Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗША гатовыя пайсьці на сур'ёзныя палітычныя і эканамічныя санкцыі”


На мінулым тыдні эўрапейскія вызначыліся са сваім стаўленьне да падзеяў у Беларусі – у Эўрапарлямэнце была прынятая адпаведная рэзалюцыя. Разам з тым Злучаныя Штаты Амэрыкі пакуль не аб'яўлялі пра якія-небудзь свае крокі ў дачыненьні да беларускага рэжыму. Пра магчымыя дзеяньні ЗША мы гутарым з нашым аглядальнікам Віталем Цыганковым.

Карэспандэнтка: Віталь, ці можна спрагназаваць, якімі могуць быць крокі ЗША у дачыненьне да афіцыйнага Менску?

Віталь Цыганкоў
: Варта нагадаць, што Вашынгтон заўсёды быў больш радыкальным і пасьлядоўным у сваіх крокаў у дачыненьні да беларускай улады. Урэшце, гэта можна патлумачыць у тым ліку, скажам так, арганізацыйнымі прычынамі – прымаць рашэньне Вашынгтону нашмат прасьцей, чым Эўразвязу, у які ўваходзяць многія краіны з рознымі інтарэсамі. Нагадаем, менавіта ЗША, у адрозьненьні ад Эўразьвязу, вырашыла ў свой час пайсьці эканамічныя санкцыі, забараніўшы амэрыканскім фірмам дачыненьні з канцэрнам Белнафтахім. Зь іншага боку, зноў такі. Зрабіць гэта амэрыканцаў нашмат прасьцей чым эўрапейцам, бо аб'ёмы гандлю паміж ЗША і Беларусьсю даволі невялікія. Заўважым таксама, што амэрыканска-беларускія палітычныя адносіны даўно ўжо знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні, у Менску, нагадаем, нават амэрыканская амбасада функцыянуе ў вельмі абмежаваным аб'ёме – беларускі бок не дае дазволу на вяртаньне ў Менск супрацоўнікаў амбасады. Так што з гэтага пункту гледжаньня, у адрозьненьні ад той самай Эўропы, беларуска-амэрыканскім дачыненьням асабліва няма чаго губляць.

Карэспандэнтка:
У гэтыя дні ў Менску знаходзіцца намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа. Мэта візыту — атрымаць з першых вуснаў інфармацыю аб сытуацыі ў Беларусі пасьля сілавых дзеяньняў 19 сьнежня. На працягу выхадных ён сустракаўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці падчас сустрэчы у асацыяцыі журналістаў ён заявіў, што мэтай санкцый у дачыненьні да Беларусі зьяўляюцца кропкавыя захады супраць чыноўнікаў, а не народа краіны.
Томас Меліа даў таксама зразумець, што ён мае намер данесьці да беларускага кіраўніцтва гэтую пазыцыю ЗША. На вашую думку, ці магчыма каб беларускія ўлады зрабілі нейкія кампрамісныя крокі ў сувязі з гэтай паездкай?

Цыганкоў: Ня думаю. Па-першае, выглядае так, што беларускія ўлады ўпарта трымаюцца сваёй лініі паводзінаў у дачыненьні да затрыманых 19 верасьня. Я б сказаў так, што разуменьне таго, "ой, што мы нарабілі", магчыма, ужо прыйшло, але няма рашучасьці і разуменьня наконт таго, як гэта ўсё магчыма выправіць. Па-другое, як я ўжо казаў, калі зь кім і будзе Менск разыгрываць нейкія камбінацыі, дык гэта Эўразьвяз, а не ЗША.

Калі ж сапраўды прагназаваць, якія крокі прадпрымуць ЗША, можна адназначна сказаць, што калі беларускія ўлады ня выпусьцяць палітычных зьняволеных, то ЗША як мінімум перакрыюць усе магчымыя каналы макрафінансавай дапамогі, а гэта найперш МВФ, дзе голас ЗША вырашальны.

Што да больш радыкальных крокаў, то тут ЗША заклікаюць Эўразьвяз пайсьці на сумесныя крокі разам з Эўразьвязам. Я нагадаю пра ліст шасьці ўплывовых амэрыканскіх сэнатараў вярхоўнай прадстаўніцы ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу Кэтрын Эштан, у якім яны прапануюць Эўразьвяз далучыцца да амэрыканскіх санкцыяў супраць “Белнафтахіму”. Не ўпэўнены, што Эўразьвяз на гэта пойдзе, але незалежна ад рашэньня Брусэлю, ЗША, на маю думку, гатовыя пайсьці на самыя сур'ёзныя палітычныя і эканамічныя санкцыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG