курсы, графіці працы знакамітага мастака Долка Лундгрэна на мурах унутранага двара і асобны дом для начлегу са сваякамі – усё гэта больш падобна на пансіянат.

У аховы тут няма ня толькі зброі, але нават кайданкоў, а вонкавыя сьцены аздобленыя цаглінамі для наданьня ім менш «казённага» выгляду. Пакоі, якія цяжка назваць камэрамі (кратаў на вокнах, да прыкладу, тут няма), нагадваюць, хутчэй, недарагія гатэлі (ўтульны дызайн турэмных памяшканьняў і тэрыторыі ствараўся з той мэтай, каб яны як мага менш адрозьніваліся ад паўсядзённага вонкавага сьвету).

Тым дзіўней, што пакараньне тут адбываюць зусім не адны толькі нядобрасумленныя адвакаты і падаткаплацельшчыкі, але і самыя што ні на ёсьць забойцы і гвалтаўнікі; яны нароўні з усімі запаўняюць анкеты, грунтуючыся на якіх турэмнае начальства складае пляны па паляпшэньні ўтрыманьня.

Justiz Zentrum Leoben (Аўстрыя)
Колькасьць зьняволеных: 205
Тып: мінімальная строгасьць; утрымліваюцца мужчыны, жанчыны і непаўналетнія.


Калі фатаграфіі ультрасучаснага Justiz Zentrum Leoben трапілі ў інтэрнэт, узьнікла гарачая дыскусія аб тым, ці можна зьмяшчаць злачынцаў у лепшыя ўмовы, чым маюцца ў многіх аўстрыйцаў, якія ніколі не траплялі ў турму.
У адказ на гэта дырэкцыя турмы выступіла з заявай, згодна зь якіой, пабудаваць будынак, адкуль нельга зьбегчы, вельмі проста, а вось зрабіць турму, дзе людзі маглі б заставацца людзьмі, значна складаней.

Для таго, каб людзі заставаліся людзьмі нават у зьняволеньні, тут і праўда створана ўсё неабходнае, пачынаючы з дызайну: комплекс пабудаваны знакамітым аўстрыйскім архітэктарам Джозэфам Хохэнзімам, і зьнешне, і ўнутрана ён нагадвае ўтульны карпаратыўны офіс.

Вокны зробленыя такім чынам, каб прапускаць найбольшую колькасьць дзённага сьвятла; мэбля афарбаваная ў сьветлыя тоны, а замест турэмнага дворыка – сад са сталамі для настольнага тэнісу. Зьнешняя сьцяна турмы абароненая самымі сучаснымі тэхналёгіямі, а ўнутры ўсё адкрыта настолькі, наколькі гэта ўвогуле магчыма, і зьняволеныя нават могуць бачыць маляўнічыя навакольныя краявіды.

Апроч стандартнага набору, кшталту спартовай залі і бібліятэкі, у распараджэньні мясцовых насельнікаў таксама ёсьць уласная кухня з пральнай машынай і нават конская фэрма. Аднак, зусім ужо дзікай празьмернасьцю прыхільнікам узмацненьня жорсткасьці пакараньняў здаюцца канцэрты, якія тут час ад часу даюць музыкі, што спачуваюць зьняволеным.

Зрэшты, нягледзячы на вялікую колькасьць жадаючых адседзець тэрмін менавіта тут, адбываюць ў Justiz Zentrum Leoben пакараньне толькі тыя злачынцы, чый тэрмін не перавышае 18 месяцаў.


Butner Federal Prison (Паўночная Караліна, ЗША)
Колькасьць зьняволеных: 3600
Тып: сярэдняя і мінімальная строгасьць, мужчынская.


Амэрыканская пэнітэнцыярная сыстэма лічыцца даволі рэпрэсіўнай і правакуе клясавую няроўнасьць: для «белых каўнерыкаў» тут робяцца паслабленьні, галоўным зь якіх варта лічыць фэдэральны выпраўленчы комплекс Butner.

У лік яго вядомых пастаяльцаў уваходзяць заснавальнік найбуйнейшай у гісторыі ЗША фінансавай піраміды Бернард Мэдофф; Джон Хінклі, які рабіў замах на Рональда Рэйгана, тэлевізійны эвангеліст Джым Бекер і кіраўнікі розных буйных кампаній.

За комплексам замацавалася мянушка «Каралеўская пэрліна фэдэральных турмаў», і зьнешне яго лёгка пераблытаць са студэнцкім кампусам, калі б не калючы дрот на платах.

Тут знаходзяцца лепшыя ва ўсёй фэдэральнай турэмнай сыстэме мэдычны і псыхалягічны комплексы, а таксама лепшая ў краіне праграма па рэабілітацыі нарказалежных. Таксама вядома, што ў сярэднім на харчаваньне аднаго зьняволенага вылучаецца 2,70 даляра на дзень, а ў камэры праведзена кабэльнае тэлебачаньне, у прыватнасьці, канал Discovery.

Апісаньне яшчэ пяці турмаў зь дзясяткі лепшых у сьвеце паводле вэрсіі Forbes чытайце ТУТ.
XS
SM
MD
LG