Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз стомлены Ўсходам



У артыкуле пад такой назвай Gazeta Wyborcza аналізуе апошнія захады ЭЗ адносна Беларусі ў рэчышчы агульнай зьмены палітыкі Зьвязу адносна краін “Усходняга партнэрства”.

У дэбатах аб санкцыях Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі самае важнае - гэта не супраціў Італіі (здаецца, ужо пераадолены) альбо нежаданьне Літвы абыходзіцца з Аляксандрам Лукашэнкам занадта жорстка, а спакуса махнуць рукой на Беларусь і на ўвесь эўрапейскі праект «Усходняе партнэрства».

Краіны «Партнэрства», гэта значыць Армэнія, Азэрбайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна дрэнна спраўляюцца і з дэмакратызацыяй, і з эканамічнымі рэформамі. Гэта ўзмацняе аргумэнты праціўнікаў ўкараненьня заходніх каштоўнасьцяў на постсавецкай прасторы, якія не жадаюць таксама сварыцца з Расеяй.


расчараваньне ўсходнімі суседзямі


Ва «Ўсходняга партнэрства» - праграмы, якая прасоўвае, у прыватнасьці, правы чалавека, - сапраўды зьявіліся праблемы сутнаснага пляну. The Economist ў сваім рэйтынгу дэмакратый прызнаў Азэрбайджан нароўні з Беларусьсю аўтарытарнай краінай, а Армэнія і Грузія патрапілі ў катэгорыю гібрыдных рэжымаў, іншымі словамі сумесі недастатковай дэмакратыі з аўтарытарызмам.

Таксама, на думку АБСЭ, леташнія выбары ў Азербайджане не адпавядалі дэмакратычным стандартам (у прыватнасьці, з-за затрыманьняў журналістаў), а Армэніі працягваюць нагадваць прэзыдэнцкія выбары 2008 года (яшчэ да зьяўленьня праграмы «Партнэрства»). Тады мірныя дэманстрацыі перарасьлі ў сутыкненьні зь міліцыяй, у якіх загінулі 10 чалавек, а больш за сто маніфэстантаў апынуліся ў турмах.

Ужо амаль год эўрадэпутаты спрабуюць склікаць парлямэнцкую асамблею «Усходняга партнэрства» (Euronest), але існуе праблема з беларускімі дэлегатамі. «Яны былі абраныя недэмакратычным шляхам, таму яны павінны быць замененыя незалежнымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці», - тлумачаць адказныя за Euronest эўрадэпутаты. Быццам бы парлямэнт Азэрбайджану абраны дэмакратычным шляхам!

Калі некалькі месяцаў таму ў Брусэлі зьявіўся ліст кіраўнікоў пяці парлямэнтаў краін «Партнэрства», якія падтрымалі ўдзел беларускіх дэпутатаў у Euronest, гучалі нават вэрсіі, што Менск падрабіў іх подпісы. Так што ў імя абароны дэмакратыі Брусэль адклаў адкрыцьцё асамблеі, а на самой справе асьцерагаўся, што дэлегаты з Усходу прымуць рашэньне запрасіць людзей Лукашэнкі.


НЯМА ЗГОДЫ НАКОНТ УСХОДУ


Салідарнасьць удзельнікаў «Усходняга партнэрства» з Беларусьсю выкліканая рознымі прычынамі. Грузію Менск шантажуе тым, што прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, Малдову заваблівае эканамічнымі кантрактамі, а Армэнію пераконвае, што лепш не дазваляць чужынцам ўмешвацца ва ўнутраныя справы.

Больш сьветлымі пунктамі на мапе «Ўсходняга партнэрства» да нядаўняга часу лічыліся Кіеў і Тбілісі, але стала заўважна, што гэтыя краіны не пайшлі шляхам трансфармацыі Цэнтральнай Эўропы 1990-х гадоў. Нават на «аранжавай» Украіне 2005-2010 гадоў палітычны плюралізм не суправаджаўся эканамічнымі рэформамі і барацьбой з карупцыяй. У сваю чаргу Грузія паднімаецца ўверх у рэйтынгах эканамічнай канкурэнтаздольнасьці, але пагаршае паказчыкі ў пляне палітычных свабодаў (103 месца ў рэйтынгу індэкса дэмакратыі!).

Цьвёрда стаяць за дэмакратыю або дамаўляцца на Ўсходзе нават з дыктатарамі? Гарачыя спрэчкі вакол гэтага пытаньня разгараліся ў Брусэлі ўжо ў 2010 годзе, цяпер жа яно не выклікае моцных эмоцый. Адным бракуе запалу, іншыя не вераць у посьпех, а ёсьць і такія, хто проста не хоча падрываць пазыцыю Расеі ў краінах, якія ўваходзяць у «Партнэрства», і хто хацеў бы закрыць ЭЗ ад дыялёгу з Беларусьсю.

Пры гэтым прыхільнікі ўсіх згаданых пазыцый не адмаўляюцца цяпер ад ідэі візавых альбо эканамічных санкцый у дачыненьні да Менску. Аднак ні ў каго зь іх няма сілы або жаданьня займацца адначасова грантамі для беларускіх студэнтаў або падтрымкай незалежных палітыкаў, гэта значыць справамі, якія прасоўваюць пакуль толькі некалькі краін, у тым ліку і Польшча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG