Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтная справаздача расейскіх назіральнікаў


Уладзімер Чураў

Уладзімер Чураў

Цэнтрвыбаркам засакрэціў ўражаньні расейскіх назіральнікаў ад выбараў прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта піша расейская газэта «Ведомости». Паводле выданьня ацэнкі гэтыя нэгатыўныя, але Масква вырашыла прызнаць вынікі галасаваньня.

Назіральнікі ад ЦВК Расеі на выбарах прэзыдэнта Беларусі пасьля вяртаньня на радзіму не падзяліліся ўражаньнямі аб тым, што ўбачылі, як гэта звычайна адбываецца. Даклады па выніках афіцыйных візытаў сябраў ЦВК або паездак з місіяй назіраньня (як правіла – пасьля пасяджэньняў камісіі, якія праходзяць публічна) сталі традыцыяй пасьля таго, як камісію ўзначаліў Уладзімер Чураў, які сам з задавальненьнем распавядае і паказвае свае фатаграфіі.

Назіральнікі ад АБСЭ прызналі прэзыдэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, неадпаведнымі стандартам АБСЭ. Назіральнікі ад СНД далі ім пазытыўную ацэнку. Прадстаўнікі ЦВК ўваходзілі і ў той і ў іншую місію. У агульнай колькасьці ад ЦВК у складзе розных дэлегацый было каля 60 чалавек.

Справаздача аб выніках назіраньня была спачатку адкладзеная да наступнага пасяджэньня камісіі (на пасяджэньні 23 сьнежня Чураў патлумачыў, што яго намесьніку Леаніду Іўлеў, які ўзначальваў дэлегацыю, трэба падрыхтавацца і абагульніць інфармацыю), а потым перанесены на студзень. «Мы старанна вывучым усе акалічнасьці, таму што для нас важная не палітычная заява", -- патлумачыў Чураў.

Але прэзыдэнту аб высновах назіральнікаў далажылі. Акрамя таго, як паведаміла «Российская газета», ўражаньнямі ад паездкі Іўлеў падзяліўся на закрытай сустрэчы з кіраўнікамі прэсавых службаў выбаркамаў. Ён адзначыў, што ў Беларусі «выбаркамы знаходзяцца пад выразным кантролем органаў выканаўчай улады», а многія рэчы беларускім заканадаўствам наогул не рэгулююцца – напрыклад, працэдура падліку галасоў падрабязна не рэглямэнтаваная, бюлетэні пасьля падліку складаюць у агульную кучу, а не раскладваюць асобнымі пачкамі, як ў Расеі.

На пытаньне «Ведомостей», ці будзе публічны даклад па выніках місіі назіраньня, Іўлеў адказаў, што пасьпеў ужо ўсё забыць. Сябра ЦВК Ігар Барысаў (ўваходзіў у склад місіі СНД) адзначае, што такія справаздачы не зьяўляюцца абавязковымі. «Мы займаліся кароткатэрміновай працай – непасрэдна за некалькі дзён да галасаваньня 19 сьнежня праехалі па ўчастках, паглядзелі арганізацыю работы, правядзеньне галасаваньня, падвядзеньне вынікаў. Місія прыйшла да высновы: фактаў, якія маглі б ставіць пад сумнеў атрыманы вынік, не выяўлена », – заявіў ён.

Падзеі, якія мелі месца да і пасьля, назіральнікі не ацэньвалі – у мандат місіі гэта не ўваходзіць, тлумачыць Барысаў, у адваротным выпадку можна пайсьці «вельмі далёка» і пачаць ацэньваць палітычную сыстэму і палітычны лад, аж да ацэнкі канстытуцыі, а «нацыянальную канстытуцыю іншай дзяржавы варта паважаць».

У адрозьненьні ад мінулых выбараў цяпер стаўленьне Масквы да Лукашэнкі не такое адназначнае, мяркуе беларускі палітоляг Валерый Карбалевіч. Мядзьведзеў павіншаваў Лукашэнку, але асьцярожна, і нават не з перамогай, а з вынікамі выбараў, а расейскія СМІ працягваюць крытыкаваць праблемы з дэмакратыяй у рэспубліцы. Адсюль і дзіўная пазыцыя расейскага ЦВК, лічыць суразмоўца «Ведомостей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG